Плазмоiд, пра якi яны амаль забылiся, вiсеў, прыляпiўшыся да столi, i раптам сказаў:
— А мне па вашаму летазлiчэнню трыста восем гадоў.
Стрэсаператары анямелi ад здзiўлення. Потым Радаслаў, пачцiва, хоць i з доляй iронii, пакланiўшыся, прамовiў:
— Вы, наш невядомы дарагi гаспадар, старэй за Вялiкую Эру Плюралiзму. Калi я не памыляюся, Вы нарадзiлiся праз год пасля Сёмай Нафтавай Вайны.
— Не выкай мне, Радаслаў Буслейка — весела засмяяўся плазмоiд. — Сярод вас, людзей, мне было б ад сiлы дзесяць — трынаццаць гадоў. Я самы сапраўдны хлапчук.
— Калi ты хлапчук, то навошта ўблытваешся ў размовы дарослых? — зрабiў выгляд, што раззлаваўся, Карл.
I тут плазмоiд знiк. Гэта адбылося так iмгненна, што стрэсаператары не паспелi нават вокам мiргнуць.
— Не чакаў я ад яго такой далiкатнасцi, — разгублена сказаў Гакенхольц.
— Варта было б табе, Карл, прышыць на рот "маланку"-засцежку, — суха ўсмiхнуўся Радаслаў.
— У якiм сэнсе?
— У самым прамым. Аказваецца, СЦ не падабаецца твой гумар. Вось i зашмаргнуў бы ты рот i сядзеў моўчкi.
— Зашмаргнi свой.
— Навошта? Твой шырэйшы.
Вось-вось павiнен быў грымнуць эмацыянальны выбух. Радаслаў, каб не абвастраць сiтуацыю, дастаў з унутранай кiшэнi курткi дарожны партманет, раскрыў яго. У адным з аддзяленняў партманета ляжаў малюсенькi чырвоны чалавечак-лялька. Радаслаў нацiснуў кнопку, пачуўся свiст, i чалавечак адразу пачаў надзiмацца.
— Хутчэй, хутчэй, Якуб, — падганяў яго Радаслаў.
Чалавечак, быццам пачуўшы загад, скокнуў з партманета на падлогу i хвiлiны праз тры-чатыры быў ростам упоравень з Буслейкам. Вось ён прыняў баявую баксёрскую стойку, i пачаўся паядынак. З усiх спартыўных адзiнаборстваў Радаслаў аддаваў перавагу класiчнаму ангельскаму боксу. Якуб быў нядрэнным спарынг-партнёрам, вельмi хутка рухаючыся, валодаючы адчувальным ударам. Яго чырвоныя гумавыя кулакi ярасна малацiлi паветра, i неўзабаве Радаслававай скiвiцы давялося ўздрыгнуць.
— Малайчына Якуб! — крыкнуў Буслейка. — Так мне i трэба!
Гарачымi пругкiмi хвалямi поўнiлася цела. Азарт маладзiў душу. Надзейна i важка адчуваўся кожны мускул.
Карл, забыўшыся пра нядаўнюю спрэчку, смяяўся:
— Сцеражыся, Радаслаў, а то гэты гумавы джэнтльмен табе нос расплешча.
Перамог, вядома ж, чалавек. Магутным аперкотам Радаслаў звалiў Якуба. Той распластаўся на падлозе i зноў змiзарнеў, ператварыўся ў малюсенькую лялечку, каб заняць звычнае месца ў партманеце.
— Вось так я супакойваю свае нервы, — сказаў Буслейка, шматзначна зiрнуўшы на Гакенхольца.
— Дзе ж мы будзем спаць? — захваляваўся праз нейкi час Карл. — На голай падлозе? Цi, можа, седзячы на каменным кубе?
Ён пакрыўджана, як дзiця, засоп носам.
— Давядзецца ўсю ноч успамiнаць анекдоты, — адломваючы кавалачак хлеба, уздыхнуў Радаслаў.
— Анекдоты — саржавелая зброя даплюралiстычнай эпохi. Зброя слабых i прыгнечаных.
— Ну не скажы…
Так яны вялавата перакiдвалiся словамi, а твары iхнiя ўсё больш змрачнелi. Каго ж узрадуе перспектыва спаць на халодных камянях?
Раптам зайграла звонкая бадзёрая музыка. Над галовамi ў стрэсаператараў, шчоўкнуўшы, адчынiлiся два круглыя люкi, з iх апусцiлiся два гамакi з поўным наборам пасцельнай бялiзны.
— Слава Старой Цывiлiзацыi! — запляскаў у ладкi Радаслаў. — Няхай жыве дружба памiж чалавекам i плазмоiдам!
Спалi моцна. Буслейка бачыў ува сне бой каля Пятровiцкага вадасховiшча. Зноў ён ляжаў побач з капiтанам Хвалiбогам i зноў iшлi па вадзе шышкагаловiкi, страляючы з псеўдааўтаматаў. Маршыруючы паперадзе iх, iмi камандаваў сухарлявы чарнавусы франт, апрануты ў форму рэспублiканскай гвардыi.
— Дык гэта ж капiтан Хвалiбог! — здзiўлена крыкнуў нехта з гвардзейцаў.
З усiх бакоў пачулiся ўсхваляваныя галасы:
— I тут капiтан, i там капiтан!
— Што за д'ябальшчына?!
— Куды ж страляць?!
— Хто сапраўдны?!
Хвалiбог пачырванеў, як рак, ад найвялiкшага гневу, ускочыў, затрос кулакамi:
— Маўча-а-аць!!! Я — капiтан!!! Агонь па iмiтатарах!!!
Ад такога крыку-енку Буслейка спуджана прачнуўся. Пад столлю ўжо вiсеў маленькi плазмоiд, лагодна прамянiста свяцiўся.
— Чаму ты ўчора так раптоўна знiк? — спытаў Буслейка. — Ён жа, Карл, пажартаваў, проста пажартаваў.
— А што гэта такое — жарт i што значыць — пажартаваў? — сцiпла пацiкавiўся плазмоiд.
— Цяпер я здагадваюся, чаму ў вашай цывiлiзацыi абрэвiятура СЦ, уздыхнуў Радаслаў. — Вы Сур'ёзная Цывiлiзацыя, дужа Сур'ёзная.
Разбудзiўшы Карла Гакенхольца, пайшлi ў залу пасяджэнняў (па Радаслававай тэрмiналогii) Розума Народа Ўсiх Сямi Колераў. Карл iшоў i скардзiўся, што ў яго абсалютна пусты страўнiк.
Читать дальше