1 ...6 7 8 10 11 12 ...23 …Урэшце, кінуць сепаратысцкі генеральскі мундзір і штаны з лампасамі ў вогнішча было данінай, ахвярападнашэннем той імперскай моцы, што працягвала жорстка дзейнічаць на постсавецкай тэрыторыіі…
Нечакана Стах Бахановіч зразумеў усю хібу свайго яшчэ не зробленага кроку… Ён паварушыў плячамі, нібы азябнуў ад свежага халаднаватага горнага ранку, і павольна апрануў генеральскі мундзір.
Ён азірнуў роўныя шэрагі брыгады і зычна абвесціў:
– Схілім галовы і памолімся за нашых братоў, што праліваюць сваю кроў за хрыбтамі Паўночнага Каўказа.
І брыгадны генерал Бахановіч, а за ім ўся брыгада, укленчылі на адно калена і схілілі галовы перад мужнасцю тых, хто зараз, там, за каўказскімі хрыбтамі, клалі свае жыцці.
Пасля гэтага стыхійна ўзніклага памінальнага мітынгу, калі брыгада маўкліва пачала загружацца ў камазы і арбоны, Бахановіч стрымана сказаў даўно знаёмаму афіцэру грузінскай памежнай аховы:
– Прабач, Вахтанг, мы складзем зброю ў Тбілісі, да якога нам яшчэ трэба дабрацца. А вайсковую вопратку пакінем сабе на памяць.
Бахановіч забраў у грузінскага афіцэра Вахтанга шчодра праплочаны глейт [11] Глейт – (ахоўная грамата ў ВКЛ), дазвол на праезд па пэўнай тэрыторыі.
і, развітваючыся, прыклаў далонь да генеральскай пілоткі. Камандзір памежнага атрада, задаволены, з павагай паціснуў працягнутую яму руку. Ён разумеў генерала: каўказскія мачо маглі пераняць раззброеную брыгаду па дарозе і абрабаваць да ніткі. Каўказ прызнаваў сілу і паважаў мужнасьць.
Вясной, адпачыўшы ў Трускаўцы на Львоўшчыне і распіхаўшы па розных украінскіх і замежных банках заробленыя на поўдні сціплыя па цяперашнім часе капіталы, Стах Бахановіч на радаўніцу нарэшце прыехаў у родны горад на Дняпры з сваімі падначаленымі: людзьмі ветлівымі, але з надзвычай мужнымі і рашучымі тварамі, прыстойна апранутых у цывільную вопратку.
Вестка аб тым, што ўчора ў горад прыехаў Стах Бахановіч з Каўказа, дзе грукоча вайна і дзе ён «нібыта стаў генералам», з раніцы абегла горад, і месцічы нецярпліва чакалі, калі зямляк выйдзе з дому. Шматлікія мінакі ўжо ў першай палове дня тусаваліся каля хаты бацькоў Бахановіча на Пралетарскай.
У гэты дзень зранку ён паехаў да будынку тутэйшай улады і перш пайшоў да старшыні райвыканкама Івана Раманавіча Мандрыка. Той, убачыўшы загарэлага Стаха ў светлым касцюме з фіялетавым гальштукам на блакітнай кашулі, густоўна пастрыжанага, з пахам замежнай парфумы, з прысутным яму мужным аблічам, узняўся з-за стала насустрач.
– Прывітанне табе, шаноўны гаспадар раёна! Паважаны Ян Раманавіч! – на каўказскі манер ветліва і разам з тым цвёрда загаварыў Бахановіч. – Прыемна цябе бачыць у крэсле галавы горада і раёна! Добрыя ў нас з табой былі настаўнікі.
– У сваю чаргу, вітаю цябе, Стах! Шчыра вітаю! – Гаспадар раёна звыкла азначыў на сваім твары узнёсласьць, нават радасьць, і стрымана выказваў павагу госцю. Іван Раманавіч быў, як кожны беларус асцярожным, недаверлівым, і ведаў, што трэба кожны свой крок узважваць і даводзіць, тым, хто сядзіць вышэй. Ён адчуваў няўпэўненасьць, бо не разумеў, як сябе паводзіць.
«Хто ён такі? Адкуль узяўся гэты амбітны чалавек у такі складаны і небяспечны гістарычны час? Хто ён цяпер? Адкуль набыў гэткую самаўпэўненасьць і валадарнасьць? Зрабіць Стаху самую найлепшую сустрэчу з працаўнікамі горада і раёна, а потым частаваць ў тутэйшым рэстаране «Днепр»? Ці даць загад, каб гэтага каўказскага бандзюка тэрмінова арыштавалі разам з ягонай хеўрай?»
Таму Іван Раманавіч Мандрык схітрыў:
– Прабач, дружа, тэрмінова выклікаюць на селектарнае паседжанне. Давай сустрэнемся пазьней.
– Пазьней, дык пазьней, Ян. Запрашаю цябе на 18.00 на вечарыну ў вузкім коле сваіх людзей. А покуль прымі ад мяне невялікі прэзент, ад сяброў-будаўнікоў, што мацавалі мір на перадавых межах далёкіх краёў.
І ўручыў старшыні райвыканкама Мандрыку літы залаты рог і паглядную кардонную скрынку з паўтузінам пляшак дагестанскага каньяку.
Бахановіч адкланяўся і нетаропка пайшоў па горадзе пехам: яму было цікава паглядзець на горад, у якім ён нарадзіўся, дзе прайшло яго дзяцінства і юнацтва. Насустрач па зялёнай, квітучай каштанамі вуліцы імя канцлера Сапегі ішлі месцічы, іншы раз сустракаліся знаёмыя, яны віталіся з ім, але некалькі добра вядомых яму людзей, здалёк убачыўшы яго, хутка перайшлі на другі бок, каб не здароўкацца. У думках ён падзякаваў ім за гэта, бо тым самым яны папярэдзілі яго, як ставіцца тутэйшая ўлада да яго асобы. Бахановіч зразумеў, што Ян Мандрык на вечарыну не прыедзе, і, мабыць, да яго прышлюць нейкага наглядальніка з былых сяброў ці знаёмых. Значыць, пэўныя колы ведаюць пра яго і цяпер зьбіраюць звесткі, каб потым там, на версе, вызначыць, што з ім рабіць.
Читать дальше