1 ...6 7 8 10 11 12 ...18 Якое ён меў права зьнікнуць? – бясьсільна думала Сафія, і перад ёй выразна паўставаў вобраз пачка цыгарэт, схаванага за кнігамі. Яшчэ ўвосень, напісаўшы на аркушы чырвоным флямастэрам «24 жніўня», яна кінула паліць, пачаўшы такім чынам падрыхтоўку да гэтай важнай даты. Часам усё ж, прыкінуўшы меркаваную працягласьць Сіманенкавай адсутнасьці й аб’ём ягонай сёньняшняй занятасьці, яна дазваляла сабе цыгарэту-другую на бальконе, але не злоўжывала. Усе яе недапалкі дагэтуль ляжалі ў траве пад бальконам, яна бачыла іх кожны дзень, паліваючы кветкі, магла паказаць кожны на сьледчым экспэрымэнце, але Сіманенка ні пра што не здагадваўся. А тут наогул незразумела, ці мае яшчэ дзень 24 жніўня нейкі сэнс і з кім яна яго сустрэне. І ў якім выглядзе. Можа, у жалобнай сукенцы. Зрэшты, нават такое разьвіцьцё падзей не вызваляла б Сіманенку ад адказнасьці. Зьнікаюць яны, панімаеш, на сьмерць намякаюць. Муж адной знаёмай галадоўку абвясьціў, невядома зь якой прычыны. Знаёмая казала, нібы з-за палітыкі. Сафія зь цяжкасьцю магла ўявіць сабе чалавека, здольнага адмовіцца ад ежы дзеля палітыкі. А калі і магла, вобраз гэты не выклікаў у ёй нічога, апрача пагарды. Два тыдні муж знаёмай сядзеў на кухні, піў ваду, курыў, здымаў сябе вэб-камэрай і матам лаяўся на ўладу. Потым месяц ляжаў у шпіталі з атручаньнем. Бо ў першы дзень наліў ваду ў слоік, зь яго й піў, а слоік быў брудны, у ім нават знайшлі нейкую кішэчную палачку. Ад кішак не ўцячэш, нават калі захочаш, думала Сафія, з асалодаю закурваючы. Зноў жа – яна прыцягнула на балькон крэсла – рэч у адказнасьці. Калі маеш жонку і дзяцей, мусіш сам жэрці і іх карміць. А не галадаць і не зьнікаць ля сьмецьцевых кантэйнэраў. Можа, і добра, што краіна ў моцных руках. Каб на адказнасьць не забываліся.
На шчасьце, Сіманенка быў ня схільны да галаданьня. Бязь мяса ён бы на другі дзень падох. Колькі яна ні старалася паўплываць на яго – Сіманенка жэр, абрастаў тлушчам, сьвяціўся. Яна ажно пачула, як ён рохкае ў спальні. Нечакана ёй стала шкада беднага Сіманенку, які блукаў цяпер недзе па сьвеце, ня маючы ні кавалка мяса, у адных тапках, яна ўявіла, як ён баязьліва стаіць каля нейкай перасоўнай крамкі, робячы выгляд, што прыцэньваецца, як яго, такога вялікага, схуднелага, недалёкага, адцірае злая чарга, а ён выцягвае над ёй сьветлую віхрастую галаву, маркотна любуючыся недаступнай канінай.
Яна набрала Верку. Капсама аланы, як заўсёды. А Вярок, відаць, працуе. Ёсьць плюс у яе працы – у яе кожны дзень мужыкі зьнікаюць, і ніхто не бядуе, падумала Сафія. Яна дакурыла, села перад тэлефонам, пачала глядзець на яго так засяроджана, што нават калі б ён быў фэнам або пыласосам, усё адно абавязкова зазваніў бы. Але было ціха, так ціха, як ніколі не было яшчэ ў жыцьці Сафіі. Трэба было дзейнічаць. Яна набрала Сіманенкавага сябра і распавяла яму, запінаючыся, што здарылася.
«Не, ня ведаю, – сказаў сябра Сіманенкі. – Ты ў паліцыю тэлефанавала?»
«Сказалі, калі праз тры дні ня вернецца, будуць шукаць, – адказала Сафія спакойна. – …І галоўнае – у адных тапках. Ты падумай, можа, ён табе гаварыў што надоечы? Ну там, пра мяне, і наогул… Там, маўляў, дастала ўсё, не магу больш?»
«Не, Сафія, – сказаў сябра Сіманенкі. – Нічога такога. Ні пра цябе, ні пра дастала».
«Вось падонак, – сказала Сафія і чыхнула. – Нават пра мяне – і ні слова. А ты ня хлусіш мне, Вова?»
«Што ты, – сябра Сіманенкі засьмяяўся, і сьмех гэты выразна засьведчыў, што хлусіць ён часта, шматслоўна, брудна і ня толькі начальніку. – Сафія, табе можа дапамога трэба? Дык я прыеду ўвечары».
«А асаблівы падыход ты ведаеш?» – спытала Сафія тужліва.
«Што? Які падыход? Да чаго? – голас сябра зрабіўся адразу вышэйшы на актаву. – Я да ўсяго падыходы ведаю, – засьмяяўся ён з палёгкай праз імгненьне. – Не сумнявайся. Зьбіла з толку… Дык як?»
«Не, дзякуй, усё ў норме», – сказала Сафія і паклала слухаўку.
Зорнай травеньскай ноччу 1995 года я выйшаў з пад’езду аднаго з дамоў у Зялёным Лузе. У гэтым пад’езьдзе, на трэцім паверсе, жыла мая дзяўчына. Я думаў застацца ў яе пераначаваць, бо яе бацькі былі на лецішчы – але яны нечакана прыперліся аб адзінаццатай гадзіне вечара на апошняй электрычцы. Дзяўчына, як мне здалося, зусім не засмуцілася, і гэта злавала мяне нават больш за раптоўнае бацькоўскае ўварваньне. Яна пра нешта пыталася, я нічога не адказваў. Мы трохі паляжалі ў яе пакоі, прычыніўшы дзьверы і слухаючы, як бацькі раскладваюць рэчы; здаецца, мы нават задрамалі, абняўшыся, я пахнуў ёй, а яна мной – у нас быў шчасьлівы дзень. Мяне пабудзіла яе маці, трасянуўшы асьцярожна за плячо. «Камусьці час ехаць дамоў», – прасьпявала яна паўшэптам. Я доўга ня мог уцяміць, што яна ад мяне хоча, глядзеў на яе паўсклеенымі вачыма, потым падняўся, разьвітаўся і бразнуў дзьвярыма.
Читать дальше