Бадаеў і ягоныя аксакалы з павагай зірнулі на брыгаднага генерала. Той глынуў з кубачка зялёнай гарбаты і змрочна дадаў:
– А падзеі? Падзеі пойдуць, як ішлі 150 год назад…
Узняўшыся на новую камандную вышыню, Стах пачаў трымацца адпаведна, як генерал. Той-сёй з блізкіх сяброў выказаў яму сваю крыўду, нібыта ён адрываецца ад грамады. На што ён цьвёрда запярэчыў амбітнаму суразмоўцу, нетутэйшаму Руслану з Тамбова:
– Калі я стаў генералам, то і павінен трымацца як генерал. Інакш суседзі, тутэйшыя аксакалы і кунакі, не зразумеюць. Страціць генеральскі аўтарытэт – азначае страціць усё: будоўлі, заробкі, нафтавыя свідравіны…
Патлумачыўшы свае паводзіны, ён зразумеў, што трэба мацаваць шляхі адыходу, бо шараговыя кацапы не любяць узвышэння сваіх нядаўніх дружбакоў…
Калі б Стах Бахановіч быў сапраўдным ваяром ад нараджэння ці ня меў уласнага розуму, то, напэўна, ён паклаў бы сваю галаву ў паўднёвай правінцыі імперыіі, як паклалі ўсе чабаны-генералы. Але ён быў досыць памяркоўным ліцвінам, які іншы раз выдаваў сябе за хітруна, будучы на самай справе проста разумным чалавекам. Таму калі ў паўднёвым рэгіёне быў мір, ён будаваў дамы, катэджы, лёхі, а ў вольны ад працы час, па даручэнні Бадаева, ездзіў па селішчах, казаў грозныя прамовы, хітаў пальцам на поўнач, іншы раз даваў чаргу з аўтамата ў спякотнае неба і, гаркнуўшы на развітанне «Но пасаран! [8] Но пасаран (ісп.) – «Яны не пройдуць!» – гераічны вокліч гішпанскіх рэвалюцыянераў у барацьбе з франкістамі пад час грамадзянскай вайны 1937 годзе.
» адязджаў з сваімі барадачамі ў новае селішча.
Але ледзь загулі рухавікі магутных вайсковых злучэнняў пад кіраўніцтвам тады знакамітага Пашкі-мерсэдэса, [9] Пашка-мерсэдэс – мянушка расейскага міністра абароны Паўла Грачова..
і дасведчаны брыгадны генерал зразумеў: прыйшоў час «Х». Літаральна адразу ён імітаваў кіпучую дзейнасьць, накіраваў усіх тутэйшых наглядчыкаў, віжоў у розныя кірункі, нібыта для атрымання загадаў мясцовых чабаноў-генералаў, а потым сам таемна сабраў нетутэйшых брыгадзіраў, сяброў і ўсіх тых, з кім даўно працаваў, і абвесціў:
– Мабыць, шаноўнае спадарства, прыйшоў час нам рухацца да родных хат. Пашка-мерсэдэс перайшоў мяжу. Як двое распачынаюць бойку, трэці павінен даваць цягу. Кожны з вас няхай сам выбера свой шлях!
Праз дзесяць хвілін ягонае будаўнічае войска, пакідаўшы ў кодабы самаходаў даўно падрыхтаваныя заплечнікі, хатулі і валізы з назапашаным дабром, і пахаваўшы замежныя грошы ў патаемныя кішэні, калготкі і барсеткі, пасела на камазы, арбоны і паімчалі спачатку ў бок Каспія, а потым нечакана павярнулі на поўдзень, да грузінскай ці то азербайджанскай мяжы.
Справа была ноччу – і халера яго ведае, чыя там была мяжа – дзе, склаўшы зброю ў кучу, ужо як мірныя грамадзяне і вандроўнікі, зьбіраліся ехаць у тамтэйшы аэрапорт, каб выкупіць забраніраваныя квіткі і чакаць загрузкі на замежныя летакі і боінгі.
Ледзь толькі сонца знізу дакранулася да небакраю, прынёсшы людзям новы дзень, як генерал-маёр Бадаеў даведаўся, што брыгадны генерал Бахановіч зліняў з сваёй хеўрай, і спачатку вельмі ўзлаваўся, злосна крычаў на сваіх віжоў і шпегаў:
– Шайтан!…Ох, блін, шайтан!… – Потым, астудзіўшы свой палкі каўказскі тэмперамент, у скрусе, але з павагай і здзіўленнем зазначыў: – Но какой блестяшчий манёвр! Настояшчий был бы генерал! Шайтан его заберы!
Тут яму перадалі тэлеграму з борта летака «Тбілісі – Львоў» ад генерала Бахановіча. «Як я кумекаю. Зпт. Нам трэба дадому. Тчк. Так будзе лепш усім! Тчк. Прараб Бахановіч. Тчк.»
Бадаеў ізноў хацеў узлавацца і разжалаваць брыгаднага генерала, але потым перадумаў. Прараб шкоды яму не нарабіў, трымаў сваё будаўнічае войска за ўласны кошт, напоўніцу дзяліўся прыбыткам ад нафтавых свідравін, браў ад яго толькі камандыровачныя на мітынгі пры выездах у селішчы. Таму хітрун-генерал прадыктаваў на борт боінга нібыта шчырую і разам з тым небяспечную тэлеграму ў адказ, дадаўшы клопату дэшыфравальшчыкам расейскай контрвыведкі: «Брыгадному генералу Бахановічу. Тчк. Вы ўзнагароджаны высокім дзяржаўным ордэнам суверэннай рэспублікі. Тчк. Жадаю поспеху. Тчк. Щаслівага путі. Тчк. Генерал Бадаев. Тчк.»
І хітра ўсміхнуўся сваім думкам, як спрытна ён замуціў падзеі для стратэгаў з расейскага генштаба. «Няхай цяпер думаюць, мяркуюць, аналізуюць, прыдумляюць… Хаця страціць такога кемлівага і разваротлівага прараба шкада. Зарабіў ён на будоўлі і нафтавых свідравінах някепска, але цяпер, шайтан, палічыў за лепшае зліняць…»
Читать дальше