Зрэшты, да таго, што забарона здымаць на працэсах распаўсюджваецца на ўсіх, акрамя апэратараў БТ, астатнія журналісты ўжо прызвычаіліся. Увесну таго ж 2011 году на працэсе ў Фрунзенскім судзе Менску над экс-кандыдатамі на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым і Віталём Рымашэўскім такое ўжо было: усіх, хто здымаў, з залі выганялі, а БТ працягвала безь перашкодаў рабіць «карцінку».
А зараз некалькі словаў пра тое, як назіралі за журналістамі. Працэс над меркаванымі «тэрарыстамі» праходзіў не ў будынку Вярхоўнага суду на вуліцы Энгельса, а ў Палацы правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі, прычым не ў адмысловай судовай залі, а ў актавай, асноўнае прызначэньне якой — сходы, а пры патрэбе, відаць, і нейкія ўрачыстыя мерапрыемствы працаўнікоў правасудзьдзя. Трэба прызнаць, што абраць для працэсу менавіта гэтую залю было адзіным слушным рашэньнем.
Пры наяўнасьці больш як 400 пацярпелых, плюс назіральнікі, плюс журналісты, ахоўнікі, ня кажучы пра асноўных удзельнікаў працэсу, дзе магчыма было б усіх разьмясьціць, як ня ў актавай залі Палаца правасудзьдзя? Але і мінусаў у такім выбары хапала. Магу толькі прыблізна меркаваць пра праблемы аховы, перамяшчэньня абвінавачаных ды іншыя арганізацыйныя цяжкасьці. Часам на працэсе праз расчыненыя дзьверы перад сцэнай можна было ўбачыць ахоўнікаў у масках са зброяй альбо пачуць брэх сабакаў — і гэта было страшнавата. Мяркую, працоўнай абстаноўцы ў судзе гэта не асабліва спрыяла.
Яшчэ адна праблема — амапаўцы з каменнымі тварамі перад сцэнай. Магчыма, калі б жалезную клетку з абвінавачанымі не ахоўваў цэлы аддзел міліцыянтаў, прысутнасьць амапаўцаў не выглядала б такой недарэчнай. Каго яны ахоўвалі, калі, седзячы сьпінамі да сцэны, цягам усяго працэсу ня зводзілі вачэй з залі? Судзьдзяў ад пацярпелых і журналістаў ці наадварот? А можа, сачылі, ці не дастае хто мабільны тэлефон, каб зрабіць фота ці відэа з працэсу? І гэта ня кажучы пра тое, што ў журналісцкім «сэктары» праз два-тры шэрагі на першых месцах сядзелі міліцыянты ў цывільным і ня толькі сачылі за намі, але і ўпотай прыслухоўваліся, пра што мы паміж сабой гаворым.
І пра што ж мы гаварылі? Спачатку — што нешта ў пракурораў не сыходзіцца, і тыя два хлопцы ў жалезнай клетцы з выгляду ня надта падыходзяць на ролі, якія ім вызначылі. Потым часьцей і часьцей паміж намі гучала, што ўсё ж гэта яны, Канавалаў і Кавалёў. Потым зноў наадварот — не яны. І гэтак некалькі разоў, туды-сюды, у залежнасьці ад грунтоўнасьці прадстаўленых доказаў. І ад даверу да розных удзельнікаў драмы, якая разгортвалася ў менскім Палацы правасудзьдзя восеньню 2011 году.
II. Вэрсіі добрая і дрэнная
Адказ, які мы ўжо маем пра падзеі 11 красавіка ў мэтро, сьцьвярджае, што гэта быў выбух бомбы, тэракт, учынены тэрарыстам-адзіночкам Дзьмітрыем Канавалавым і ягоным сябрам і памагатым Уладзіславам Кавалёвым, а мэтай іхнай было дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі. Кропка. Так вырашыў Вярхоўны суд, вэрдыкт якога перагляду і адмене не падлягае.
А цяпер скажыце, ці можа такі адказ задаволіць грамадзянаў краіны, якія жывуць у сваім ізаляваным сьвеце, амаль як за каменнай сьцяной? Стабільна, спакойна, хай і небагата, але ў сярэднім сыта, і тэрарыстаў яны ў вочы ня бачылі? Апазыцыянэраў рознага гатунку бачылі, начальнікаў рознага гатунку бачылі, маньякаў-забойцаў — зрэдку, па тэлевізіі, але таксама бачылі, а вось тэрарыстаў — толькі ў выпусках замежных навінаў. Справы ў эканоміцы за гэтай сьцяной больш-менш ідуць, клімат спакойны, нацыянальны мэнталітэт — яшчэ спакайнейшы, і гэта яўна адбіваецца на тэмпэратуры сацыяльных і палітычных канфліктаў. То адкуль жа ў такіх умовах узяцца тэрарыстам?
Афіцыйны адказ на гэтае пытаньне малюе маршрут ад пункту А да пункту Б, якім прайшлі пэўныя грамадзяне, каб урэшце апынуцца ў камэры сьмяротнікаў. Але хіба ён тлумачыць, чаму яны сталі на гэтую дарогу і навошта ім гэта спатрэбілася?
Навошта было забіваць невінаватых людзей, пры гэтым не выстаўляючы ніякіх патрабаваньняў, нікому ня помсьцячы, не патрабуючы грошай ці выкупу?
Бабуля-прыбіральніца ў Палацы правасудзьдзя, дзе праходзіў працэс, казала мне паўшэптам, круцячы галавой: «Калі ж ты супроць улады, дык ідзі вунь вядома куды і там узрывай, чаго ты простых людзей узрываеш?»
Безумоўна, зусім не гуманна думае бабуля з Палаца правасудзьдзя, не патлумачылі ёй там дагэтуль, што нельга нікога ўзрываць, незалежна ад палітычных поглядаў ці службовага становішча, але яе лёгіку можна зразумець. І зразумець, што менавіта гэтая лёгіка не дазваляе ёй пагадзіцца з афіцыйнай вэрсіяй, паводле якой два звычайныя хлопцы проста ўзялі і ўзарвалі бомбу ў мэтро, як пэтарду на Новы год. Каб пашумець, каб «дэстабілізаваць» спакой і сон суайчыньнікаў.
Читать дальше