Варта адразу адзначыць, што курс быў неаднародны, несяброўскі. Многія студэнты – слабападрыхтаваныя, з заніжаным інтэлектам, як кажуць, ад зямлі, але яны бралі хітрасцю, выкрутлівасцю і ўседлівасцю. Некаторыя адслужылі армію, былі сярод іх і партыйныя.
Высокі, пад сто дзевяноста, спартыўнага целаскладу, начытаны Ігнат Мазур, магчыма, неяк і вылучаўся сярод аднакурснікаў. Вось толькі калі мець на ўвазе класічны выраз «бедны студэнт» – то ён належаў якраз да такіх. Падтрымкі ад маці амаль не было, нават ложку ў інтэрнаце яму спачатку не знайшлося, і ён начаваў у выпадковых месцах: у асноўным у інтэрнаце, дзе пражывала Аня Балтас. Па вечарах іншым разам гуляў з ёй там у пінг-понг. Стол для малога тэнісу стаяў у нішы на адным з паверхаў. Часам стол прыбіралі і арганізоўваліся танцы. Потым абодва прасіліся ў каменданта пазычыць ключ ад пустога пакойчыка – такі пакойчык заўсёды знаходзіўся, як ён ведаў, у любым інтэрнаце. Каменданту, адносна маладому былому міліцыянту, ён раз-пораз ахвяраваў бутэльку гарэлкі. Неабходны хабар.
Так ішоў час. Урэшце студэнт Ігнат Мазур неяк здаў неабходныя прадметы на новым факультэце і нават атрымаў стыпендыю і месца ў старым інтэрнаце непадалёку ад цэнтра горада.
Непазбежна ішло да таго, каб застацца на ноч у падобным пустым пакойчыку (такі аказаўся і на новым месцы) і з Юляй Мараковай. Перадусім пілі з ёй таннае сухое віно, шмат палілі і размаўлялі. Тут, у больш-менш знаёмым яму інтэрнаце, таксама існаваў прытулак для нечаканых гасцей. Праўда, сакрэтна самі студэнты адчынялі яго раз-пораз падробленым ключом, які перадавалі па чарзе і сярод сваіх – пра тое абачліва маўчалі.
Юля Маракова паліла больш за яго, роблена ўсміхалася, змушана жартавала.
Усё астатняе ўрэшце адбылося, як абодва дапілі рэшткі ў фужэрах. Студэнт Ігнат Мазур выключыў святло і распрануў сяброўку. Тая заўважна нервавалася, цела яе ўздрыгвала пад ім, вусны нешта шапталі, зрываючыся на стогны. Было звычайна.
Пасля Юля Маракова запаліла і сказала яму, што на прасцірадле пэўна застануцца плямы крыві, бо ў яе гэта, лічы, магчыма, у першы раз, але Ігнат Мазур засмяяўся з «магчыма» і перавёў усё на жарт. Урэшце дасціпная сяброўка і сама пажартавала з сябе, бо сімуляваць дэфларацыю было даволі недарэчна.
Абодва раніцай рассталіся задаволенымі адно другім і быццам сапраўднымі сябрамі.
* * *
На думку студэнта Ігната Мазура, у сістэме навучання гуманітарыяў трывала пасялілася нешта сатанінскае. У прыватнасці, журналіста, на яго думку, можна было падрыхтаваць за паўгода, а не гнабіць амаль пяць гадоў грамадска-палітычнымі прадметамі – дурасцю, якая ў жыцці, вядома, толькі шкодная і зусім не патрэбная. Што з таго, калі ён нават і загрузіць голаў пра тое, у якім годзе і пра што напісаў калісьці сваю чарговую карэспандэнцыю іх абагоўлены правадыр, чытаць якога ён іншым разам проста не мог – цягнула на ваніты, быццам ад паху мерцвячыны.
Авалодаць новай тэхнікай афармлення газеты, працай з дыктафонам, фотаапаратам, разабрацца ў жанрах – астатняе залежыць ад асабістых здольнасцяў – хіба не так, думаў часам ён.
Хлусня – вось што ён бачыў за ўсёй іх хвалёнай публіцыстыкай. Але менавіта гэтая хлусня і патрэбна большасці людзей. Скажы якому азвярэламу пралетару, што ён далёка не соль зямлі, а відазменены раб – што адбудзецца? То-та і яно. А да хлусні ён, раб, прывык, і ў ёй яму ўтульна. І галоўную газету «Правда» лепш было б назваць «Хлусня». І ўвесь свет, хутчэй за ўсё, – таксама прыкрытая слоўным вэлюмам хлусня.
Гістарычны матэрыялізм студэнт Ігнат Мазур ледзь здаў на тры балы, і тое дзякуючы Ані Балтас. У пакойчыку, дзе яны па-ранейшаму, хоць і радзей, працягвалі сустракацца, Аня пасля гарачых абдымкаў брала ў рукі падручнік і ўголас зачытвала супакоенаму целам каханку самыя важныя, на яе погляд, адказы на экзаменацыйныя пытанні, не зважаючы на яго зласлівыя каментары. «Плюнь, што зробіш – так трэба», – казала яна.
Атрымаўшы ў заліковую кніжку свой выпакутаваны траяк і адзначыўшы гэту падзею бутэлькай сухога, студэнт Ігнат Мазур помсліва пашкамутаў на дробны мак канспекты, якія выкладчыкі прымушалі пісаць у ходзе лекцый, і выкінуў усё з акна аўдыторыі. Следам паляцеў і разадраны ўшчэнт падручнік.
Між тым, яму даволі пагрозліва не хапала часу. На асобных лекцыях варта было абавязкова прысутнічаць – некаторыя з выкладчыкаў былі даволі ўедлівыя і, калі-нікалі, па-садысцку завальвалі прагульшчыкаў на іспытах. Стыпендыі не хапала нават на тыдзень-два, каб нармальна паабедаць. Танна і добра кармілі хіба што ў сталоўцы партыйнай школы, але туды заўсёды няпроста было праскочыць: пільны вахцёр пускаў толькі сваіх слухачоў-партыйцаў. Увагі патрабавалі і дзяўчаты – іх раз-пораз варта было звадзіць на які канцэрт, у тэатр альбо на свежую замежную кінастужку. Таму, калі ўвечары ў інтэрнаце з’яўляліся вярбоўшчыкі з прывакзальных складоў і прапаноўвалі ахвотным папрацаваць ноччу на разгрузцы вагона альбо цяжарніка, студэнт Ігнат Мазур іншым разам даваў згоду. Раніцай і часткова днём тады спаў, рызыкоўна прапускаючы лекцыі.
Читать дальше