Так сказаў Заратустра.
Аднаго разу Заратустра, як усе «тагасветныя», залётаў думкаю па той бок чалавека.
Творам пакутнага і нямоглага Бога здаўся тады мне наш свет.
Ён здаўся мне мрояй і выдумкай Бога; каляровым дымам перад вачмі незадаволенага божышча ўявіўся мне гэты свет.
Дабро і Зло, Радасць і Цярпенне, Я і Ты — усё здавалася мне каляровым дымам перад творчымі вачыма. Творцу рупела адвесці ад сябе свой позірк — і ён стварыў свет.
Адвесці позірк ад цярпенняў сваіх і забыцца — гэта п'янкая радасць пакутнікам. Самазабыццём і п'янкою радасцю здаўся мне гэты свет.
Свет, вечна недасканалы; недасканалы адбітак вечнай супярэчлівасці, п'янкая радасць свайму недасканаламу твору — такім здаўся калісьці мне гэты свет.
Так, нібы той, хто марыць пра іншы свет, нібы «тагасветны», памкнуў я аднаго разу свае мары па той бок чалавека. А ці праўда — па той?
О братове мае, гэты створаны мною Бог быў творам рук чалавечых і неразумствам яго, як і ўсе астатнія божышчы!
Ён быў чалавекам і пры тым толькі малою часткаю чалавека і майго «Я»; а з майго попелу і полымя прыйшоў да мяне гэты прывід. І праўда ж бо, ці не з іншага свету прыйшоў ён!
І што ж, братове мае? Не перасіліў сябе я, пакутніка, я занёс свой попел у горы і набыў сабе сама зыркае полымя. Зірніце! Прывід адпусціў мяне!
Пакутаю і цярпеннем было б цяпер мне верыць У такія прывіды: горам і прыніжэннем было б гэта таму, хто ацаляецца. Таму я цяпер прамаўляю пра тагасветных.
Горам і нямогласцю і кароткім шаленнем шчасця, якое ведае толькі пакутны цярплівец, створаны ўсе тыя светы.
Стомленасць, якая прагне адным скачком, смяротным скачком дасягнуць апошняга крэсу, мілажальная стома няведання, што ўжо не хоча болей хацець, — гэта яна стварыла ўсіх багоў і ўсе тыя светы.
Верце мне, братове мае! Цела, якое зняверылася ў целе, пальцамі аслеплага духу абмацвала апошнія сцены.
Верце мне, братове мае! Цела, якое зняверылася ў зямлі, услухоўвалася ў тое, што гаварылі нетры жыцця.
І вось — захацела яно прабіцца праз апошнія сцены, выйсці з апошніх сваіх крэсаў і дастаць таго свету.
Але надзейна схаваны ад чалавека «той свет», гэтае Нешта, нечалавечае, зусім пазбытае ўсіх чалавечых рысаў; і маўчаць нетры жыцця і ніколі не звяртаюцца да чалавека, акрамя як у вобразе Чалавека.
Сапраўды, цяжка даказаць усякае жыццё і цяжка прымусіць яго гаварыць. Але скажыце мне, братове мае, сама дзівоснае з усяго існага — ці ж не даказана яно сама лепшым чынам?
Так, самое маё «Я» і ўвесь хаос супярэчнасцяў яго найбольш сумленна сведчыць пра сваё быццё: творчае, ацэнлівае, спрагненае «Я» ёсць мера і каштоўнасць усіх рэчаў.
І гэта маё «Я», сама праўдзівае сведчанне быцця, гаворыць пра цела і імкнецца да яго, нават калі аддаецца палкім марам і зламанымі крыламі трапеча.
Найсумленней вучыцца яно гаварыць, гэтае «Я»; і чым болей вучыцца, тым болей знаходзіць слоў, каб хваліць цела і зямлю.
Новаму гонару навучыла мяне маё «Я», гэтаму гонару цяпер вучу я людзей: не хаваць болей галавы ў пясок нябесных абстракцый, а высока несці яе, зямную галаву, што стварае сэнс зямлі.
Новай волі вучу я людзей: прыняць той шлях, якім раней ішлі слепа і наўздогадзь, і ахвоча ісці гэтым шляхам, і хваліць яго, і не збочваць з яго потайкам, як гэта робяць хворыя, блізкія да смерці!
Гэта ж яны, хворыя і блізкія да смерці, занядбалі цела і зямлю, выдумалі Незямное і адкупныя і крывавыя ахвяры; але ж нават гэтыя змрочныя труцізны, такія салодкія ім, яны бралі ў зямлі і ў цела!
Ад галечы і гароты сваёй хацелі яны ўцячы, але зоркі былі занадта далёка. І ўздыхалі яны: «Ах, каб былі ў небе дарогі, якімі можна было б прайсці ў іншае быццё, каб здабыць шчасце!» — і вось яны выдумалі сабе гэтыя пралазы і крывавы напой!
Няўдзячныя! — яны ўбілі сабе ў галаву, што здолелі адцурацца цела і зямлі. Але ж каму яны абавязаныя болем і шчасцем таго адцурання? — Свайму целу і гэтай зямлі.
Заратустра лагодны з хворымі. Сапраўды, не гневаецца ён на іхнюю няўдзячнасць і на ўсё, што іх суцяшае. Хай жа яны ацаляюцца і перасільваюцца, хай ствараюць сабе найвышэйшае Цела!
І таго, хто ацаляецца, не дакарае Заратустра, калі той пяшчотна глядзіць на аблуды свае ды апоўначы крадзецца да магілы свайго Бога; толькі ж хваробаю і слабасцю цела застаюцца ў мяне яго слёзы.
Заўсёды шмат хворых сярод замроеных і затужаных у божышчы: люта ненавідзяць яны цікаўніка і тую, сама маладую, цноту, якая называецца праўдзівасцю.
Читать дальше