У адзін дзень да нас прыехалі Алена Васілевіч, Васіль Вітка і Вера Палтаран. Пра майстэрства дзіцячага пісьменніка Цімох Васільевіч гаварыў так:
— Калісьці малым куплялі аддзенне навырост, бо за адзін год не зносіш. Для дзяцей і пісаць трэба гэтак жа добра, зразумела, як і для дарослых, але крыху з хітрынкаю. Тады і бацькі, можа, возьмуць штонебудзь для сябе...
Усе слухалі Цімоха Васільевіча засяроджана. Яго словы як бы набрынялі добрай усмешкаю. Ссівелыя, аж да белізны, валасы, разумны погляд з-пад інтэлігентных акуляраў, кожнае слова ўзважанае і трапнае — такога можна слухаць бясконца, і Вітка працягваў:
— Лірыкі праяўляюць свае здольнасці ў маладым узросце, а дзіцячыя пісьменнікі — потым, як становяцца бацькамі. Гэта першая прыступка. Вышэйшая — калі становяцца прадзедамі. Я пакуль не прадзед, а таму спадзяюся, што мая галоўная кніга яшчэ наперадзе. Гэта першае. А другое — дзіцячы пісьменнік павінен мець багаты жыццёвы вопыт. Відаць, невыпадкова, што выхаванне малых спрадвеку давяралі бабулям і дзядулям. А казкі, якія яны расказваюць сваім унукам, — гэта народная педагогіка, якая будзе выхоўваць вечна. Хаця, калі глядзець на ўзрост, дык бывалі і выключэнні...
І Цімох Васільевіч паведаміў, што сваю знакамітую казку „Канёк-Гарбунок” Пётр Яршоў напісаў у дзевятнаццацігадовым узросце. Калі прачытаў яе Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну, той пахваліў ад душы і прызнаўся, што яму, Пушкіну, не трэба болей пісаць казак, бо лепшую, чым гэтая, не створыць.
Потым Яршоў напісаў шмат твораў, але так і застаўся для ўсіх аўтарам „Канька-Гарбунка”.
— На дзіцячага пісьменніка нярэдка глядзяць, як на чалавека несур'ёзнага, — працягваў гаварыць Цімох Васільевіч. — Ён, сапраўды, пастаянна назірае за паводзінамі малых, іх гаворкаю, удзельнічае ў гульнях, — і расказаў, што Янка Маўр, якому было пад дзевяноста, мог залезці пад стол, хаваючыся ад доктара, які забараніў Івану Фёдаравічу па стане здароўя прыходзіць у Саюз пісьменнікаў...
ДА НАЗВЫ ВЁСКІ ЕЎЛІЧЫ
Тады, у Каралішчавічах, выступаючы перад маладымі літаратарамі, Васіль Вітка даказваў, што ледзь не кожнае слова людзі ўспрымаюць па-рознаму.
— У маладыя гады, — гаварыў Цімох Васільевіч, — я першы раз чытаў аповесці Валянціна Катаева і аж да слёз насмяшыла прозвішча аўтара. Хіба ж не смешна: Валянцін Пятровіч ката еў?!
Той каралішчавіцхі эпізод прыгадаўся мне праз многа гадоў, пад час працы над гэтай кнігай, калі раптам назва вёскі Еўлічы, дзе нарадзіўся Цімох Васільевіч, „разбілася” на два словы: „еў” і „лічы”. Значыць, еў ці не, а лічы, што еў. Нават жартоўны вершык паявіўся:
Рагаталі, як сычы,
Людзі слуцкай вёскі,
І пайшлі
Па зямлі
Дружна пагалоскі:
„Не маўчы,
А гавары:
Піў, лічы.
Ды еў, лічы!..”...
З той вясёлае пары
Вёску клічуць Еўлічы.
ЯК З'ЯВІЛАСЯ „ВАВЁРЧЫНА ГОРА”?
Нечакана размову скіравала ў іншае „русла” Алена Васілевіч. Алена Сямёнаўна абвяла вачыма нас, маладых яшчэ, бязвусых, і з усмешкаю спытала ў Віткі:
— Дык, што, Цімох Васільевіч, загадаеце гэтым хлопцам не пісаць, пачакаць, калі стануць дзядамі? Але і вы „Вавёрчына гора” напісалі, калі яшчэ не былі дзедам?
— Казка ўзнікла па неабходнасці, — адказаў Вітка. — Дзедам, і праўда, я не быў яшчэ, але бацькам ужо быў. Паехалі мы з сынам Вісарыёнам, якога ўсе блізкія звалі Вілікам, да бабулі ў вёску. Прыехалі ў Слуцк раніцой, а да маіх Еўлічаў транспарту не было. Пайшлі пеша, а гэта кіламетраў за дваццаць.
Вілік стараўся не адставаць, аж пакуль ногі не стаміліся. Захныкаў, сеў на дарозе і кажа: „Пайду, калі будзеш казку расказваць!” Я яму адну, другую, трэцюю... дзесятую — і ўсё, скончыліся. А сын ужо без казкі ісці не можа. Тады я стаў фантазіраваць пра вавёрачку, у якой забалелі зубкі. Пачалі з сынам прыдумляць разам, як дапамагчы беднай вавёрачцы. І ў Еўлічы прыйшлі.
Там я залез на вышкі, дзе звычайна працаваў, прыязджаючы дадому, і стаў пераводзіць прыдуманае ў дарозе ў вершаваную форму. Так і з'явілася казка.
ВІСАРЫЁН, ЁН ЖА ВІЛІК
Не памятаю, хто з маладых адважыўся задаць пытанне:
— Скажыце, Цімох Васільевіч, а чаму вы свайго сына Вісарыёнам назвалі?
— Вы ж памятаеце, што ў XІX стагоддзі быў вядомы крытык Вісарыён Рыгоравіч Бялінскі. Ягоныя творы я вельмі паважаў. У гонар яго і назваў. А для самых блізкіх сын быў і застаецца Вілікам.
У адным з лістоў 1942 года, адрасаваных жонцы Вользе, Васіль Вітка пісаў: „Перапісаў начыста вершы, што пісаў у час вайны, аб'яднаў іх у адзін цыкл пад агульнай назвай „Горкі вырай”... А даў мне назву і агульны настрой... той маленькі верш, які так бязлітасна раскрытыкаваў за недакладнасць рыфмаў наш „неистовый Виссарион”. Я прыняў яго крытыку вельмі сур' ёзна і сам зрабіў гэты верш на рускай мове і ўжо з дакладнымі рыфмамі. І вось „дзякуй” скажы яму, майму крытыку: верш з яго лёгкай рукі атрымаў усеагульную вядомасць. Цікоцкі напісаў да яго музыку, а тэнар Балоцін будзе выконваць яго на радыё на ўвесь Савецкі Саюз. Сягоння мне званілі з Радыёкамітэта і віншавалі. Кажуць, што цудоўная песня... Пасылаю гэты верш табе. Прачытай яго Віліну. Пацалуй яго моцна-моцна. І скажы яму, што ён сапраўдны крытык, раз свайго бацьку ў людзі выводзіць...”
Читать дальше