Потым эльфы выйшлі насустрач, прывіталі іх і правялі праз раку да дому Элранда. А там ужо прынялі іх на славу!
Усім нецярпелася пачуць аб прыгодах. Распавядаў Гэндальф, бо Більба, добра пад'еўшы, пачаў дзяўбці носам і ўвогуле быў сонны ды стомлены. Шмат што ён і так ведаў, бо сам прымаў удзел ці чуў аповед Гэндальфа падчас падарожжа альбо ў доме Беарна. Але раз-пораз дый расплюшчваў то адно, то другое вока і прыслухоўваўся, калі чараўнік баіў частку гісторыі, зусім незнаёмую.
Так і даведаўся Більба з гутаркі чараўніка з Элрандам, дзе ж Гэндальф прападаў і што рабіў. Сталася, што быў Гэндальф на вялікай нарадзе белых чараўнікоў, майстроў добрай магіі і найвыдатнейшых знаўцаў самых розных ведаў, і што гэтыя чараў-нікі, нарэшце, здолелі выгнаць Некраманта з ягонага чорнага берлагу на поўдні Ліхалесся.
— Цяпер надоўга, — казаў Гэндальф, — лес будзе здара-вейшы ды спакайнейшы. Поўнач вызваленая ад гэтага ліха, я спадзяюся, на доўгія, доўгія гады. Аднак лепш было б цалкам выгнаць яго з нашага свету!
— Тое сапраўды было б добра, — сказаў Элранд, — але ж, я баюся, гэткаму не здарыцца ані ў нашу эпоху, ані ў мноства эпох апасля.
Калі апавяданне пра іх прыгоды скончылася, пачалося другое, а потым яшчэ і яшчэ, апавяданні пра старажытныя часы і новыя, апавяданні, якія ўвогуле аніякага дачынення да часу не мелі, апавяданні пра тое і пра іншае — пакуль Більба дзёўбнуў апошні раз носам паветра, упёрся ва ўласныя грудзі падбароддзем дый захроп у сваім самым утульным куточку.
Прачнуўшыся, ён знайшоў сябе ў белым ложку, а праз адчы-ненае вакно ззяў маладзік. За вакном мноства эльфаў чыста і звонка спявалі на беразе ракі.
Спявайце, вясёлыя, разам у доле!
Бо вецер у дрэвах, бо вецер у полі,
Бо зоры квітнеюць, бо месяц гуляе,
Бо яркімі вокнамі ноч пазірае.
Танчыце, добрыя, разам у доле!
Мякка трава калыхаецца ў полі,
Цені кружляюць над срэбнай ракою,
Добра сустрэцца нам добрай парою!
Зараз — цішэй, цішэй заспявайце,
Сонныя мары чароўна сплятайце,
Спіць наш вандроўнік, змружыўшы вочы.
Добрае ночы! Добрае ночы!
Ветрык, прыціхні, вербы, засніце,
Месяц, сыходзь, не свяці яму ў вочы,
Сосны, галінамі не шамаціце,
Добрае ночы! Добрае ночы!
— Добры народ! — сказаў Більба, вызірнуўшы вонкі. — Якая ж гэта гадзіна цяпер, а? Вунь месяц ззяе! Ваша «добрае ночы» і п'янага гобліна пабудзіць! Аднак, дзякуй вялікі.
— А твой храп пабудзіць нават каменнага цмока — аднак, І табе дзякуй! — адказалі эльфы, засмяяўшыся. — Рашца недалёка, ты праспаў з самага пачатку ночы. Магчыма, раніцою, нарэшце, пазбавішся свае стомы.
— Так, нават крышачку сну ў доме Элранда — найвы-датнейшыя лекі, — сказаў хобіт, — аднак я б і болей тых лекаў прыняў з вялікім задавальненнем. Другі раз дабранач вам, добры народ!
3 тым наш хобіт дакульгаў да свайго ложка і заснуў зноў — ледзь не да паўдня.
Хутка ўсялякая стома пакінула яго ў тым цудоўным доме, і шмат было вясёлых жартаў, песень ды танцаў на золаку ды ўвечары. Цудоўны народ эльфы! Аднак і тутэйшае жыццё не на доўгі час захапіла Більба, бо ён заўсёды думаў толькі пра свой дом. Праз тыдзень, развітаўшыся з Элрандам ды ўручыўшы невялікія падарункі, якія Элранд згадзіўся прыняць, хобіт разам з Гэндальфам паехалі прэч.
Як толькі пакінулі даліну, нябёсы перад імі, на Захадзе, сцямнелі, і вецер моцна хвастануў дажджом.
— Так, добры ж тут травень! — сказаў Більба, якому дождж калаціў па твары. — Мы павярнулі спінай да легендаў ды вяртаемся дадому. А вось і першае прывітанне.
— Перад намі яшчэ доўгі шлях, — заўважыў Гэндальф.
— Але ж тое апошняя дарога, — адказаў Більба.
Яны даехалі да ракі, якая адзначала самую мяжу Дзіказем'я, і да броду пад крутым камяністым берагам, які вы, напэўна, памятаеце. Лета набліжалася, снег у гарах раставаў і таму рака паднялася, ды яшчэ дождж ішоў увесь дзень. Аднак горш ці лепш, яны пераправіліся і паспяшаліся наперад па апошняй дарозе сваёй прыгоды.
Ехалі амаль як і раней, хіба што кампанія была меншая ды маўклівая. Троляў больш не сустракалі. Але кожны паварот дарогі нагадваў Більба пра падзеі, што адбыліся год таму — а здавалася, дзесяць. Зразумела, Більба хутка пазнаў месца, дзе поні ўваліўся ў раку, і дзе гномы збочылі з дарогі да жудаснай прыгоды з Томам, Білам і Бертам.
Побач з гасцінцам знайшлі і схаванае гномамі золата троляў, нікш не кранутае.
— Ну, мне золата на мой век хопіць, — сказаў Більба, калі скарб адкапалі. — Лепей ты вазьмі яго, Гэндальф. Здаецца мне, знойдзеш, як яго выкарыстаць.
Читать дальше