Але гэтым разам яе інтуіцыя маўчала. Калі зусім сьцямнела, Сафія ўключыла ва ўсіх пакоях сьвятло, накінула швэдар і спусьцілася ўніз. У двары было ціха, раз-пораз, не зьвяртаючы ўвагі на Сафію, міма пад’езду праходзілі цьмяна знаёмыя ёй людзі, людзі з чэргаў, прыпынкаў, вагонаў і бальконаў. Прайшоў паліцэйскі патруль – трое сымпатычных паголеных хлопцаў. Па выходных патрулі праходзілі тут часта, але не затрымліваліся. Пад’ехала таксі, зь якога сталі выгружаць п’янага бацьку сямейства – мамка за татку, дачка за мамку, сынок за дачку, сабака за сынка: не дапамагло, давялося прасіць таксіста. «Мам, а гэта праўда, што хутка ў Шабаны мэтро правядуць?» – спытаў між справаю сын, але мама не адказала. Сафія адвярнулася, пастаяла, павіталася з кімсьці, хто прасьлізнуў міма яе ў пад’езд: сьпіна была шырокая, як у Сіманенкі, але на сьпіне боўтаўся доўгі хвост, перавязаны гумкаю – хлопец з чацьвертага паверху. Кажуць, сатаніст. Бацьку сямейства выгрузілі і пацягнулі ў суседні пад’езд. Апошнім увайшоў сабака, папярэдне агледзеўшы двор і зачыніўшы задняй лапаю дзьверы. Стала ціха. Паўсюль з-за сьценаў гаманілі тэлевізары: хорам. Можа, нешта цікавае паказваюць, падумала Сафія. Вярнулася, зачыніла дзьверы на замок. Сіманенкі дома не было. Яна прайшлася па кватэры, вярнулася ў перадпакой. Правяла рукой па аркушы, які быў прышпілены да сьцяны: яе рукой, чырвоным флямастэрам, там была выведзеная дата: 24 жніўня. Да гэтага дня заставалася яшчэ некалькі месяцаў. Можа, ёй і праўда трэба было паехаць дадому? Да сваіх бацькоў ці да Сіманенкавых. Яна ўключыла тэлевізар, ёй і праўда на момант здалося, што там могуць нешта сказаць наконт Сіманенкавага зьнікненьня. Можа, там зараз на экране зьявіцца й сам Сіманенка, паглядзіць на яе вінавата спадылба і ўсё растлумачыць. Але Сіманенка быў ня з тых, чыя прысутнасьць або непрысутнасьць у сьвеце нешта зьмяняе. Хаця зараз Сафія магла б з гэтым і паспрачацца. Яна разьдзелася, яшчэ раз падышла да акна ў кухні, агледзела двор, а потым легла ва ўмяціну, якая засталася ад Сіманенкі, і ўпершыню за гэты год выспалася.
Назаўтра яе з самай раніцы біла дрыготка, яна яшчэ ніколі такой ня мела; яна адзелася як мага прасьцей і выправілася на стаянку, дзе стаяла Іхная Машына. Стаянка падалася ёй агромністай, нібы незнаёмы горад. У цёмных акулярах, намацваючы ў кішэні не бязь цяжкасьці адшуканыя ёй у Сіманенкавых рэчах ключы, яна прабіралася між чужых аўтамабіляў, кожны зь якіх пры яе набліжэньні курчыў ёй дзіўную пысу; яна пачувалася заблукалай у нейкім гета, дзе ня вельмі любяць адзінокіх дамачак. Часам яе нават клікалі, вясёлыя, грубыя мужчынскія галасы, сьпіна ўздрыгвала, але яна не абарочвалася. Яшчэ загадзя яна вырашыла, што калі машыны ня будзе на месцы, то, значыць, усё вельмі кепска, а калі будзе, то ня ўсё яшчэ страчана і можна жыць далей, жыць з надзеяй. Стаянка, залітая сонцам і бэтонам. Яна была тут толькі аднойчы, даволі даўно, яшчэ да вясельля, і ўжо забылася, дзе дакладна стаіць Іхная Машына. «Чорт, нават спытаць няма ў каго», – падумала яна, спыніўшыся перад шчыльнымі радамі – уладальнікі аўто ўжо разьяжджаліся па сваіх справах, але шэрагі радзейшымі не рабіліся, так іх тут было шмат. Так, адрэсы Іхнай Стайні яна ня ведала. Часам ёй хацелася паклікаць Іхную Машыну – як клічуць бадзячых сабак ці кароў, але Сафія стрымлівалася. А яны стаялі перад ёй, такія безнадзейна аднолькавыя, «як кітайцы», падумала Сафія з роспаччу – калі яна і магла іх адрозьніць, то толькі па колеры: сінія, белыя, чырвоныя, чорныя, цёмна-зялёныя, высакародных мэталічных адценьняў. Ключы ўпалі з кішэні, яна таропка кінулася падымаць – а калі выпрасталася, убачыла яе, убачыла здалёк. Іхная Машына пазнала Сафію і кінулася да яе ўсім сваім ладным, прыземістым целам, сваёй акруглай заднічкай і замілавальнымі бакавымі люстэркамі. Сафія адамкнула дзьверы, села на месца кіроўцы, прамакнула лоб сурвэткаю. Пасядзела трохі, адчуваючы сябе ўсё больш упэўнена. Агледзелася, праверыла тое, што называлася сьмешным словам «бардачок» – у машыне не было ніякіх сьлядоў Сіманенкі. Але сама машына была на месцы і нікуды не зьбіралася ўцякаць. Гэта быў добры знак.
Вярнуўшыся, Сафія трохі паразважала і патэлефанавала ў паліцыю. «Муж зьнік», – сказала яна, цалкам разумеючы ўсю пачварную недарэчнасьць і ўсё глупства гэтых словаў. «Муж прапаў» – як «бялізну скралі». А вы ня вешайце, грамадзянка, бялізну на двары, як калгасьніца. Лепш слухаўку павесьце. На месцы паліцыянта яна б так і сказала. Але Сафія нічога не змагла з сабой зрабіць і, таропка распавядаючы ўсе нешматлікія падрабязнасьці, пачала міжволі дурнавата хіхікаць, што скончылася сапраўдным ровам. Яе, тым ня менш, выслухалі без асаблівага інтарэсу і сказалі абзваніць шпіталі, бо ўсе так робяць. Яна абзваніла, на гэта нечакана спатрэбілася так шмат часу, што, паклаўшы нарэшце слухаўку, Сафія адчувала сябе замардаваным вязьнем каменаломняў. Паабедаўшы, яна зноў набрала паліцыю. Слухаўку ўзяў ужо іншы паліцыянт, больш цярплівы і ветлівы, давялося яму наноў усё тлумачыць, гэты сказаў пачакаць дні тры, бо звычайна акурат тры дні – інкубацыйны пэрыяд бацылы зьнікненьня чалавека, пасьля якога чалавек гэты або сам знаходзіцца, жывы або мёртвы, але найчасьцей усё ж жывы, брудны, п’яны і з пахам якойнебудзь блядзі. Або не знаходзіцца, і тады ўжо яго можна пачынаць шукаць: задзейнічаць усе каналы, рассылаць сьпісы прыкметаў, апытваць грамадзян, шукаць у базах, вынюхваць, езьдзіць на апазнаньні і пісаць у «Чакай мяне». А чаму тры дні? Чаму не чатыры, чаму ня два, ня шэсьць з паловай – хацелася спытаць Сафіі? Што за магічны рэалізм, што за паліцэйская кабала? А як я буду акно зачыняць на кухні? Тады дашліце мне кагосьці, хто ведае «асаблівы падыход», хацелася сказаць ёй, але яна зрабіла выгляд, што супакоілася, паабяцала патэлефанаваць праз тры дні, калі «бялізна» ня знойдзецца, разьвіталася і паклала слухаўку, пачуўшы перад гэтым на тым канцы проваду шчыры, з прысмакам дэзадаранту мужчынскі сьмех.
Читать дальше