А Яраполк ляжаў на спіне і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Яму рабілі штучнае дыханне — нічога не змянілася. Ляжаў бледны, мокрыя валасы пацямнелі, веі апушчаны.
Урэшце ўсе адступіліся і стаялі вакол разгублена і непаразумела.
…Сын са стогнам узняўся на руках, хапануў паветра.
— Качайце, качайце!!! — сказаў ён.
Людзі маўчалі.
— Ён мёртвы, — сказала Агата
І тут у сына папаўзлі па абліччы чырвоныя плямы. Маці ніколі яшчэ не бачыла яго ў такім гневе, бяссільным, але жахлівым, вышэй за ўсё.
— Мёртвы… Ты гэта сястры скажы… Мёртвы… Адступіліся лёгка…
Ён, хістаючыся, зрабіў некалькі крокаў.
— Адыдзіце.
I, узяўшыся за шчыкаладкi тоненькiх i доўгiх, як у жарабяцi, ног, падняў вузкае абвiслае цела ў паветра. Яго матляла, але ён трос, трос, трос.
Бялявыя валасы Яраполка то дакраналіся да галькі, то адрываліся ад яе.
— Ды што ж гэта? — крыкнуў нехта. — Кіньце гэты здзек!
— Рукі прэч… пэцкаль, — рыкнуў сын.
Струменьчык крывi папоўз з краёчка ягонага рота. На падбароддзе, на грудзi. Цельца ў ягоных руках усё яшчэ было нерухомае, але ён трос, трос — ужо не ад надзеi, а толькi ад адчаю. I мацi разумела яго.
Яму было трэба. Яму абавязкова трэба было.
…Разам з патокам вады, які лінуў з рота хлопчыка, вырваўся пакутлівы, жаласны стогн… Яшчэ… Яшчэ…
І, калі ўсё скончылася, Валерый, хістаючыся, адышоў і сеў на гальку. Яго калаціла. Ён браў прыгаршчамі ваду, змываючы з грудзей кроў. Усе глядзелі на яго.
І раптам ён заплакаў. Заплакаў не ад палёгкі, а нібы ад бязмернай, безвыходнай правіны і невычэрпнай крыўды, якой не скупіць ніхто… Нічым…
За ўсе ягоныя трыццаць год мацi ўпершыню бачыла, як ён лаецца, як гневаецца i як плача.
І яшчэ яна ўпершыню зразумела, на якія ўчынкі ён можа быць здатны. Таму, калі Ларыса на прычале кінулася да брата, маці не стала глядзець, як яна цалуе яго.
Яна глядзела, як Валерый адышоў, як прыклаў да рота хустку, паплямаваную бурым. I яна здзiвiлася: упершыню за ўсе гэтыя днi ранейшы чалавечы выраз з'явiўся ў ягоных вачах.
…Нічога не змянілася.
Як і раней, былі ў гэты вечар танцы. Як раней, уздыхала пад поўным месяцам мора. І маці, як раней, бачыла, як танцавалі два чалавекі. Бачыла шэрыя халаднаватыя вочы дзяўчыны, яе аблічча, бясстраснае і прывабнае ў промнях зеленавата-блакітнага святла.
"Царыца", — зноў падумала маці.
І дзіўна, тое, што яна прызнала прыгажосць гэтай жанчыны, у соты раз прызнала, цяпер не ўзрушыла яе, не абурыла, не выклікала трывогі, а прынесла, хутчэй, дзіўнае заспакаенне. Нічога, маўляў, няхай.
Голас спяваў, дрыжучы ад страсці, усё тую самую мелодыю, на якой звар'яцелі ў гэтыя дні, здавалася, усе людзі.
И навеки угаснет
Моя улыбка и радость.
І маці бачыла яго аблічча, схіленае над ёю: сінія вочы ўразлёт, залацістыя валасы, цвёрдыя мускулы ля рота. Ён гаварыў штосьці, а вусны яго ледзь не трапяталі ад узрушэння, а на дне вачэй, за доўгімі веямі жыў такі сум…
…Нібы гэты чалавек павінен быў развітацца. Нібы вышэйшая бязлітасная сіла адрывала яго ад кахання, ад былога. І нічога ўжо не заставалася на зямлі. Нічога. Толькі маліць аб апошняй літасці.
Было яшчэ аблічча Ларысы. Яна глядзела на адчай аднаго і цягу другой, і, нягледзячы на ўсё гэта, вочы яе свяціліся сумнай, але добрай усмешкай, якая ўсё даравала.
… Тэкля глядзела на мора, калі хтосьці ўспёрся побач на балюстраду пляцоўкі. Яна пачула голас, у якім быў водгук незразумелай трывогі.
— Маці, растлумачце яму, што нельга… Нельга так.
Старая ўбачыла амаль спалоханыя вочы Агаты.
— Я табе не маці. Чаго ты хочаш?
— Я амаль спалохана.
— А чаго ты хацела? Чаго ты трывожышся?
— Ён… не такі, як заўсёды, маці.
— Я не маці, — сказала старая. — За забітага сына не бласлаўляюць.
Мора каціла на бераг золата, ціха ўздыхала. На яго можна было глядзець вечна.
— Як вы смелі не пайсці з ім тады, калі ён паміраў? — спытала маці.
— Я кахаю яго… Буду з ім. Ён мне патрэбен.
— Не веру, — суха сказала Тэкля. — Не былі ў бязведамнасці — не будзеце і ў шчасці… Што з вамі? Чаму трывога? Вы ж бярэце яго?
Пасля паўзы Агата сказала:
— Я ўбачыла… ваш спакой.
— Гэта лухта, — сказала стрымана маці. — Я проста ўбачыла ягоную сілу.
Уздых пашырыў грудзі дзяўчыны.
— Ён пойдзе, з кім захоча, — разлічана сказала яна, і ўсмешка кранула яе вусны.
— І тут твая праўда, — сказала маці. — З кім захоча.
— А наконт яго сілы… не трэба цешыцца занадта вялікай надзеяй… Багам таксама патрэбна ціхая прыстань… Адна…
Читать дальше