А потым, канечне, ля-ля-ля, дзе служыў, агульныя знаёмыя, а потым у рэстаранчык, пакуначак чырвонай сухой рыбкі з армянскім каньяком, так сказаць, прэзент ад вайскоўцаў з Далёкага Усходу, «хоць край далёкі, але нашынскі». Трэба сказаць, у той момант БВА пераўвасаблялася ў Міністэрства Абароны і патрэба ў тутэйшым чынавенстве была вялізарная. Некага трэба было тэрмінова рабіць міністрам абароны, і гэта павінен быў быць мясцовы па нараджэнні афіцэр і, у сваю чаргу, па выхаванні адданы Вялікай дзяржаве. Новаму міністру трэба было зрабіць толькі адно: не даць стыхійна раскрасьці ўсю вайсковую маёмасьць. Начальнік вайсковых кадраў Цвёрдалобаў рабіў неверагодныя высілкі, шукаючы гэткую асобу. Нетутэйшыя вайскоўцы ўсе як адзін зрабіліся надзвычай зладзеяватыя, з’язжаючы з сваіх кватэр на месца жыхарства ў Расею, гэтыя афіцэры адбівалі нават кафлю на кухні і, дзе толькі можна, здымалі дзверы і выдзіралі ванны… Дзівакі! Нават сцібрыць нічога не здолелі па-сапраўднаму каштоўнае! Да прыкладу, які—небудзь стратэгічны бамбавік ці найноўшую сыстэму электронай аховы паветранай прасторы…. А тутэйшыя афіцэры здуру ў гэты момант якраз правялі шэсце па праспекце Францішка Скарыны, да смерці перапудзіўшы ўсіх нетутэйшых і нават тых вайскоўцаў-генералаў, што сядзелі далёка і высока ў самой Маскве. Імгненна па загаду з самага верху беларускім «самасційнікам» было праведзена кесарава сячэнне, ад гэткай паразы яны аслупянелі і да сённяшняга часу знаходзяцца ў здранцвелым стане.
Ну, канечне, Банапарт быў вялікі чалавек! А цяперашнія, ох-хо-хо-хе, гэтыя банапарцікі ды тухачэўскія, далёка ім да разумення сучасных палітычных варункаў. Вялікія часы нараджалі вялікіх людзей і, што крыўдна, потым дробныя, шараговыя, аніякія людцы з наступных пакаленняў пачыналі даваць гістарычную адзнаку грамадскім волатам мінулага.
…У гэты вызначальны пераломны момант, калі амбітныя мужчыны рабілі і робяць шалёную кар’еру, Віця Мухабой, не разабраўшыся ў сапраўднай дыспазыцыі, сунуўся ў адзел кадраў міністэрства абароны, і ўсё ў яго было на мазі: і ласось сушаны падрыхтаваны, і рэстарацыя вызначаная. І палкоўнік Цвёрдалобаў, начальнік кадраў БВА, прабачце Міністэрства Абароны, з надзеяй узрадавана ўзняў на яго свой змучаны позірк, (у яго загарэліся вочы, як толькі ён уявіў, як у Маскве ў Генеральным Штабе ягоныя калегі будуць рагатаць ад прозвішча міністра абароны суверэнай дзяржавы: «Виктор Мухабой! Победитель мух! Ха, ха, ха… Кадровик Твёрдолобов на сваём месте!») . Яшчэ крыху – і Віця быў бы генералам, адну грамульку розуму, міліметар да поспеху… Не хапіла якраз гэтай грамулькі, далажыўся вайсковец не так, як трэба:
– Падпалкоўнік Мухабой, жадаю ўдзельнічаць у будаўніцтве беларускай суверэннай арміі… – І далей панёс розную тутэйшую лабуду, што наслухаўся, швэндаючыся па праспекце ад мясцовых пасіянарных прыдуркаў…
Яму, канечне, паабяцалі ў міністэрстве, узялі як быццам на ўлік, далікатна так паціснулі руку, але ў рэстарацыю не паехалі і рыбку не ўзялі, а потым, канечне, паставілі патрэбны маркер у патрэбным месцы ў сваіх спісах, які сьведчыў, што гэны расейскі афіцер атручаны мясцовым сепаратызмам…
Думкі падпалкоўніка запасу перапыніла жонка Ядзя Сікорская, якая з журбой і цікаўнасцю дзівілася ў люстэрку сваёй паставай у новай, колеру чорнаморскай хвалі, сукенцы, стрункай, моцнай, з хвалюючымі абрысамі, такой цудоўна вытанчанай, ад якой мужчыны спачатку дранцьвелі, а потым з натхненнем торылі новыя жыццёвыя накірункі, – зараз нечакана запярэчыла:
– Ведаеш, мілы, а чаго я папруся на гэтую сустрэчу з тваім спартыўным дублёрам – генералам? Што я, генералаў не бачыла? І што гэта за чын такі – брыгадны генерал? Ён што, кіргіз ці чачэн?
Заўвага была слушная, і Віктар Мухабой пагадзіўся з жонкай Ядзяй Сікорскай. (У свой час будучая жонка па дамоўленасьці з жаніхом захавала сваё шляхецкае прозвішча.) Сапраўды, генерал на самай справе нейкі несапраўдны, «не настаяшчы». Ні ў братняй Расеі, ні ў Беларусі, ды, мабыць, і ва Украйне не было такіх чыноў. І ўсе астатнія генералы з іншых пастсавецкіх рэспублік, па цвёрдым меркаванні падпалкоўніка, былі «не настаяшчымі». Так, бутафорскія арміі з бутафорскімі генераламі.» Усё роўна, калі што, ваяваць прыйдзецца нам, славянам» – цвяроза і рэалістычна думаў ён.
Зараз ён нечакана прамовіў словы, робячы прафілактычную прамыўку жончынай сьвядомасьці:
– Тут да мяне дайшлі звесткі з нашай ветэранскай контравыведкі, што з цябе вачэй не зводзіць тутэйшы валацуга, нехта Толік Шмокін, – падпалкоўнік знарок скрывіў прозвішча Шмонава і засяроджана паглядзеў на жонку. – Ён табе ўжо зрабіў прапанову аб сустрэчы? Сёння, дарэчы, якраз самы спрыяльны момант для адультэру.
Читать дальше