Суровую атмасферу ваеннага горада, у якім гаспадараць гітлераўцы і іх паслугачы, але які — жыве і змагаецца, удалося перадаць Валерыю Пятрову ў вершы «У час зацямнення». Час зацямнення — вобраз сімвалічны, гэта — час панавання фашысцкай ночы. Але ў цемры ночы «блішчаць, нібы пражэктары, вочы дзяўчыны», якая «перад судом у кайданах хмурыць чало» і з годнасцю пераносіць катаванні («І хто з вас яе абстрыг, галантныя афіцэры? І хто б'е гумовымі палкамі?»); але ў цемры ночы ёсць «падземныя каналы — светлыя маўзалеі», таму што «ўсякая ахвяра распальвае агні ідэй». Настрой тых, хто ў суровы час змагаецца і верыць у перамогу, хораша выяўлены ў заключных радках верша: «І што з таго, што ў ноч праклятую жывём і паміраем? Сорак трэці — які зіхатлівы час!» Так, сорак трэці ўжо свяціў нашым сябрам ва ўсёй зацемранай і змардаванай Еўропе — свяціў зіхатлівымі перамогамі Савецкай Арміі, свяціў блізкім шчасцем доўгачаканай свабоды.
Амаль хрэстаматыйную вядомасць набыў на радзіме верш Младэна Ісаева «Спатканне» (1942) — адзін з лепшых твораў у балгарскай паэзіі Супраціўлення. Напісаны па-майстэрску сцісла, верш хвалюе глыбокай чалавечнасцю, праўдай пачуцця і яркасцю малюнка:
Шчоўкнуў ключ — і ў камеру заходзяць трое:
сонца, вартавы й дзяўчынка.
— Татка! — зразу ўсхліпнула малое.
— Татка! — свеціцца ў вачах дачкі слязінка.
Абдымаюць ручаняты міла,
губкі ў лоб цалуюць так пяшчотна;
ёсць каму паплакаць над магілай,
калі ступіш за рубеж смяротны...
Зноўку шчоўкнуў ключ —
і выйшлі трое:
сонца, вартавы й дзяўчынка.
Толькі на тваім ілбе ў спакоі
светлай зорачкай яшчэ блішчыць слязінка...
Непараўнана шырэй, чым у гады вайны, тэма антыфашысцкага падполля адлюстравана ў балгарскай паэзіі пасляваеннага перыяду. Калі раней падпольшчыкам прысвячаліся толькі асобныя вершы, то цяпер паяўляюцца і паэмы (напрыклад, «Паэма пра Вапцарава» Мл. Ісаева) і нават раман у вершах («Дзімітроўскае племя» Дз. Мятодзіева). Да нядаўняга гераічнага мінулага звяртаюцца не толькі тыя паэты, што прымалі непасрэдны ўдзел у змаганні з манарха-фашысцкім рэжымам, але і тыя, творчасць якіх з перамогай. Верасня пачала развівацца на новым ідэйна-эстэтычным грунце (Н. Фурнаджыеў, Эл. Баграна, Дз. Панцялееў, Ат. Далчаў, Д. Габэ), і тыя, што ў гады вайны былі дзецьмі і прыйшлі ў паэзію недзе ў сярэдзіне 50-х гадоў (Л. Леўчаў, А. Стаянаў, Э. Эўцімаў, Н. Інджоў, Ул. Башаў і інш.). Асноўны мастацкі прыём, якім карыстаюцца ў вершах і паэмах на гэтую тэму маладзейшыя ўдзельнікі Супраціўлення — паэтычны ўспамін аб незабыўных гадах рэмсаўскага падполля, аб чалавечым і грамадзянскім станаўленні і ўзмужанні свайго пакалення. У гэтых творах — як правіла, вельмі эмацыянальных, шчырых — многа сапраўднай гордасці за суровы жыццёвы лёс і гераічныя справы аднагодкаў і гэтак жа многа грамадзянскай чуйнасці і пільнасці, каб ні сёння, ні заўтра і ніколі іх слаўнае мінулае не было аддадзена забыццю, не сцерлася ў памяці і не прынізілася ў свядомасці новых пакаленняў. Асабліва характэрна гэта для творчасці Дз. Мятодзіева, Г. Джагарава, І. Пейчава, В. Пятрова, Д. Овадзія, Д. Жоцева, П. Мацева, Ул. Голева. У вершы «Спатканне» Мятодзіеў расказвае пра сустрэчу на з'ездзе ВКП з таварышам і паплечнікам па барацьбе, якога ён не бачыў дваццаць гадоў — з 1942 года.
Здраствуй, уваскрэслы з мёртвых!
Здраствуй!
Каб ты ведаў, які я шчаслівы,
што жывы ты і праўда — з табой,
што спаткаліся тут мы — у зале з'ездаў!..
Вядома, нічога падобнага я не сказаў.
Толькі сціснуў, што сілы было, яму рукі.
Толькі радасна ў вочы глядзеў, што свяціліся.
Толькі думаў пра нашу прыгожую маладосць — нерастрачаную.
Натхнёным гімнам гераічнай рэмсаўскай маладосці прагучаў першы зборнік вершаў Г. Джагарава «Мае песні» (1954). Думкі, пачуцці, перажыванні свайго лірычнага героя — маладога падпольшчыка — паэт перадае не ў плане ўспаміну аб мінулым (вершы ж напісаны праз дзесяць год пасля падзей!), а — у плане сучасным, як бы ўсё адбываецца зараз, цяпер, калі ён звяртаецца да чытача, іншымі словамі — паэт карыстаецца спосабам тэатральнага, сцэнічнага ўзнаўлення.
Яркі вобраз маладога падпольшчыка стварыў у вершы «Добры вучань» В. Ханчаў. Яго герой — гімназіст — «быў вельмі добрым вучнем, найлепшым у класе», ён ніколі не маўчаў каля дошкі, «на кожным уроку адказваў дакладна і ясна». Але аднойчы ў школу зайшоў афіцэр, выклікаў яго з-за парты і загадаў адказваць на ўсе пытанні «дакладна і ясна».
Читать дальше