***
17.11.2014. Некалькі тыдняў таму адной паэтцы я сказаў, што над яе рукапісам яшчэ трэба добра папрацаваць, каб атрымалася кніга вартая выдання. У пятніцу паэтка патэлефанавала і адразу заявіла: «Я ўсю ноч плакала пасля размовы з вамі!» Падобнае ад паэтак чую не ўпершыню. Некаторыя старыя творцы, якія ў свой час нешта паспелі выбіць у выдавецтвах, палохаюць тым, што яны памруць і будуць мёртвымі прыходзіць да мяне і пытацца: «Чаму не выдаў кніжку?» Такіх, дзякуй богу, нямнога, але яны ёсць. І шкада іх, і дапамагчы ім цяпер амаль немагчыма, і самае галоўнае — яны не разумеюць, што, калі іх гадамі нідзе не друкуюць, то і выдавецтва не выдасць кнігу. Чацвёрты дзень думаючы пра слёзы паэткі, захацелася дажыць да таго часу, калі знойдзецца чалавек, які пасля размовы (не толькі са мной!) пра яго слабенькія творы, патэлефануе і скажа : «Я ўсю ноч не спаў і вырашыў, што болей пісаць не буду, а калі буду, то не буду хадзіць па рэдакцыях і не буду займацца скаргамі!»
***
18.11.2014. Галодны, як камар...
***
18.11.2014. Ідучы вечарам дахаты, у небе на воблаку ўбачыў радкі:
Ты піў віно з жаночай туфлі
І белай ружай заядаў.
Ад пацалункаў вусны пухлі,
Калі жанчыну цалаваў.
А што было далей — не помніш,
Дамоў вярнуўся, як з вайны
Ці з нейкае каменаломні,
Каб сніць вангогаўскія сны...
***
19.11.2014. У бібліятэцы імя Цёткі ўдзельнічаў у адкрыцці выставы мастака Валерыя Сенчанкі. За час працы ў выдавецтве я прывык да яго, як да добрага традыцыйнага дызайнера кніг і таму тое, што ўбачыў на выставе, было для мяне прыемнай нечаканасцю — у карцінах жывуць Беларусь, Украіна і Паэзія. Валерый Іванавіч на мастака не вучыўся, хоць і спрабаваў паступіць. Пасля вучобы ў Маскве трапіў інжынерам на завод «Інтэграл». Там было літаб’яднанне. Пасябраваўшы з заводскімі паэтамі і аздабляючы іх падборкі вершаў у заводской газеце, звярнуў на сябе ўвагу таго начальства, якое разбіралася ў мастацтве. І ўжо ў 90-я гады Валерый Сенчанка на «Інтэграле» працаваў дызайнерам гадзіннікаў «Электрон». Аднавясковец і сябра Валерыя Іванавіча расказаў, як трыццаць пяць гадоў таму яны былі ў кафэ, дзе паблізу сядзелі дзяўчаты, сярод якіх адна спадабалася яму. Як пазнаёміцца? І ён папрасіў Валерыя Іванавіча, каб той на сурвэтцы намаляваў партрэт прыгажуні. Калі партрэт быў гатовы, сябра дапісаў свой тэлефон і просьбу патэлефанаваць. Праз два тыдні дзяўчына патэлефанавала, і вось ужо 35 гадоў яны жывуць разам і сябруюць з сям’ёй Валерыя Сенчанкі.
***
21.11.2014. Учора нарэшце выпаў снег. Сёння растае. З берага Свіслачы ўзляцелі чайкі, як першы снег узляцеў.
***
23.11.2014. З Людай едзем у тралейбусе. Размаўляем. У салоне чалавек дзесяць. На чарговым прыпынку зайшоў мужчына гадоў сарака пяці, сеў насупраць нас. Праз хвілін пяць запытаўся: «Адкуль вы?» Я хацеў адказаць, што мы з калгаса, але стрымаўся і сказаў: «Мы з Мінска!»...
***
24.11.2014. Я ў вёсцы. Сяджу за камп’ютарам. Адчыняюцца дзверы. Да мяне прыйшлі манахі: «Мы з Грэцыі. У свеце вялікая бяда...» «Якая бяда?» — запытаўся я і нічога не пачуў у адказ. Манахі завязалі мне вочы і павялі. «Куды мы ідзём?» — хвалююся я. Праз нейкую хвіліну мы спыняемся. Адчуваю, што мы ў старажытнай Грэцыі. «Яму трэба тэрмінова выкалаць вочы!» — чую голас. Мяне садзяць на вялікае крэсла, якое падобнае на трон, прывязваюць. «Для чаго вы хочаце пазбавіць мяне зроку?» — пытаюся я. «Сёння загінуў Гамер, а праз тыдзень ён павінен быў пачаць ствараць «Іліяду»...» — чую ў адказ і. прачынаюся ад болю ў вачах.
***
25.11.2014. Нас многа, а ён адзін, як кропка ў канцы сказа.
***
27.11.2014. Прыходзіў стары. У кажуху і ў валёнках. У торбе прыносіў раман. Напісаны ад рукі. Амаль не прачытаць. Стары глухаваты. Яму 80 гадоў. На маё пытанне «Адкуль вы?» ён сказаў: «Я цяпер жыву ў Мінску, а так усё сядзеў у турмах у Сібіры.»
***
28.11.2014. У Інстытуце журналістыкі размаўляў з Пятром Жаўняровічам пра тое, як студэнты з інтэрнэта спісваюць курсавыя і, перакладаючы іх з рускай на беларускую мову праз гугл, трапляюць у камічныя сітуацыі. Найбольш пасмяяліся з курсавой, дзе старонка з заключэннем была пазначана словам «Зняволенне»...
***
29.11.2014. Алесь Квяткоўскі прапанаваў разам з’ездзіць у Гарадскую мастацкую галерэю твораў Леаніда Шчамялёва. Там працуе выстава ягоных карцін «Зімовыя сны пчол». Паехалі. Далекавата ад майго дома, але не шкадую, што пабыў у галерэі. Сабралася крыху людзей, якім у мароз захацелася памаляваць першы снег пад наглядам Алеся. Сярод маладых жанчын і маладых мам з дзецьмі быў Вітаўт Чаропка. Ён мне падарыў сваю новую кнігу «Геркулес, Руды і Пярун (Радзівілы-пераможцы)». Перад тым, як пачалося маляванне, я пачытаў цыкл хоку «Зімовае». За сталом, які быў складзены маладзіком, сядзела дванаццаць мастакоў, як дванаццаць апосталаў. Усе малявалі, а я сядзеў каля Чаропкі і натхняў яго ўспамінамі пра нашы маладыя гады. Алесь Квяткоўскі хадзіў кругамі каля стала і падказваў, як трэба маляваць. Гледзячы на яго, мне чамусьці ўспомніўся Астап Бэндар, які даваў сеанс адначасовай гульні ў шахматы ў вёсцы Васюкі. Я пра гэта сказаў Вітаўту і ён запытаўся: «А дзе Панікоўскі?» «Ён каля цябе сядзіць!» — адказаў я. Калі скончыўся наш пленэр, Вітаўт падпісаў сваю работу «Ранні снег» і падарыў мне. Развітваючыся з гаспадыняй галерэі Крысцінай Лядскай, я прапанаваў, пакуль працуе выстава Алеся, яшчэ раз зладзіць падобны пленэр. Супраць не было нікога.
Читать дальше