Гэты апошні пэрыяд акупацыі, гэта значыць другая палова зімы і вясна 1944 году, шмат у чым ня быў падобны да ўсяго папярэдняга часу. Пасьля восеньскай частковай эвакуацыі 1943 году, што так нечакана распачалася і гэтак нечакана скончылася, усім стала неяк адразу зразумела, што настае канец немцам і што яны вельмі хутка сыдуць з Расеі.
Пра гэта сьведчыла ўсё. І няспыннае набліжэньне фронту, і бесьперашкодны рост партызанскага руху, зь якім немцы зусім перасталі змагацца, і шчырыя выказваньні саміх немцаў у прыватных канфідэнцыйных размовах. Але самай пэўнай прыкметай блізкага канца было тое, што немцы адпусьцілі лейцы кіраваньня на акупаванай тэрыторыі. Ці даўно яны так гарліва ахоўвалі ўсе прэрагатывы сваёй гаспадарчай улады, лічылі за абавязак сунуць свой нос усюды і ўвоіуле трымаліся так, нібы атабарыліся ў Беларусі назаўсёды.
Пасьля восеньскай эвакуацыі ўсё адразу зьмянілася. Немцы яшчэ працягвалі займацца справамі, але толькі па інэрцыі, млява і неахвотна. Да спэцыфічных расейскіх справаў яны амаль страцілі ўсялякую цікавасьць. Цывільнае насельніцтва, якога пасьля першай эвакуацыі заставалася ў горадзе тысячаў 14–15, паціху разьбягалася. Хто хацеў пайсьці да партызанаў, рабіў гэта амаль адкрыта: грузіў на вазы найбольш каштоўную маёмасьць, забіраў у поўным складзе сям’ю ды ад’яжджаў раніцой на сьвітанку ў «невядомым кірунку».
Вельмі характэрна, аднак, што ў гэты трывожны час з гораду да партызанаў пайшло вельмі няшмат народу, усяго колькі дзясяткаў чалавек. У суадносінах з усім насельніцтвам гораду гэта складала мізэрны адсотак (прыблізна 0,5 %).
Значна больш народу сплывала паступова ў Заходнюю Беларусь. Людзі накіроўваліся туды нібыта часова, пад выглядам наведаньня сваякоў, закупкі тавараў і да т. п., ды заставаліся назаўсёды. Гэта зьдзяйсьнялася як законным шляхам — з пропускам па чыгунцы, гэтак і незаконна — бяз пропуску пешкі. У Заходнюю Беларусь, ці проста «Заходнюю», як кажуць у Полацку, пайшлі многія дзясяткі, калі ня сотні сем’яў. У пераліку на адсоткі гэта павінна было складаць ня менш за 5–6 %.
Новыя акалічнасьці — хуткі прыход «чырвоных» і значнае аслабленьне акупацыйнага рэжыму — ставілі перад намі, гэта значыць Групай і ўсім тым, што да яе належала, зусім іншыя задачы. Што трэба пасьпець зрабіць да прыходу бальшавікоў? Як найлепшым чынам выкарыстаць нямецкую слабасьць?
Аднак вырашэньнем гэтых пытаньняў Група занялася ня толькі аднымі сваімі сіламі, а сумесна з прадстаўнікамі Нацыянальна-працоўнага саюзу (салідарыстамі) і Расейскай вызваленчай арміі (уласаўцамі). Таму, перш чым працягваць далей аповед, тут давядзецца спачатку даволі падрабязна спыніцца на нашым знаёмстве і супрацоўніцтве з абедзьвюма вышэйзгаданымі арганізацыямі.
Пра Нацыянальна-працоўны саюз новага пакаленьня, як яго тады называлі, упершыню мы даведаліся раньняй вясною 1943 году. Прызначаная тады ў горад царкоўная асоба прывезла нам з Польшчы розную літаратуру, выдадзеную гэтай арганізацыяй. Мы зараз жа заняліся яе пільным вывучэньнем і ў цэлым ухвалілі. Больш блізкае асабістае знаёмства зь іншымі прадстаўнікамі Нацыянальна-працоўнага саюзу (НПС) адбылося трошкі пазьней, ужо ў сярэдзіне таго ж году. Гэты цікавы для нас ува ўсіх дачыненьнях расейскі чалавек з тыпова нямецкім прозьвішчам быў прысланы з Бэрліна ў Беларусь нейкай дзяржаўнай установай і павінен быў уваходзіць у афіцыйныя зносіны з найвышэйшымі мясцовымі нямецкімі ўладамі. Падчас афіцыйнай размовы ў нашай фэльдкамэндатуры адзін з старых афіцэраў, які прыняў прышлага за сапраўднага немца, паведаміў яму між іншым: «Ёсьць тут мясцовая расейская нацыянальная арганізацыя; безь яе цяжка было б цяпер абысьціся; але з часам гэтыя людзі стануць нашымі надзвычай небясьпечнымі ворагамі». Незнаёмец насьцярожыўся і выказаў пажаданьне пазнаёміцца з кіраўніцтвам Групы. Пасьля абеду афіцэр прывёз яго да нас, а сам паехаў.
Пачалася ўзаемная праверка. «Немец», на наша вялікае зьдзіўленьне, гаварыў па-расейску, як можа гаварыць толькі прыроджаны масквіч. Неасьцярожна кінуты ў фэльдкамэндатуры выраз пра нас надзвычай спрашчаў усю справу. Ня больш як праз гадзіну мы сталі сябрамі. Наш новы знаёмец, які яшчэ й сёньня жыве ў эміграцыі, быў адным з найстарэйшых кіраўнікоў НПС.
З таго часу «саюзьнікі» ўсіх рангаў сталі ўчашчаць у Полацак і заўсёды спыняліся ўжо непасрэдна ў нас. Жадаючы каардынаваць свае сьціплыя мясцовыя высілкі з старэйшай баявой арганізацыяй, што шырока раскінула сваю сетку, мы, гэта значыць я і яшчэ некалькі галоўных сяброў Групы, увосень 1943 году ўступілі ў НПС.
Читать дальше