Такім чынам, атмасфера пасляваеннага беларускага грамадства фарміравалася не толькі поспехамі ў аднаўленні народнай гаспадаркі, энтузіязмам перамогі, але і ўсеагульным страхам, знявагай да чалавечай асобы, беззаконнасцю, дагматызацыяй грамадскай думкі. Магчымасць аўтарытарнага вырышэння пытання нараджала адчуванне безадказнасці ў адных і пасіўнасць у другіх, кансервавала грамадскую думку, стрымлівала яе развіццё аглядкай на высокія аўтарытэты. Пры вырашэнні надзённых пытанняў апелявалі не да патрабаванняў практыкі, а да падтрымкі гэтых аўтарытэтаў, перш за ўсё Сталіна. Імя Сталіна выкарыстоўвалася як сцяг, вышэйшая інстанцыя, апошні аргумент у любой спрэчцы. Сціплыя спробы ўзняць «хворыя пытанні» танулі ў агульнай плыні паўтораў афіцыйнага пункту гледжання і адзінадумстве. Быў працягнуты курс на нарашчванне эканамічнай магутнасці дзяржавы, замаскіраваны пад пабудову камунізму. Каркасам гэтага курсу з’яўлялася грамадска-палітычная сістэма сталінізму.
У прапануемым зборніку змешчаны выключна архіўны матэрыял без скарачэнняў, с захаваннем усіх стылістычных і арфаграфічных асаблівасцей арыгіналаў. На думку ўкладальніка, мова, якой паўстагоддзя таму карысталіся аўтары зваротаў (у першую чаргу гэта тычыцца сялян), уяўляе адзінае цэлае са зместам і перадае каларыт эпохі. З этычных меркаванняў імёны аўтараў лістоў, а таксама асоб, на якіх яны скардзяцца, пазначаны ініцыяламі. Пасля кожнага ліста ў сціслым выглядзе змешчаны вынікі яго разгляду ва ўладных структурах (за выключэннем тых выпадкаў, калі вынікі не захаваліся).
Хацелася б спадзявацца, што прапануемы архіўны матэрыял падштурхне да рэканструявання складанага, супярэчлівага і пакуль малавывучанага паўсядзённага жыцця людзей у БССР.
А. А. Гужалоўскі
Хроніка грамадска-палітычнага і культурнага жыцця БССР у 1951 г
24 студзеня — з нагоды згоды Сталіна балаціравацца ў дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР па Сталінскай акрузе ў Мінску адбыўся 100-тысячны агульнагарадскі мітынг;
Студзень — у БДУ адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная працам Сталіна па пытаннях мовазнаўства;
Студзень — на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы ў Маскве БССР была прадстаўлена маштабным палатном «Слава вялікаму Сталіну!» мастакоў Я. Ціхановіча і І. Давідовіча;
Студзень — выйшаў з друку альбом «К. Я. Варашылаў і Беларуская ССР»;
3–4 лютага — адбыўся VI пленум ЦК ЛКСМБ, на якім абмяркоўваліся шляхі паляпшэння работы піянерскай арганізацыі;
12–14 лютага — адбыўся VI пленум ЦК КП(б)Б, прысвечаны ўмацаванню калгасаў і ўздыму сельскай гаспадаркі;
25 лютага — адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет БССР, дзе ўсе аднагалосна прагаласавалі за «блок камуністаў і беспартыйных»;
Люты — заслужаны дзеяч мастацтваў БССР скульптар А. Бембель закончыў работу над скульптурай беларускай сялянкі, якая неўзабаве ўпрыгожыць беларускі павільён на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы;
Люты — прынята рашэнне аб узвядзенні 20-мятровага помніка Сталіну на Цэнтральнай плошчы ў Мінску;
Люты — закончыўся конкурс на лепшы праект помніка-манумента ў Мінску на Круглай плошчы воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінуўшым у баях за вызваленне Беларусі (конкурс выйгралі архітэктары Г. Заборскі і В. Кароль);
Люты — распачата выданне 6-томнага збору твораў Я. Купалы;
Люты — адсвяткаваў сваё 30-годдзе БДУ, на шасці факультэтах якога навучалася 1700 студэнтаў;
1 сакавіка — адбылося чарговае паніжэнне цэн на прамысловыя і харчовыя тавары на 10–20 %;
26 сакавіка — у Мінску адбылася рэспубліканская нарада жанчын-актывістак сельскай гаспадаркі;
27 сакавіка — ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР адбылася сустрэча моладзі з артыстамі тэатра, дзе маладыя рабочыя, служачыя, студэнты падверглі справядлівай дзелавой крытыцы работу тэатра;
8 красавіка — у мінскім Доме афіцэраў адбыўся канцэрт Д. Шастаковіча;
Красавік — адбыўся IV пленум праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР, прысвечаны мове літаратурнага твора ў святле прац Сталіна па мовазнаўстве;
1 мая — у новым будынку адкрыўся літаратурны музей Я. Купалы;
7 мая — адкрыўся Пінскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей;
Май — арганізавана прайшоў подпіс на дзяржаўную пазыку;
25 чэрвеня — у Мінску ў парку Чалюскінцаў адбыўся матацыклетны крос на першынства горада;
Читать дальше