Пачаўся урок пакуты.
Са сцяны — нібы з цёмных келляў,
глядзелі Боцеў і Леўскі,
а на партах свабодных
страх сядзеў і падказваў:
— Хто тыя людзі,
да якіх ты хадзіў на яўку?
— Дзе кватэра,
на якой сустракаўся ты з імі?
— Што ўручылі табе там?
— Каму ты ўсё перадаў?»
Пачаўся ўрок бясстрашша.
Ён быў вельмі добрым вучнем.
Найлепшым у класе.
А не прамовіў ні слова.
Ні на адно пытанне
не адказаў нічога.
Маўчаў,
калі яго білі ў класным пакоі,
маўчаў,
калі павялі за дзверы,
маўчаў,
калі яго ставілі
да сцяны на школьным двары.
Маўчаў
і тады, калі грымнуў апошні яго званок.
Ён быў вельмі добрым вучнем.
Маўчаў
і атрымаў «выдатна»...
на ўроку бяссмерця.
У своеасаблівым ракурсе падае вобраз падпольшчыка ў аднайменным вершы В. Пятроў. Паэт акцэнтуе ўвагу на такой высакароднай рысе свайго героя, як сціпласць. У гады падполля ён «з выгляду быў, як і ўсе, самы звычайны, зусім непрыкметны, у клёшы і з гальштукам у палоску, у кепцы і ў пазычаным паліто». На допытах, калі яго пыталі «Дзе ты дзейнічаў?» — ён да канца адказваў: «Нідзе», хаця, чуючы, як грымяць выбухі, пазнаваў сваю работу... Такім герой Пятрова застаўся і пасля вайны — «зноў звычайны і зноў непрыкметны». І нават калі яго пытаюць: «Ці дзейнічаў дзе раней?» — «хто ведае чаму, але бясспрэчна — гэта сіла навыку» — «яму ўсё не хочацца прызнацца». Так паэт сцвярджае вельмі важную думку, у якой заключана вялікая праўда вайны: героямі былі тысячы простых, звычайных, «як і ўсе», людзей, гераізм быў масавы. Гэтыя «зусім непрыкметныя» людзі жывуць побач з табой і не пахваляюцца заслугамі перад Радзімай.
«Чыста» партызанская тэматыка ў балгарскай паэзіі апошняга трыццацігоддзя на месцу і значнасці бадай што не ўступае тэме антыфашысцкага падполля, патрыятычнай дыверсійнай дзейнасці ў гарадах і сёлах. Партызанскія матывы не сталі манаполіяй толькі тых, хто сам знаходзіўся ў шэрагах народных мсціўцаў,— і гэта натуральна. Дарэчы будзе тут нагадаць, што самыя выдатныя паэтычныя творы аб партызанскай барацьбе ў нашай беларускай літаратуры былі напісаны ў гады вайны зусім не паэтамі-партызанамі (успомніце вершы і паэмы А. Куляшова, М. Танка, П. Броўкі, П. Панчанкі, Зм. Астапенкі, П. Глебкі). Відавочна, пытанне вырашае перш за ўсё сіла таленту, у паняцце якога ўваходзяць, як вядома, і здольнасць да творчага, мастацкага домыслу, і здольнасць да пераўвасаблення і суперажывання. Што ж датычыць балгарскай паэзіі, то і на сённяшні дзень лепшыя творы аб партызанскай барацьбе, на мой погляд, належаць пяру былых партызан.
Ужо больш дзесяці выданняў на роднай мове вытрымаў зборнік «Партызанскія песні» Весяліна Андрэева. Ён складзены з твораў, напісаных — у поўным сэнсе слова — на прывалах, у перапынках паміж баямі. Прайшлі дзесяцігоддзі, а вершы не трацяць непаўторнага подыху той грознай пары, не слабне сіла і прывабнасць таго першароднага пачуцця, якое іх нарадзіла. Лепшыя творы зборніка («Любоў», «Балада аб шаснаццаці», «Балада пра камуніста», «Сашка») вызначаюцца досыць акрэсленым характарам лірычнага героя Андрэева — па-салдацку мужнага, мэтанакіраванага, суровага. Адпаведна герою — мужная і суровая, я сказаў бы — эпічная, інтанацыя, важкі, немнагаслоўны, непрычэсаны верш. У «Баладзе пра камуніста», напісанай з зусім канкрэтнага выпадку, паэт дасягае вялікай сілы мастацкага абагульнення: вобраз героя-партызана, не трацячы эмацыянальна-асабовай чалавечай сутнасці, набывае велічна-манументальны характар.
«Дзе яны? Будзе лепей!..» Ён знаў, дзе ходзяць сябры.
І моўчкі закрыў павекі — няхай шалеюць звяры!
Разлютаванаму кату, што нальнуў знарок па сцяне,
сказаў у адказ з пагардай: «Забойца, страляй у мяне!»
Сыпалі соль на раны — пякло, як агнём, усяго.
Страшэнны боль нечуваны не выдавіў слова з яго.
Зноў да знямогі білі, у дзікай злосці тупой,
і злосць іх была бяссіллем прад вытрымкаю такой.
Нарэшце зусім заціх ён, пагасла пакута ў вачах.
І каты глядзелі моўчкі, няйначай скаваў іх страх.
«Не чалавек, а жалеза»,— над ім працадзіў фашыст.
І мёртвы ціха адрэзаў:
«Не, камуніст!»
У вершы «Любоў» паэт — з добрай псіхалагічнай верагоднасцю — раскрывае крайне драматычную калізію: цяжка паранены пры выхадзе з акружэння партызан просіць свайго самага блізкага сябра дастрэліць яго. «Я б зрабіў гэта й сам, але сілы няма ўжо... думаў... гранатай... ды яна вам лепей паслужа... Ім у рукі жывым не хачу я папасці — на расправу і здзек... Пацалуй мяне, Андруша!..» І сябра быў вымушаны спусціць курок... Верш набыў выразна трагедыйнае гучанне. Творамі такога плану В. Андрэеў засведчыў, што ён належыць да ліку тых паэтаў, якія не схільны спрашчаць і схематызаваць суровую і жорсткую праўду вайны. Трэба думаць, што менавіта ў гэтым і тоіцца адна з прычын, чаму яго «Партызанскія песні» карысталіся і карыстаюцца такой папулярнасцю, вытрымаўшы строгае выпрабаванне часам.
Читать дальше