- Бядача...
- Адвязiце мяне да мора.
Не знаходзячы словаў, я сьцепануў плячыма, узяў ручнiк i пайшоў умывацца. Iнтуiцыя падказвала мне, што магу ўлезьцi ў нешта нядобрае. "Аднак, - казаў я сабе, - нiякiх падставаў ня верыць суседу ў мяне няма".
Вада шумна сьцякала ў бляшаную чарупiну. Я пачуваўся прытомленым, але зусiм не хацеў спаць.
- I што вы будзеце там рабiць? - спытаўся я, вярнуўшыся ў нумар.
- Адвязiце - пабачыце.
Увогуле справа была нескладаная. 18 км па добрай дарозе. Я ўжо зусiм не хацеў спрачацца.
I мы паехалi.
- Вы адчуваеце, дарога ўвесь час iдзе ўнiз, - казаў сусед з захапленьнем дзiцяцi. - Якая незваротнасьць! Мяне ахоплiвае дзiўнае пачуцьцё. Адсюль ужо нельга выбрацца. Нiчога нельга вярнуць. Жыцьцё пражыта. А страху няма. Ёсьць урачыстасьць. Гэта як гiмн. Мы ўвесь час спускаемся. Вы чуеце гэты шум? Гэта шум мора! Ён нарастае. Я пачынаю хвалявацца. Скажыце мне што-небудзь, змагар!
- Нiчога.
- Як нiчога?
- Я нiчога не разумею.
Дарога зайшла ў тупiк. Далей былi нейкiя хаткi, падобна, што дачы, а за iмi, напэўна, мора.
- Мы прыехалi.
- Дык хадземце. Хадземце, няўжо вы можаце тут сядзець?
Мы прайшлi мiж дамкамi, i нас сустрэў неабсяжны бясконцы гул. Мора стаяла халоднай чорнай сьцяной. Вялiзны камяністы пляж, на якi накатвалiся пенныя хвалi, быў абсалютна пусты.
Сусед пазiраў на мора як заварожаны, а ягоны рашучы профiль не пакiдаў месца сумневу.
- Я павiнен плысьцi, - сказаў ён, расшпiльваючы кашулю. - Плысьцi дзень, два, тры. Калi вырашыў. Прыйшоў час i - паплыў, колькi зможаш. Як сапраўдны плывун... Без трупярнi й могiлак.
- Навошта вам гэта? - спытаўся я.
- Гэта норма. Я пражыў i ўвогуле задаволены сваiм жыцьцём. Гэта проста нармальна.
- А Бог? Бог вызначае тэрмiны...
- Слушна. Ён падказаў мне, што мой тэрмiн прыйшоў. У нас з Богам поўная згода. Я проста сыходжу. Як кiт, якi выкiдаецца з свайго мора на бераг, так я - з свайго берагу сыходжу ў мора. У поўнай згодзе з прыродай. Нiякага самагубства. Я проста адбыўся.
Нейкi час мы маўчалi. Сусед пазiраў на высокiя берагавыя хвоi, камлi якiх плавiлiся на сонцы й ператваралiся ў бурштын.
- Давайце разьвiтвацца, - нарэшце сказаў ён. - Вы чараўнiк! Вы зьдзейсьнiлi апошнюю мару майго жыцьця. Я ня ведаю, як вам аддзячыць... Хаця... цяпер вы ведаеце iдэальны спосаб. Вы яшчэ малады, але калi-небудзь вам гэта можа спатрэбiцца. Бывайце.
Я быў разгублены, а ён, распрануўшыся, кiнуўся ў хвалю й паплыў. Неўразуменьне нiбы скавала мае рухi й мой голас, пакуль ён зусiм ня зьнiк зь вiдавоку. Адтуль патыхала жаданай i чыстай сьвежасьцю, але я не заўважаў гэтага, калi сядаў у распаленую на сонцы душную машыну.
Усю дарогу да Менску я ня мог сабрацца з думкамi, адчуваючы агiдны халадок пад сэрцам. I толькi пад'яжджаючы дадому, я раптам з усёй яснасьцю зразумеў: я забiў чалавека.
Гэта было там, у далёкай казцы, на сонечным беразе дзiўнага мора, дзе кожны можа рабiць, што захоча, i нiкому няма нi да кога справы.
Але тут гэта ўсё выглядала йнакш. Тут я нiкому нiчога ня мог растлумачыць, нiчога даказаць. Начны горад сустракаў мяне сваiмi жорсткiмi й халоднымi абдымкамi. Тут ня верылi байкам i казкам. Я забiў чалавека. Жыць i думаць пра гэта мне належала тут.
З тых часоў прамiнула пяць гадоў. Мая газэта даўно выходзiць у Менску, i я да яе мала датычны. Трапiць у Латвiю можна толькi зь вiзай, дастаць якую зусiм няпроста. Мая краiна атрымала незалежнасьць. Мая сям'я забясьпечаная i, здаецца, цудоўна абыходзiцца безь мяне. Мае жаданьнi зьдзейсьнiлiся, а новыя не ўзьнiкаюць.
За гэтыя гады сам лёс зрабiў усё, каб я нiколi больш ня трапiў на мора. Але я не забыў нiчога. I таму, дапiсваючы гэтыя радкi, якiя павiнны вытлумачыць мой учынак, я выяжджаю ў Балтыю.
НАСТАЛЬГIЯ ПА МЕНСКУ
Я сучасны менскi iнтэлiгент. Я падобны да Марсэля Пруста, якi па дарозе да Свана шукае страчаны час. Я шукаю страчаны вобраз свайго гораду. Мая сьвядомасьць працiвiцца той упакоўцы, у якой яна высьпела. Я падобны да шыцiка, якi выпаўзае з свае паўразбуранай хаткi, што сталася для яго радзiльняй i часткай ягонага цела. Шыцiк бяз хаткi нежыцьцяздольны й безабаронны. Але дзе мой iншы горад, мой несавецкi Менск? I дзе ў Менску iншы, несавецкi я?
Вобраз гораду, калi гэта твой горад, фармуецца як вобраз гораду ўвогуле. Урэшце i Парыжам, i Адэляiдай, пра якiя мы чыталi ў кнiгах i глядзелi ў кiно, - для нас, менчукоў, быў наш Менск. Менск - Сан-Францыска Джэка Лёндана i Лёндан Олiвэра Твiста, Пецярбург Дастаеўскага i Будэёвiцэ Гашака. Твой горад - люстэрка урбанiстыкi сьвету. Прыяжджаючы ў Пецярбург, я неўсьвядомлена знаходзiў там тое, што атаясамiў з горадам Дастаеўскага ў Менску i такiм чынам прысвойваў СПб. Патаемны вобраз гораду фармаваўся як унiвэрсум. Гэты вобраз зьлiўся з намi, стаў часьцiнкаю нас.
Читать дальше