Калi б гэтыя тэмы былi нейкiмi выключэньнямi ў творчасьцi паэта, можна было б дашуквацца ў гэтых вершах i нейкiх адваротных намёкаў, як скажам, у канцоўцы верша "Правадыр": "Хай шумяць твае годы баявымi сьцягамi над краiнай маёй, над зубцамi Крэмля!" Можна было б гаварыць пра знарочыста аднастайную дыдактычнасьць гэтай паэзii. Але сам Танк абвяргае такiя дапушчэньнi.
Цi ня лепшы "сталiнскi" верш яго прысьвечаны Вiльнi. Тут - апошняе чалавечае жаданьне паэта, якое ня можа быць выказанае няшчыра, i гэтая шчырасьць распасьцiраецца на ўвесь твор, у тым лiку й на iдэалягiзаваныя радкi. Я думаю, што гэты верш яшчэ вернецца ў анталёгii, дзiўным чынам несучы ў будучыню адухоўленае паэтам iмя тырана.
Я гэты горад знаю з даўнiх дзён,
Дзе дрэмлюць замка гордыя руiны,
Дзе ўзьняў густое вецьце ясень, клён
Над сном акамянелым Гедымiна;
Дзе пад аркадамi сiвых муроў
Праходзяць ценi вулкамi вузкiмi:
Пясьняр Лiтвы, наднёманскiх палёў,
У падарожным плашчы пiлiгрыма,
I Калiноўскi, i таварышы...
Я чую голас iх у змроку шэрым,
Я чую, як Вяльля ў начной цiшы
Бароў прадвечных падмывае бераг.
I хоць навiслых камянiцаў сiнь
Начэй нямала беспрытульных тулiць,
А ў збуджаным напеве успамiн
Яшчэ ня ўсё балючае заснула.
Яно на кожным кроку устае,
Гарыць у верасьнёвай пазалоце,
Дзе вецер песьнi першыя мае
Рваў на Лукiскiм, на калючым дроце, --
Усё ж люблю я гэтых вулiц гул,
Граду Панар, высокi золак ранiц
I маладосьць, абвiтую ў тугу,
Якой у вочы можна сьмела глянуць.
Я гэты горад знаю з даўнiх дзён.
I кожны раз мне новыя старонкi
Суровай былi адкрывае ён,
Запiсанай на камнi вежаў звонкiх.
I я чытаю пыльныя радкi,
Ў якiх вiтае сьветлы дух Скарыны,
I устаюць мiнулыя вякi
I слаўныя краiны гадавiны.
Вось абелiск узьняўся, як прамень,
Над Чэрняхоўскiм, над магiлай паўшых,
I словы Сталiна палаюць ноч i дзень
Аб дружбе брацкай i аб славе нашай.
Я гэты горад знаю з даўнiх дзён.
I каб ня хвойны пах бацькоўскай хаты,
I каб не нарачанскай хвалi звон
Ля курганоў, ля сосен расахатых, --
Хацеў бы я, каб мой апошнi сьпеў
Тут, сярод гэтых незабыўных вулак,
Дзе ўпершыню ён гулка празьвiнеў,
Знайшоў спакой i вечны свой прытулак.
Словам, нiдзе й нiколi потым, калi ўжо стала можна, Танк адкрыта ня даў падставаў думаць, што пiсаў пра Сталiна няшчыра, што на самой справе ўсё бачыў i разумеў па-людзку, а не па-функцыянэрску, што "ня верыў". Не, верыў. I, бадай, так моцна, што новыя часы зусiм загналi яго ў кут. Мы атаясамлiвалi яго зь Вiльняй, зь iмёнамi тых, каго ён там ведаў, з эўрапейскiм духам у беларускай паэзii. А ён, улаўраны й народны, чалавек прэзыдыюмаў i прывiлеяў, ператварыўся ў сапраўдны наглуха задраены танк на п'едэстале - такi самы, як стаiць каля ягонага дому ў Менску. Напiсаўшы мноства тамоў, ён так i не сказаў нi слова пра тое, хто ён, i, будучы ўвесь час навiдавоку, стаў, бадай, самым замкнёным, таемным i загадкавым чалавекам у беларускай лiтаратуры.
"Недалёкi" - занадта простая разгадка ягонае таямнiцы. Паэт узроўню Купалы й Багдановiча - недалёкi чалавек, - гучыць занадта парадаксальна для дэфiнiцыi. I таму, думаю, яшчэ не адно пакаленьне будзе шукаць сапраўднага Танка ў ягоных дзёньнiках, лiстох i вершах, тлумачыць яго й зноў не задавальняцца тлумачэньнем.
IДЭЯ МЁРТВАГА ДОМУ
Тэкст, якi падаецца нiжэй, выкананы ў жанры "iнфантыльнага снабiзму" альбо "снобскага iнфантылiзму", - як каму больш падабаецца. Маючы на ўвазе гэткую зыходную жанравую адмоўнасьць, аўтар iмкнуўся знайсьцi й абазначыць яе станоўчы антыпод - у паэзii, культуры, палiтыцы. Але не знайшоў i таму самаўпэўнена зрабiў выснову пра тое, што заняпад беларускай iдэi ёсьць, i ён непераадольны ў тых формах, у якiх гэтая iдэя йснавала ды йснуе дагэтуль.
Цяпер для мяне ня так iстотна ды вызначальна, хто я - сноб, iнфантыл, уцякач, здраднiк. Гэтаму ўжо можна здраджваць. Нiбыта пасьля доўгае хваробы мне вярнуўся першапачатковы сэнс iдэi: беларушчына - гэта творчасьць. Шматгадовыя ваганьнi й прыблiзны сэнс адраджэнства склалiся ў адзiную прычыну паразы на пераможным шляху. Цяпер я ведаю, чаму нашыя першыя сапраўды шчасьлiвыя хвiлiны далучэньня да яе сталiся з часам для многiх з нас неахвотным мэханiчным дзеяньнем - руцiнаю "адраджэньня". Але першапрычыны такое мэтамарфозы - у колiшнiм часе, на пачатку стагодзьдзя. Там, разам з усiм, што ў нас ёсьць, закладзеныя падвалiны Мёртвага Дому беларускай iдэi.
Цяпер я ўпершыню зьбiраю да кучы тыя пытаньнi, на якiя ў розныя гады стараўся не дашуквацца адказу. Напрыклад, чаму нашыя вялiкiя паэты-прарокi, i першы зь iх - Купала, зусiм невядомыя ў сьвеце? Iх iмёнаў няма ў шэрагу Ўiтмэнаў з Апалiнэрамi... (Праз доўгi час я пераконваў сябе, маўляў, ёсьць клясыка сусьветная i - для ўнутранага карыстаньня, для служебного пользования. Але перачытваць вершы пра долю беларускага мужыка, напiсаныя ў раскошным вiленскiм рэстаране, не хацелася нiколi. Хацелася - калi не пэйзажныя й любоўныя, дык жорсткiя, мужныя, ваяўнiчыя.) Чаму такi пазытыўны твор беларушчыны, як "Адвечным шляхам" I.Абдзiраловiча, так настойлiва iгнаруецца тымi, хто вершыць сёньня тое адраджэньне? I самае-самае: чаму для мовы, культуры, нацыянальнае сьведамасьцi няма годнае сустрэчы з боку людзей? Калi гэта дзiва (а такiм яно адкрылася нам), дык яно мусiла б быць жаданым дзiвам i для астатнiх...
Читать дальше