Бо свяшчэннае «Так» патрэбна ў гульні стварання, братове мае: сваёй волі цяпер прагне дух, свой свет здабывае страчаны светам.
Я назваў вам тры першыя пераўтварэнні духу: як дух зрабіўся вярблюдам, потым — ільвом, нарэшце — дзіцём.
Так сказаў Заратустра. У той час ён спыніўся ў горадзе, які называўся Пярэстая Карова.
Заратустру нахвальвалі аднаго мудраца, які вельмі добра ўмеў разважаць пра сон і цноты; за гэта яго высока шанавалі і шчодра дарылі, і ўсе вучні багавейна сядзелі перад кафедрай. Падышоў да яго і Заратустра і разам з усімі сеў перад кафедрай. І сказаў мудрэц:
«Гонар і сорам сну! Гэта першае! І цурайцеся тых, хто кепска спіць і чувае ўначы!
Перад абліччам сну нават злодзей саромеецца: нячутна крадзецца ён у змроку начным. Але няма сораму ў начнога вартаўніка, ён трубіць у дудку і не саромеецца.
Не абы-якая штука — умець спаць: бо на тое трэба чуваць цэлы дзень.
Дзесяць разоў на дзень ты павінен перасільваць сябе: гэтая перасілка дае табе прыемную стому і душы тваёй будзе сонным макам.
Дзесяць разоў на дзень ты павінен зноў замірацца з сабою, бо перасілка — гэта горыч, і кепска спіць той, хто не замірыўся.
Дзесяць праўд ты павінен знайсці за дзень, іначай шукацьмеш праўду ўначы, і душа твая застанецца галодная.
Дзесяць разоў на дзень смейся і весяліся, каб уначы не мець клопату з жыватом — гэтым бацькам маркоты.
Мала хто ведае гэта: трэба мець усе цноты, каб добра спаць. Хіба ж буду я сведчыць ілжыва? Хіба буду чыніць пералюбы?
Хіба дазволю сабе пажадаць рабыню блізкага майго? Не, не паспрыяла б такое добраму сну.
І нават калі ў цябе ёсць усе цноты, не забывайся яшчэ аднаго: умей у свой час паслаць спаць усе свае цноты.
Каб не сварыліся яны, гэтыя ясачкі любыя, тым больш праз цябе, няшчасны!
Будзь з Богам у згодзе і з суседам сваім, гэтага вымагае добры сон. Будзь у згодзе таксама і з суседавым чортам! Інакш ён сярод ночы пачне наведваць цябе.
Шануй начальствы свае і слухайся іх, нават калі яны ходзяць крыва! Гэтага хоча добры сон. Хіба ж бо твая ў тым правіна, калі ўлада кульгае?
Таго пастуха назаву сама лепшым, які пасвіць авечкі на сакавітых пашах: бо так здабывае ён добры сон.
Я не хачу ні вялікае чты, ні багатае вучты: ад гэтага запаляецца ў целе каса. Але добра спіцца, калі ёсць добрае імя і маленькі скарб.
Лепш невялікі гурток, аніж дурны; але ўсе павінны прыходзіць і адыходзіць сваім часам. Гэта спрыяе добраму сну.
Даспадобы мне ўбогія духам: яны спрыяюць добраму сну. Яны шчасныя, тым болей калі прызнаваць за імі заўсёды іх рацыю.
Так праходзіць дзень у дабрачынца. А як ноч настае, баюся я клікаць сон; не хоча ён, каб яго клікалі, уладыку ўсіх цнотаў!
Я толькі думаю, што зрабіў я і што цэлы дзень меціў. Цярпліва, як карова, жую гэта ўсё, пытаючыся ў сябе: якія ж былі тыя дзесяць маіх пераадоленняў?
І тыя дзесяць замірэнняў, і дзесяць праўдаў, і тыя дзесяць разоў, калі я смяяўся, усцешаны сэрцам?
І вось, пакуль я так разважаю і ўзважваю ўсе гэтыя сорак думак, разбірае мяне раптам сон, названы ўладыкам цнотаў.
Ён б'е мяне па павеках — і яны цяжэюць, кранаецца вуснаў — і яны не змыкаюцца.
Сапраўды, нячутным крокам ён ідзе да мяне, сама лагодны злодзей, і крадзе мае думкі, і я застываю на месцы, дурны, як гэтая кафедра.
Але ж нядоўга стаю так, змораны сном, і адразу кладуся…»
Слухаючы мудраца, Заратустра смяяўся сам сабе ў сэрцы, бо нешта яму прасвятлілася. І ён так сказаў свайму сэрцу:
«Дурань гэты мудрэц з яго сарака думкамі, але, мяркую, паспаць ён не дурань.
Шчасны і той, хто жыве з ім побач! Такі сон перадаецца, ён праходзіць нават праз тоўстыя сцены.
Мабыць, сама кафедра ў яго зачараваная. І нездарма сядзяць хлопцы перад прапаведнікам цноты.
Яго мудрасць кажа: чуваць дзеля добрага сну. Сапраўды, калі б нават жыццё не мела ніякага сэнсу і калі б я быў змушаны выбраць бязглуздзіцу, тады і мне яго мудрасць здалася б найбольш вартаю выбару.
Цяпер мне зусім зразумела, да чаго колісь людзі імкнуліся перад усім, шукаючы цнотаў. Добрага сну шукалі яны і ў дадатак — цнотаў, увітых кветкамі соннага маку!
Мудрасць сну без снення — яе прапаведавалі з кафедры ўсе гэтыя хвалёныя мудрацы, іншага сэнсу жыцця яны не ведалі.
І цяпер яшчэ ёсць прапаведнікі цнотаў, але не заўсёды такія сумленныя; аднак час іхні ўжо прамінуў. І нядоўга яшчэ ім вяшчаць: неўзабаве лягуць і яны.
Шчасныя гэтыя санліўцы, бо неўзабаве паснуць».
Читать дальше