Так дэкаданс узбагацiў верш, якiм карыстаемся зараз мы. Грэчаскiя, iтальянскiя, а за апошнi час i польскiя часопiсы поўныя разважанняў аб тым, што наша сiстэма верша "аўтаматызавалася", што рытмы састарэлi, што рыфма аджыла свой век, што парадак слоў у сказе зусiм не супадае з рытмам радка, i што таму нам трэба адмовiцца ад усяго гэтага, перайсцi да вольных вершаў, а там i зусiм сцерцi мяжу памiж вольным вершам i прозай. Цi так гэта?
Мне, як чалавеку з нетэарэтычным складам думкі, хацелася б, у адказ на гэта, проста прывесці ўрывак з верша М. Танка:
Самафракійская Ніка лёт на хвіліну спыніла,
Пра перамогу прынёсшы звестку ў Эладу сваю.
Радасцю дыхаюць грудзі, высака ўзвіхраны крылы.
Ледзь я знаёмую постаць, рысы яе пазнаю.
Праўда, калі з ёю стрэўся, ў наступ рашучы ішлі мы
Па здратаваных прасторах і па шляхах франтавых.
Iншай яна выглядала ў хмарах i пылу i дыму,
У шынялі і ў пілотцы, у кірзавых ботах цяжкіх…
Тут "аўтаматызаваная" сістэма верша, якой пісалі і тры тысячы год таму, тут, як бачыце, парадак слоў зусім не супадае з рытмам (вельмі "традыцыйным", нават з цэзурай пасля восьмага складу), і ўсё ж гэта, на мой погляд, паэзія.
Магчыма, такі метад спрэчкі некаторыя крытыкі і літаратуразнаўцы палічаць заганным, паўзучым і хто ведае яшчэ якім. Таму паспрабуем падыйсці з іншага боку.
Натуральна, што вершы, перш за ўсё, павінны гучаць. Яны — пераходная ступень да музыкі. Натуральна таксама, што з даўніх часоў змагаюцца між сабой дзве тэндэнцыі чтання вершаў: 1) акцёрскія (на сцэне) — ОПОЯЗ'аўцы калісь называлі яе фразуючай, — і 2) паэтычная (напеўная, па рытму), — яе называлі тактуючай.
Якая з іх лепшая? Кажуць, што паэты дрэнна чытаюць свае вершы, і мала хто ведае, што многія акцёры ім зайздросцяць, што наогул рассяканне радка на сэнсавыя адрэзкі, асабліва пры павялічаных паўзах, — глупства, бо гэта ўжо не верш. Калі нават мы толькі размесцім словы, не прытрымліваючыся вершаваных радкоў — і то чытаць гэта будзе вельмі цяжка. Такую спробу зрабіў калісьці Жукоўскі, і вось што ў яго атрымалася:
Могучий царь по имени Демьян
Данилович. Он царствовал премудро
И было у него три сына: Клим
Царевич, Пётр Царевич и Иван
Царевич. Да еще был у него
Прекрасный сад, и чудная росла
В саду том яблоня; все золотые
Родились яблоки на ней. Но вдруг… і.г.д.
Мне здаецца, нiхто больш не спакусiўся на такiя спробы.
Тут рашэнне, як часта бывае, пасярэдзіне між музыкай і сэнсам. І тое і другое яснае толькі ў іх адзінстве. Барацьбы гукавога і сэнсавага фактараў не павінна быць, і ўзмацняць гукавы фактар за кошт яснасці належыць толькі тады, калі мы вельмі добра ведаем, пра што ідзе гутарка ў вершы, калі мы можам абмежавацца намёкамі на ўсім вядомы прадмет. Так, для чалавека, які нічога не ведае аб паўстанні дзекабрыстаў, верш М. Асеева "Сінія гусары" з яго наўмыснымі гукавымі спалучэннямі, намёкамі, непераймальнымі алітэрацыямі — здаецца незразумелым. А калі мы ведаем аб прадмеце верша, нам стане зразумелы настрой гэтых людзей, ліхаманкавыя спрэчкі аб царазабойстве, аб радзіме за чаркай віна, ляск капытоў па Ліцейнаму, вочы, якія з-пад ківераў пагражалі палацам. І усё гэта пад звон гітары, які паступова пераходзіць ад мажора да мінора.
Тады і толькі тады мы не прыкмячаем наўмыснасці напісанага. І таму прыхільнікі першай тэндэнцыі і маюць і не маюць рацыі адначасова. Пачынаючы з Тынянава, яны правы ў тым, што сэнс фразы часта не супадае з рытмам яе, які здаецца непатрэбнымі ланцугамі, што гэтыя абставіны нарадзілі вольны верш, але яны не правы, калі абвінавачваюць у гэтым рыфму і рытм. Форма не вінаватая, як не вінаваты і сэнс.
Вінаваціць трэба паспешлівасць і часам проста няўмельства паэта. У вопытнага майстра пакуты рыфмы і рытму — справа другарадная, яна зусім не перашкаджае новым вобразам, хутчэй наадварот, выклікае іх. Я, напрыклад, упэўнены, што толькі пошукі свежай рыфмы да слова "сонца" (справа, паміж іншым, амаль немагчымая) далі А. Вялюгіну, — праз слова "слонцы", — наступны малюнак:
Зялёны дым: услед узнятай слонцы
арэшнік пылу воблака атрос.
Нiбы ў палац, сюды заходзiць сонца —
у мокрым лесе светла ад бяроз.
Тут рыфма вяла за сабою думку, а не наадварот. Калісьці між паэтаў была распаўсюджана вельмі карысная гульня "бурымэ": на зададзеныя рыфмы трэба было напісаць верш. І заўсёды ў дзесяцёх паэтаў атрымлівалася на адны рыфмы дзесяць розных вершаў. Гэта патрабавала хітрыкаў і мастацтва.
Читать дальше