– Зваць вас як? – пацікавіўся выкладчык Мацкевіч, пажадаў здароўя і выпіў.
Хлопцы прадставіліся. Пачалі размову. Ні пра што. Спачатку даволі напружана і абачліва – прыглядаліся да нечаканага суразмоўцы. Але выкладчык Пётра Мацкевіч размову іх раз-пораз падтрымліваў, гаварыў далікатна, хоць калі-нікалі змаўкаў і думаў пра нешта сваё. Ніхто не звяртаў на іх увагі. Урэшце, у скверы часта выпівалі, і не толькі студэнты.
Неўзабаве выкладчык Мацкевіч падняўся з лаўкі, падзякаваў і сказаў, што яму варта дадому.
– А вам у які бок? – спытаў няўрымслівы і ўсюдыісны студэнт Іосіф Зялёнка.
– Уніз па Паркавай.
– Дык і нам туды ж.
– У інтэрнат? Я вас правільна зразумеў?
– Так.
– Хадземце. Разам і мне будзе весялей, – сказаў выкладчык Мацкевіч.
Каля ГУМа завярнулі направа і пайшлі ўніз. Студэнт Ігнат Мазур хацеў было развітацца і пакінуць кампанію, але Іосіф Зялёнка быццам здагадаўся і прашаптаў яму на вуха:
– Плюнь на «госці». У цябе яшчэ віно ў сумцы, і ў нас дзве пляшкі засталіся – дык, можа, працягнем. Бачыш, Антоныч – свой чалавек. А мы яшчэ і ў гастраном забяжым па дарозе.
Дарогай размаўлялі хіба што адны хлопцы. Выкладчык Пётра Мацкевіч зноў стаў задуменны і больш маўчаў.
Калі падышлі да інтэрната, студэнт Ваня Гужын нечакана звярнуўся да таго з прапановай.
– Можа, завітаеце да нас, Пётр Антонавіч? У нас на паверсе цяпер спакойна, большасць на занятках.
Выкладчык Пётр Мацкевіч выслухаў таго, падумаў і згодна кіўнуў.
– Толькі вы, хлопцы, асабліва наш пікнік не афішуйце, – папрасіў ён.
* * *
Размясціліся ў пакойчыку, дзе жылі студэнты Гужын і Зялёнка. Паставілі на столік віно, тое-сёе са сціплай закускі. Прыадчынілі акно, а дзверы, наадварот, зачынілі, каб ніхто лішні не заходзіў.
Выпівалі і гаманілі да цемнаты. Выкладчык Пётра Мацкевіч слухаў, зрэдку сам задаваў хлопцам пытанні. Пра сябе скупа расказаў, што калісьці вучыўся ў інстытуце, абараніў кандыдацкую, але пачаў пісаць п’есы, працаваў літаратурным агентам у тэатры, выступаў і на сцэне як акцёр.
– А вашы п’есы – ідуць? – зацікавіўся студэнт Ігнат Мазур.
– Адну прынялі, далі тры спектаклі, а потым знялі, – шчыра адказаў выкладчык Пётра Мацкевіч.
– Чаму? – прадказальна запытаўся студэнт Іосіф Зялёнка.
– Значыць, не зусім у масць трапіла, – не стаў паглыбляцца выкладчык Пётра Мацкевіч.
Ён падняўся і пачаў было развітвацца, але студэнт Ваня Гужын выцягнуў з кішэні ключ, патлумачыў, што гэта ключ ад пустога інтэрнацкага пакоя, і што лепш будзе, калі паважаны Пётр Антонавіч пераначуе ў тым пакойчыку, дзе яго ніхто не патурбуе да раніцы. Бо хадзіць у цемры небяспечна.
– Ну што ж, ёсць рацыя.
Выкладчык Мацкевіч спусціўся на першы паверх да вахты, дзе вісеў тэлефон-аўтамат, і пазваніў, а потым вярнуўся.
– Папярэдзіў жонку. Каб не хвалявалася, – сказаў ён.
Гаварылі яшчэ доўга. Пра Чэхаславакію, тэатр, акцёрскае майстэрства, дайшло і да палітэканоміі. Высвятлялі, хто больш дасведчаны: Маркс, Прудон, Сміт ці Рыкарда.
Выкладчык Пётра Мацкевіч у размову амаль не ўступаў, запаліў цыгарэту, зноў задумаўся. Але раптам нібы ачуняў і спытаў у Ігната Мазура:
– Ну, а вы, Ігнат, чаму маўчыце?
Студэнт Ігнат Мазур зморшчыўся нібы ад зубнога болю.
– Калі шчыра, то я амаль не ўспрымаю гэты навуковы спектр, – неяк з выклікам і каструбавата адказаў ён пасля паўзы. – Ну, вось што гэта за дадатковая вартасць, чаму яна тычыцца вартасці створанага тавару і ўсялякага там «капіталу», я не магу ўявіць. Пэўна, недахоп мыслення. Абстрагавання, аналітычнасці, аналізу мне бракуе. Дый нецікава мне гэта. Мутняк.
Паўза.
Выкладчык Пётра Мацкевіч усміхнуўся.
– Ды няма ніякай дадатковай вартасці, – у запанавалай цішыні раптам абвясціў ён. – Гэта ўсё – лухта. Ёсць энергія зоркі – нашага сонца, вось і ўся першапрычына.
Выкладчыка Пётру Мацкевіча адвялі ў пусты пакойчык і паклалі спаць. Прадбачлівы Іосіф Зялёнка выявіў апошнюю бутэльку віна, якую забараніў цяпер дапіваць, патлумачыўшы: варта гэта зрабіць раніцай, тым больш, што ў іх госць, якому неабходна будзе пахмяліцца, каб пайсці ад іх з лёгкім сэрцам.
* * *
Спаць яшчэ не выпадала, і студэнт Ігнат Мазур вырашыў пайсці да Юлі Мараковай. Але пакой паверхам вышэй, дзе жыла сяброўка, быў замкнёны, і ён, пасля роздуму, пагрукаў у суседнія дзверы, каб спытаць, дзе ўсе падзяваліся.
– Адчынена! – пачулася адтуль.
Студэнт Ігнат Мазур зайшоў у пакой. На ложку, падкурчыўшы смуглявыя ногі, сядзела Святлана Конкіна і паліла. Дзяўчына была ў паркалёвым нясвежым халаціку, цёмныя кароткія валасы яе неахайна тапырыліся, і ўвогуле галаву ёй не перашкодзіла б памыць, прамільгнула рызыкоўная думка ў Ігната Мазура, затое круглы твар з ледзь прыкметнымі прышчынкамі – набелены чымсьці з жаночай парфумы – нагадваў маску. Дзяўчына была адна ў пакоі, бо два суседнія, акуратна запраўленыя ложкі, пуставалі.
Читать дальше