І прыцішана дадаў, робячы таямніцу з вядомай ўсім месцічам ганебнай падзеі для некалі вялікай дзяржавы:
– Ён нядаўна прыехаў з Поўдня. Сам ведаеш, адтуль, дзе цяпер грукоча вайна. – І ваенкам паклаў слухаўку.
Стах Бахановіч у свой час тусаваўся запасным ў гарадской юнацкай футбольнай камандзе, што была кумірам тутэйшай маладзёвай тарсіды і дзе гульцом асновы быў паўабаронца Віктар Мухабой. Цяпер ён з цяжкасцю ўспамінаў нічым не прыкметнага хлапчука, што хваравіта ёрзаў на лаве запасных, не выязджаў на гульні ў другія гарады, нават не меў спартовай формы і буцаў. З недаверам Віктар змрочна асэнсоўваў атрыманае паведамленне, як і дзе ягоны шараговы зямляк здолеў, ня маючы аніякай вайсковай адукацыіі, атрымаць генеральскі чын.
Збіраючыся на гэтую важную сустрэчу, падпалкоўнік запасу Віктор Мухабой задумліва разглядаў сябе ў люстэрку, свой пукаты жывот, абцягнуты сінім казачым мундзірам з палкоўніцкімі пагонамі, потым у скрусе запытаў сваю прыгожую жонку, яна была маладзей за яго на дзесяць год:
– Ядзя, – сказаў ён, рашуча ўперыўшы позірк у свой ужо немалады азызлы твар у люстэрку, – Ядзя, на каго я зараз больш усяго падобны: на пердуна ці на паўпердуна? [2] «Пярдун і напаловупярдун» – мянушкі перасанажаў з рамана Яраслава Гашака «Бравы салдат Швейк».
– На паўпердуна, – упэўнена адказала Ядвіга, паглядаючы сваімі сінімі вачыма на маладым свежым твары саракагадовай жанчыны, у глыбіні якога хавалася журба. На мінулым тыдні супрацоўнік педагагічнай ўстановы, дзе яна працавала, малады і рухавы Анатоль Шмонаў, трэнер па плаванні ў гарадскім басейне, сарамліва чырванеючы, прапанаваў ёй усталяваць больш блізкія стасункі і запрасіў яе на таемнае спатканне на будучым тыдні, якраз сённяшнім днём.
«Вы мяне хвалюеце, Ядвіга. Давайце ўтворым больш блізкія дачыненні!» – мужна і ўзрушана казаў малады мужчына, уперыўшы ў яе напяты, крыху нахабны і юрлівы позірк. У думках, напэўна, ён прамаўляў больш мякка і здалёк. «Усё некалі праміне… і што нам марнаваць свае жаданні?»
Зараз Ядзя асэнсоўвала гэтую прапанову, якая чамусьці моцна ўзрушыла яе ўяўленне. Напэўна, ёй мроілася, як дасціпны малады мужчына, палка і ўсхвалявана закаханы ў яе, будзе заляцацца, а потым абдымаць яе, лашчыць і нарэшце яны… Не! Навошта ёй гэты местачковы забруджаны басейн бурлівых пачуццяў, аб якіх мрояць звычайныя жанчыны? Яна заўсёды марыла ў глыбіні сваёй душы аб акіяне, аб штармах, аб той свабодзе і чысціні, што дае акіян… Не! Яна і цяпер яшчэ мроіць – аб акіяне, дзе яны ўдваіх будуць імчаць пад посвіст свежага ветру ў ветразях, і вялізарныя хвалі падкідваюць іхнюю яхту-карвет на ўзгорках і цяснінах акіяна… Тады навошта ёй гэты малады правінцыйны шпак? [3] «Шпак» – (цывільны мужчына) згодна жаргону рускіх вайскоўцаў па раману Купрына «Паядынак».
Падпалкоўнік запасу Віктар Мухабой, як амаль кожны савецкі афіцер, таксама меў свае мары, ён некалі імкнуўся дасягнуць чыну генерала. У юнацтве ён іншы раз уяўляў, як прыедзе ў свой маленькі местачковы гарадок над Дняпром у генеральскім мундзіры з ад’ютантам-афіцэрам на шыкоўнай «Волзе», і сам гаспадар горада і раёна, які-небудзь тамтэйшы Сяргей Уладзіміравіч Кучынскі, наладзіць сустрэчу тутэйшай грамадскасьці з яго генеральскай асобай. І сябры дзяцінства, юнацтва, маладосьці… адны будуць ганарыцца, іншыя – зайздросціць … Цудоўна быць генералам, нават занюханым генерал-маёрам…, а калі генерал-лейтэнантам… Ба-ба-ба… У гэты момант у падпалкоўніка запасу Віктара Мухабоя закруцілася ў вачох і ён чуць не бразнуўся на падлогу. Па праўдзе кажучы, як амаль кожны чалавек, Віця Мухабой меў у жыцці адну пэўную магчымасьць спраўдзіць сваю мару. (Божа мой, колькі магчымасцяў прамінае кожны шараговы чалавек!) У той час калі Вялікі Саюз нечакана пачаў бурыцца і савецкае афіцэрства не ведала, што рабіць і куды кінуцца, ён прыехаў з далёкага Улан-Удэ, дзе нёс службу, на вакацыі ў свой старажытны Стары Быхаў над Дняпром. Потым выпадкова паехаў у Менск да сваяка ў госці. Папіўшы з шваграм піўка з сушанай чырвонай рыбай, ён пашвэндаўся па сталіцы і нечакана змікіціў, што жыць у гэтым еўрапейскім культурным месцы з талерантнымі і памяркоўнымі грамадзянамі было б добрым завяршэннем ягонай вайсковай кар’еры. У той час паветра беларускай сталіцы, як і ўсёй постсавецкай прасторы, было прасякнута свабодай. Пасіянарныя тубыльцы, начапіўшы бел-чырвона-белыя значкі, з гонарам спраўджвалі сваё гістарычнае жаданне самавызначацца і ўсюды торкалі сваю тутэйшую мову. Падпалкоўнік Віця Мухабой быў далёкі ад сучаснай палітыкі, выхоўваўся ў савецкім гледзішчы, гэта значыць, падпарадкоўваўся Загаду. «Загад! Выкананне загаду – святая рэч у вайсковай справе!» У вызначальны час, час «разбурэння і ператусоўкі» – які бывае толькі адзін раз у жыцці – усё шматлікае савецкае афіцэрства, не атрымаўшы «Загаду», разгубілася, і кожны самастойна пачаў выплываць у жыцці. Ахова Вялікай дзяржавы такім чынам, без вышэйстаячага «Загаду», на той момант зрабілася немагчымай справай. І вось у гэты лёсавызначальны час Віктар Мухабой зрабіў малюпасенькую памылку, ну проста цьфу, драбяза, цьфу, цьфу… Маленькую, але вызначальную памылку! А як блізка быў да генерала! Ба! Ба! Тады ён рушыў у тутэйшае міністэрства абароны – рашучы, цвярозы крок на той момант – і звярнуўся ў аддзел кадраў – замест таго, каб прамовіць: – «Подполковник Виктор Мухобой. Прибыл в ваше распоряжение, товарищ полковник, с Улан-Удэ. К сожалению, языком не владею, но есть желание служить в Западном военном округе. Прошу прощения, в БВО».
Читать дальше