Ніхто чамусьці не задумаўся, а чаму ў нас малавата вершаў на так званую "рабочую" тэматыку і чаму яны не заўсёды першакласныя па якасці? Якая таму прычына? Можа, яна ў тым, што праца, скажам, селяніна, рыбака, паляўнічага апаэтызавана самім шматтысячагадовым існаваннем паэзіі, што вакол яе традыцыя, звычкі, вакол яе — народная песня, прырода, што жыццё горада, жыццё завода здаецца, па неабходнасці, нівеліраваным. А можа, прычына ў тым, што мы гаворым пра паэзію "сялянскую", "рабочую", паэзію "для нешматлікіх" (глупства якое!!!) і пры тым забываемся на тое, што існуе адна паэзія — чалавечая і дзеля чалавека, у неадрыўным адзінстве і ў разнастайнасці почыркаў.
І вось перад намі вершы: "Над лесам — заводскія гмахі", а найперш — "Соль", ледзь не найлепшы ў зборніку, сапраўдны гімн працы і чалавеку.
Не ад сонца ідзём у глыбіні —
Па сонца ідзём.
Сонца гіне:
У кайданы крышталёў
закута —
Ляжыць у падземных закутках.
Ідзём —
магутныя —
Вызваліць брата
З-за кратаў.
Немагчыма працытаваць увесь верш з вольнай і мужнай яго інтанацыяй. Трэба прачытаць самому.
Яшчэ адной якасцю паэта ёсць — трывалая і дыхтоўная, моцная народная стыхія. Я пазнаю гэтыя радкі нават у перакладзе: па тыпова беларускай, вясковай пяшчоце і мяккасці, па адной гэтай падзяцы:
…Дзякуй, яблынька,
дзякуй, белая,
За казку…
Гэта тая дабрата і ласкавасць супакутавання, якая пераварочвае душу, калі бачыш аднаногага салдата ў лазні, які не пусціў з сабою на паліцу хромавую нагу. Гэта дабрата да тых, хто ў небыцці, але гэта яшчэ і дабрата трывогі, папярэджання, мужнасці, як у адным з найлепшых вершаў зборніка "Ідуць дажджы":
Ідуць дажджы…
І ліст лілеі
Над смерцю рыб —
хаўтурны стол,
Ідуць…
і стронцыю ўдары
Цвiкi у труны
б'юць і б'юць…
А ў небе хмары,
хмары,
хмары…
Ідуць дажджы…
Дажджы ідуць.
Народная стыхія паэтава яшчэ і ў спеўнасці. Не ў той, што нараджае шлягеры, а ў той, што бярэ інструментоўку народнага — "Шчыравала пчала" — і надае ўсяму гэтаму сучасны змест. І гэта больш сучасна, чым вольны верш, які кананізавалі некаторыя з нашых паэтаў.
Вершы "Калі б так проста кахалася", "Я не ведаю дзень той", "Прадвесне", "На Начы", "Чырвоныя ветры" — сучасныя.
І шмат яшчэ чаго з народнай стыхіі ёсць у творчасці В. Зуёнка. Гэта і гонар чалавека, які "жыве сяўбой, бярэ сяўбой". І страсная любоў да роднай прыроды, уменне пісаць аб ёй так, што верш хвалюе, як яна сама. Вось выезд восені:
Лейцы верасень сплёў з павуціны,
Пугу звіў кастрычнік з пянькі,
Лістапад
лiсця ў воз падкiнуў, —
Паганяй!
Нацянькі!
Едзе восень,
глядзіць задаволена,
Як ляцяць ад яе і бягуць,
Як чарот ліхаманіць ад золі,
Як iрве з багнiшча нагу —
Уцякаць сабраўся мачэўнік…
Ды не ўцёк — падвялі карані.
Едзе восень —
па пнях, па карчэўю…
Едзе восень
на рабым кані.
Гэта сарказм і іронія ("Каменная філасофія", "Стары цецярук"). І цудоўная лірыка разлукі і кахання, то гарачая, то празрыстая і чыстая снегавой беллю ("Ля далёкіх паўстанкаў"). І тое ж язычаскае "Нахіляўся, як дзікі лясун", — з такой нечаканай і таму поўнай чароўнасці празаічнай канцоўкай.
Чалавек, які сказаў, што кнігаўкі — трыццатае калена марскіх чаек і — рыдаюць, бо трызняць аб назаўсёды страчаным моры, гэты чалавек — паэт. Ён паэт, бо сказаў пра зялёную поўню, што праз тыдзень выйдзе над лесам, што хмарка і верабей б'юць крыламі, купаючыся ў лужыне.
Але нават каб нічога не было напісана, акрамя верша "Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе", — аднаго з найлепшых за апошнія гады, пра які гаварыць і гаварыць бы асобна — хапіла б і яго. Філасофія, глыбіня, сіла высакароднага сімвалу. Верш, над якім думаць і думаць, перажываць і перажываць. Верш з соснамі, рабрыстымі, як здані, да падсочкі, з соснамі, што пазбаўлены жывіцы, крыві — чаму і знікае смольны дух з хат, звонкасць — з цымбал, вышыня думкі — у паэтаў. Цудоўны, высокі верш, які якраз і сцвярджае, што не знікае і не знікне вышыня думкі ў сапраўдных паэтаў.
Хацелася б напаследак пажадаць маладому аўтару доўгага шчаслівага, добрага шляху. Каб яго крэсіва заўжды высякала, распальвала сапраўдны, святы агонь паэзіі.
Той, хто чытаў мой раман "Каласы пад сярпом тваім", памятае, вядома, галоўнага героя рамана князя Алеся Загорскага, князя паходжаннем, селяніна выхаваннем, дэмакрата перакананнямі. Памятае блізнюкоў-братоў Кагутоў, названых братоў героя, "дзядзьку" (і старэйшага сябра) Халімона Кірдуна і іншых, пра якіх аповесць толькі ўпамінае.
Читать дальше