Далей больш пэўная спасылка на сьведку Пачыцкую:
«Пачыцкая Я. В. на вочных стаўках з Кавалёвым і Канавалавым давала аналягічныя паказаньні, пры гэтым указвала, што Кавалёў ведаў пра будучы сыход Канавалава 11 красавіка 2011 году. Калі вярнуўся Канавалаў, Кавалёў спытаўяго: «Нармальна ўсё прайшло?» На што Канавалаў адказаў: «Усё нармальна, зараз будзем піць».
Такім чынам, Пачыцкая пацьвердзіла факт знаходжаньня Канавалава і Кавалёва за шырмай. А пра тое, што там адбывалася, расказаў Кавалёў. Чытаем у прысудзе:
Прысуд, с. 65. «Кавалёў У. Ю. на вочнай стаўцы з Пачыцкай Я. В. пацьвердзіўу поўным аб’ёме яе паказаньні і ўдакладніў, што перад сыходам Канавалава яны зайшлі зь ім за шырму і зашмаргнулі яе. Канавалаў Дз. Г. адкрыў торбу і пачаў злучаць правады. Кавалёў знаходзіўся побач з Канавалавым Дз. Г., сядзеў на кукішках альбо стаяў. Канавалаў Дз. Г. дэманстраваў яму складнікі ланцуга і расказваў, што да чаго далучаць. Гаварыў шэптам, каб Пачыцкая не пачула. Знаходзіліся за шторай 10-15 хвілінаў. Потым Пачыцкая адшмаргнула штору і зазірнула да іх. Каб Пачыцкая ня ўбачыла, што знаходзіцца ў торбе, Канавалаў Дз. Г. яе закрыў…»
А што казалі абвінавачаныя з гэтай нагоды? 22 верасьня на працэсе ў Вярхоўным судзе апытвалі сьведку Яну Пачыцкую. Спынюся на яе допыце асобна, асабліва на дэталях.
У судовую залю з бакавога ўваходу побач са сцэнай увайшла стройная дзяўчына ў вялікіх акулярах, якія закрывалі палову твару. Не пасьпелі людзі ў залі ўгледзецца ў яе твар, як дзяўчына заняла месца за катэдрай і пачала расказваць пра абставіны знаёмства зь Дзьмітрыем Канавалавым, апісваць падзеі 10-12 красавіка, адказваць на пытаньні пракурора і судзьдзі.
Пачыцкая прамаўляла нягучна, але разборліва і добрай літаратурнай мовай. У параўнаньні з паказанымі раней у судзе вочнымі стаўкамі з абвінавачанымі сьведка яўна адышла ад шоку. Дзяўчына расказала, як яны з Канавалавым пазнаёміліся праз інтэрнэт, як 10 красавіка Канавалаў пазваніў ёй і папярэдзіў, што ўвечары прыедзе ў Менск на некалькі дзён «па справах», і прапанаваў сустрэцца. Як убачыліся ўпершыню каля мэтро «Фрунзенская», прычым на гэтую сустрэчу яна прыйшла зь сяброўкай, а Канавалаў — зь сябрам, Кавалёвым.
Потым пайшлі ў краму «па віно, гарэлку і садавіну», адтуль да Канавалава на кватэру, дзе яна засталася да вечара 12 красавіка, а сяброўка — не, тая сышла празь некалькі гадзін. «Выпівалі сьпіртовыя напоі, гутарылі», — казала Пачыцкая пра заняткі тых двух дзён, якія перакулілі яе жыцьцё настолькі, што ў судзе давялося хавацца за акулярамі.
Што пацьвердзіла ці паведаміла ўпершыню Яна Пачыцкая пра паводзіны абвінавачаных? Найперш яна расказала пра выпадак з торбай, над якой убачыла Канавалава і Кавалёва, і пра тое, як яе адправілі адтуль на кухню. Згадала, як Кавалёў спытаў Канавалава, перад тым як той сышоў: «Можа, ты ўсё ж ня пойдзеш?» — «Не, пайду», — адказаў, паводле Пачыцкай, Канавалаў і дадаў: «А потым будзем гуляць». Паўтарыла, што пасьля выбуху — «пасьля 18 гадзін» — Канавалаў прыйшоў у прыўзьнятым настроі і заявіў, што зараз яны будуць піць. Апавяла, як пілі і сьмяяліся падчас выступу Аляксандра Лукашэнкі.
Да ўварваньня міліцыі ў кватэру таксама адбылося некалькі падзеяў, вартых увагі суду. Яна Пачыцкая згадала дзіўную размову з Канавалавым на кухні, падчас якой кавалер распытваў яе, «што б яна зрабіла, калі б ведала, што жыць засталося вельмі мала». Але дзяўчына не надала гэтаму асаблівага значэньня, бо Канавалаў быў яўна нападпітку. «Сядзеў на кухні і нешта сьпяваў неразборлівае, быў у сабе, на пытаньні не адказваў, а потым пайшоў у краму», — таксама згадала Яна Пачыцкая пра свайго сябра.
Папярэдняе больш сьведчыць пра псыхалягічны стан і настрой Канавалава, а вось сьведчаньне, якое можа непасрэдна датычыць плянаў на тэракт: калі яна была ў кватэры, Канавалаў забараніў ёй устаўляць у ягоны тэлефон сім-картку і акумулятар, а сам, калі 11 красавіка каля 17-й гадзіны сыходзіў з дому, узяў для карыстаньня яе тэлефон. Калі вярнуўся (пасьля тэракту), зьдзівіў Пачыцкую паведамленьнем, што ёй тэлефанавала маці. Аказваецца, у дзяўчыны былі своеасаблівыя адносіны з маці, і ў той дзень званка ад яе Яна ніяк не чакала. Ва ўсякім разе, бяз важкай прычыны. А калі Канавалаў вяртаўся ў кватэру, такая прычына зьявілася, бо тысячы маці званілі дочкам, каб пераканацца, што зь імі ўсё добра. Толькі рэч у тым, што Яна Пачыцкая пра гэта ня ведала, а Канавалаў ведаў, таму і супакоіў маці Яны, а потым расказаў дзяўчыне пра гэты званок.
Читать дальше