"Савецкая ўлада стане ўладай ня толькi рускай, але й iнтэрнацыянальнай, роднай для сялян раней прыгнечаных нацыяў, калi ўстановы й органы ўлады загавораць i будуць працаваць на роднай мове" (Сталiн). А чаму, уласна, вы думаеце, што ён хлусiў?.. "ГРУБИАН Матвей Матвеевич (р. 1909, м. Соколовка, ныне Киевской обл.), еврейский советский поэт. Окончил лит. ф-т Минского пед. ин-та в 1938. В 1935 в Минске вышел первый сб. стихов "Из подвала - к солнцу"... Але далей, далей...
Калi няспынна йдзеш мiма стэлажоў, выхоплiваючы кнiгу па кнiзе, старонку па старонцы, фразу па фразе, - разумееш, што нiякай сыстэмы няма. Нiшто ня цiсьне на цябе й не абяцае змрочнага вынiку. Каб упэўнiцца, што гэта так, што гэта ня сон, паспрабуй на сэкунду параўнаць два гэтыя станы - спынiся каля якой-небудзь палiцы й чытай запар...
Бовш В.И. Сионизм на службе международного империализма. Мн., 1970. Бовш В.И. Антикоммунизм - главное идейно-политическое оружие империалистической реакции. Мн, 1971. Бовш В.И. Обострение идеологического противоборства... Мн., 1976. Бовш В.И. Антикоммунизм перед судом... 1983... Реальный социализм и современные "крестоносцы"... 1985...
Цяпер ты бачыш, што ўсё ў парадку. Спыняцца нельга.
ДИСФОРИЯ, расстройство настроения, характеризующееся напряженным, злобно-тоскливым аффектом с выраженной раздражительностью, доходящей до взрывов гнева с агрессивностью...
Здаецца, гэты Боўш напачатку перабудовы яшчэ пiсаў у газэтах нейкiя "антыперабудовачныя" артыкулы. Але антыкамунiзм усё ж перамог. Яшчэ не канчаткова, праўда, i нават ня поўнасьцю, але перамагло гэтае мора антыкнiг, завалiла, залiло прапанаваную сыстэму, разбураючы яе стройны шкiлет.
ГОЛЯК, шкурка преждевременно родившегося каракульского ягненка или плода, извлеченного из утробы павшей или преждевременно забитой матки. Шкурки покрыты коротким гладким волосом с едва заметным муаровым отливом или без него. После выделки используются для изготовления головных уборов.
Уся справа, вiдаць, у тым, хто надзене на галаву гэты "голяк". Але пра тое ў энцыкляпэдыях ня пiшуць. Там тлумачаць словы, якiя высыпаюцца з пульхных тамоў, з прапанаванае сыстэмы i жывуць сваiм, непрадбачаным жыцьцём.
"ГАРУН, река в Хабаровском крае, левый приток Амура". "ГРЯЗИ, город в Липецкой области РСФСР на р. Матыра". "ДНО, город (с), центр Дновского р-на Псковской обл." Расейская милость i польская miłość - сутнасьцi, процiлеглыя абазначэньням. Прышласьць - чужое й будучае, два паняцьцi ў адным. Чужая будучыня. "Бацька, канчаючы расказваць казку: "I воўк зьеў гэтае непаслухмянае цялё". Сынок на гэта: "А калi б цялё было паслухмянае, яго зьелi б мы?" ("Голас Радзiмы", 1968)...
Яшчэ трохi, i старая сыстэма будзе разбураная зусiм. Яшчэ трохi, i пачне завязвацца новая. Трэба толькi ўспомнiць, за што зачапiлася думка... Ага: хто надзене шапку? Можа, Боўш? А можа...
БАТЫРША Алиев (ок. 1710--1762), башкирский мулла, написавший в начале 1755 обращение, призывающее башкир, татар, казахов и узбеков к священной войне против "неверных" - русских. В августе 1756 арестован, заключен в Шлисельбургскую крепость, где и умер.
P.S. Умер - праз тое, што нацiск не на канцы - гучыць неяк не канчаткова, ня цалкам, не зусiм. Лепей - памёр.
ЭНIГМА
Важкi том выбраных твораў Максiма Танка за 1952 г. на добрую траціну прысьвечаны Сталiну. Дасканала зробленыя вершы. Я не ўстрымаўся й гадзiны са дзьве дэклямаваў, аж пакуль не сарваў голас. Знаёмы мастак сказаў мне: нiчога дзiўнага, у Маякоўскага такiя вершы яшчэ лепшыя. Маўляў, ёсьць таленты ад Бога, а ёсьць - ад д'ябла, i яны бяруць верх папераменна. Дастаткова параўнаць з гэтымi майстэрскiмi вершамi Танка нягеглыя стогны сёньняшнiх паэтаў пра бел-чырвона-белы сьцяг i нашу недадушаную мову.
Але ў тым i рэч, што Танк - не ад д'ябла. У iм ня знойдзеш нiчога прынцыпова нездаровага. Якраз наадварот. Сваiм роўным, заўсёды крыху прыўзьнятым тэмпэрамэнтам ён наблiжаецца да прарочага тэмпэрамэнту Купалы. Але Купала славiў Сталiна на схiле свае творчасьцi, пiшучы "левай нагой", па iнэрцыi. I гэта была ўжо ня першая iнэрцыя паэта, якi стаў Купалам яшчэ ў 1910-я. Танк жа пiсаў оды Сталiну "на ўзьлёце", толькi ўступаючы ў пару свайго шматкнiжжа. Як гэта растлумачыць?
Тут я адразу адкiдаю матывы "д'ябальскага часу", "немагчымасьцi пiсаць пра iншае" i што "ўсе так пiсалi". Iнакш ня варта было б i вылучаць Танка з шэрагу ўсiх ды iншых. Я думаю пра тлумачэньне, якое даў гэтаму другi знаёмы мне творца: маўляў, недалёкi чалавек, адораны пачуцьцём моўнага рытму, выхаваны на ўзорах эўрапейскага паэтычнага мадэрну, - кляпаў сабе вершыкi на тэмы актуальнае iдэалёгii. А iнакш - як растлумачыць тое, што першы свой "сталiнскi" верш Танк пiша ўжо 17 верасьня 1939 году: "Ад сэрца мы шлём сваё шчырае дзякуй Сьцягам i байцам i прыслаўшаму вас" (дарэчы, у наступных выданьнях усё гэта выпраўлена, хоць даты пакiнутыя ранейшыя)? Як растумачыць зусiм ужо вузкалобы паводле зьместу верш "Памяцi таварыша Жданава", напiсаны чалавекам, якi безумоўна ведаў пра вышэйназванага таварыша больш, чым ведаў тады просты сьмяротны, - i напiсаны, пэўне ж, без чыйгосьцi прымусу? А хiба ня ведаў Танк пра масавыя пасьляваенныя рэпрэсii супраць "заходнiкаў", хiба не зьвярталiся да яго ягоныя ж паплечнiкi, знаёмцы, сваякi, калi вывозiлi Вiльню, Горадню, Нарач? А ён адказваў iм новымi вершамi пра калгаснае шчасьце, асьветлены зарою маўзалей, пра Сталiна, Сталiна, Сталiна... А iнакш - як растлумачыць эпiграф з Пушкiна да верша пра мяжу ў Берасьцi: "Вот, вот она! вот русская граница"?
Читать дальше