Алег Грузьдзіловіч
Хто ўзарваўменскае мэтро?
Ад тэракту 11 красавіка 2011 году ў менскім мэтро загінулі
Натальля Валянцінаўна Абражэй, 1966 г.н.
Віталь Сяргеевіч Бакан, 1977 г.н.
Сяргей Анатолевіч Герасімчык, 1994 г.н.
Віталь Віктаравіч Дайнека, 1970 г.н.
Тацяна Ігараўна Захаркова, 1968 г.н.
Андрэй Уладзімеравіч Ільін, 1974 г.н.
Раман Васілевіч Капцюх, 1990 г.н.
Юры Аляксандравіч Клімец, 1987 г.н.
Анатоль Іванавіч Макейчык, 1954 г.н.
Анатоль Уладзімеравіч Наркевіч, 1959 г.н.
Аляксандар Яўгенавіч Парфунцаў, 1954 г.н.
Галіна Іванаўна Пікулік, 1959 г.н.
Вольга Эдуардаўна Салаўёва, 1983 г.н.
Сяргей Уладзімеравіч Сярбаеў, 1988 г.н.
Ганна Віктараўна Шагойка 1954 г.н.
У тэракце ў менскім мэтро загінулі пятнаццаць чалавек.
Незваротная страта, непапраўнае гора, нязбыўны боль. Двух абвінавачаных расстралялі. Лягчэй нікому ня стала — грамадзтва раскалолася, як рака ў крыгаход.
Гэта быў самы адкрыты і самы падрабязны суд такога маштабу за ўсю гісторыю Беларусі зь беспрэцэдэнтным удзелам пацярпелых, замежных і айчынных экспэртаў апэратыўнымі рэпартажамі і такой колькасьцю камэнтароў у інтэрнэце, якая засьведчыла, што свабода грамадзкай думкі існуе, нягледзячы на ўсе забароны.
Суду не паверылі і гэта расплата за гады няспынных арыштаў грамадзянаў быццам за лаянку, быццам за супраціў, быццам за малую патрэбу, быццам за мітынг, быццам за падаткі, быццам за што заўгодна.
Калі няма даверу, нічога нельга выключыць. Калі нічога нельга выключыць, усё можна паставіць пад сумнеў. Калі ўсё можна паставіць пад сумнеў, няма мяжы паміж чорным і белым. Калі няма мяжы паміж чорным і белым, дабра не адрозьніць ад зла. Калі дабра не адрозьніць ад зла, зьнікае розьніца паміж законам і загадам. Калі зьнікае розьніца паміж законам і загадам, справядлівасьці не шукаюць у судзе. Калі справядлівасьці не шукаюць у судзе, узрываюць мэтро.
Неабавязкова ўзрываюць, неабавязкова мэтро — але вінаватых шукаюць заўсёды пад знакам «быццам».
Гэтая кніга — пра розьніцу паміж «быццам» і «насамрэч».
Бо розьніца ёсьць.
Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода
Многія жыхары Менску могуць прыгадаць, што рабілі а 6-й вечара 11 красавіка 2011 году, бо пасьля тэракту ў менскім мэтро гэты дзень і гэтая гадзіна засталіся ў памяці шмат каго на ўсё жыцьцё. У той дзень я быў вечаровым дзяжурным па сайце svaboda.org. Абавязак — сачыць за навінамі. Іншымі словамі, я адказваў за тое, каб самыя цікавыя падзеі з жыцьця Беларусі адлюстроўваліся на нашым сайце.
17.30. Скончылася рэдакцыйная лятучка. 17.50. Праглядаю зводкі інфармагенцтваў… Раптам інтэрнэт і тэлефоны адначасова як ашалелі. Адусюль пайшлі весткі пра незвычайнае здарэньне на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Паводле першых паведамленьняў, там адбыўся нейкі выбух, але аварыя гэта, пажар, выпадковае здарэньне ці тэракт, зразумець было на той момант немагчыма, тым больш што дагэтуль у Беларусі такога не здаралася.
Мэтро ў Менску даўно перастала быць выспаю спакою і бясьпекі, але мы, яго карыстальнікі адмаўляліся гэта заўважаць. І рэч ня толькі ў тым, што мэтро зрабілася занадта шматлюдным, і ў гадзіны пік ад цісканіны можна проста ўпасьці з плятформы, ня ў тым, што раз на 2-3 месяцы нехта ў менскім мэтро кідаецца на рэйкі пад цягнік: пэнсіянэр — былы выкладчык інстытуту, студэнт ліцэю, старая жанчына… Яшчэ да выбуху нешта раптам зьмянілася ў краіне настолькі што адчуваньне і асабістай, і агульнай абароненасьці зьнікла зусім.
Але тое, пра што пачалі паведамляць мэдыі пачынаючы з 18-й гадзіны вечара, выглядала як нейкі жудасны сон. «З выхадаў са станцыі валіць дым», сьведкі кажуць нават не пра адзін выбух, а пра два, у раён «Кастрычніцкай» едуць і едуць пажарныя машыны і карэты хуткай дапамогі, з мэтро «выносяць целы абпаленых і моцна параненых», ёсьць загінулыя…
Можна толькі ўявіць, што ў той момант дзеялася ў тэлефоннай прасторы, што перажылі дзясяткі тысяч тых, хто ехаў у мэтро ў момант выбуху, хто затрымаўся на хвіліну-дзьве па нейкіх справах і цудам не пасьпеў спусьціцца пад зямлю, хто вось толькі што выйшаў на паверхню, а мог быць яшчэ там. А як перажывалі за родных іх сваякі, ад чыіх званкоў у сотавай сувязі пачаліся перабоі — «лінія перагружаная»…
Згадваю відэа агляду цягніковых вагонаў, якое паказалі на працэсе: падчас здымкаў унутры вагона камэра выхоплівае разьбітае шкло, сарваныя выбухам панэлі, сядзеньні, асабістыя рэчы пасажыраў, а гукавым фонам праз усе кадры гучаць званкі мабільных тэлефонаў: сваякі і сябры настойліва спрабуюць дазваніцца ўладальнікам гэтых тэлефонаў, магчыма, параненым ці нават ужо нежывым. І гэта гадзіны празь дзьве-тры пасьля выбуху!
Читать дальше