А ў кнізе — жыццёвыя і творчыя лёсы землякоў, асоб з творчай інтэлігенцыі краіны, тых творцаў, хто нарадзіўся на Аршаншчыне ці творчы шлях каго пачынаўся менавіта тут. Ад Філона Сямёнавіча Кміты-Чарнабыльскага, дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, аршанскага старосты, якога Уладзімір Караткевіч назваў «першым сярэдневяковым пісьменнікам Оршы», да самага малодшага ў кнізе Святаслава Асіноўскага, гісторыка-краязнаўцы, даследчыка Аршаншчыны, які нарадзіўся ў мястэчку Смаляны.
А між імі — і заснавальнік Куцеінскага манастыра Іаіль Труцэвіч, і разьбяр Арсеній, які рабіў Каломенскі палац, і друкар Спірыдон Собаль, і паліглот з Копысі Міхаіл Уропчанка, які разам з адміраламі і мораплаўцамі Крузенштэрнам, Літке, Урангелем, акадэмікамі Арсеньевым і Струве быў заснавальнікам Рускага геаграфічнага таварыства — на пасяджэнні гэтым ён, буйнейшы даследчык у галіне геадэзіі, тапаграфіі, вядомы літаратар сядзеў побач з Уладзімірам Далем — аўтарам «Толкового словаря живого русского языка».
Аршанцы — гэта «чэлюскінец», пісьменнік Аляксандр Міронаў і яго маці вядомая актрыса Купалаўскага тэатра Кацярына Міронава, Уладзімір Караткевіч і скульптар Сяргей Вакар, чый Максім Багдановіч стаіць сёння каля тэатра оперы і балета, байкапісец Уладзімір Корбан і спявачка Соф’я Друкер з Копысі, доктар мовазнаўства, вядомая фалькларыстка Зінаіда Мажэйка і пісьменнікі Леанід Калодзежны і Алесь Стаховіч. Дарэчы, кнігу апошняга «Шырокія гарызонты», якая выйшла ў 1952 годзе, я купіў і прачытаў яшчэ школьнікам. Зразумела, што я тады яшчэ не ведаў, што гэтую кнігу пра аднаўленне разбураной вайною вёскі Алесь Іосіфавіч напісаў пасля цяжкога інсульту. Яе потым крытыкавалі. Як і мяне.
А самы поўны збор дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Оршы і Аршаншчыны, вядома ж, у двухтомніку «Памяць. Орша і Аршанскі раён», які выйшаў у серыі «Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі». Сярод энцыклапедычных членаў рэдакцыйнай калегіі ёсць і ён, Ігар Анатольевіч Яршоў.
А ў кнігах ёсць і «мае» матэрыялы.
Гэта і эсэ «Свае партызаны», дзе я расказваю пра партызанскую брыгаду Кірпіча, якая базіравалася ў Рацаўскіх лясах, што непадалёк ад Зубрэвіч, у якой былі і мае родзічы.
Гэта і партрэты маіх таты і мамы — Данілы Іванавіча і Вулляны Пракопаўны, якіх закатавалі фашысты ў Оршы, у гестапа, у 1943 годзе за сувязь з партызанамі.
Гэта і цікавая для мяне згадка пра «Зубрэвічы»:
«7 сялян сяла хадайнічалі перад Магілёўскім губернатарам аб перасяленні іх разам з сем’ямі ў Сібір на свабодныя дзяржаўныя землі (Алімпій, Дзямід і Тарас Сідаровічы, Іван Сіпакоў, Захар Шапавалаў, Васіль Ласкоўскі, Макей Чарнышоў».
Гэта і кароценькая заметачка пра мяне — як пра земляка.
16
Пра Пухавіччыну, сваю малую Радзіму — якую малую, радзіма, якой бы яна ні была, заўсёды вялікая! — з любоўю распавядае вядомы краязнаўца Алесь Карлюкевіч. Распавядае сэрцам... А якая, зірніце, тапаніміка, якая прыгажосць у назвах пухавіцкай зямлі, у назвах вёсак, мястэчак, рэк, рачулак, ручаёў, лясоў, пералескаў! Балачанка, Берлеж, Блонь, Блужа, Вецярэвічы, Вузляны, Выгода, Вясёлыя, Граддзе, Зацітава Слабада, Дайнава, Загай, Ліпнікі, Пціч, Такавішча, Пухавічы. Раён Пухавіцкі, а дагэтуль сталіца яго Мар’іна Горка.
«Адзін раён, кажучы сучаснай адміністрацыйнай мовай, — здзіўляецца і сам даследчык, — умяшчае вялізарнейшую прастору. Настолькі неабсяжную, што яе можна параўнаць з касмічнымі катэгорыямі ці параметрамі».
Гэта з кніжкі «І векавечны толькі край», якую Алесь Мікалаевіч падараваў мне з аўтографам:
«Паважанаму Івану Данілавічу! З самымі добрымі пажаданнямі! З заўсёднай цікавасцю да Вашай творчасці! Алесь Карлюкевіч. 8.01.2001 г.».
Аказваецца, і славутыя «Дудуткі», што пад Мінскам, гэта ўжо таксама Пухавіччына.
Дудуткі — фермерскі эксперымент пісьменніка Яўгена Будзінаса.
«Дык што ж задумаў Будзінас? — раздумвае краязнаўца Карлюкевіч. — На тэрыторыі Пухавіцкага раёна ў свой час прадпрымальніку выдзелілі ў арэнду 160 гектараў зямлі. План быў скіраваны на тое, каб стварыць агромністую фермерскую гаспадарку. Хаця і на гэтым шляху Яўген Дамінікавіч сутыкнуўся з многімі праблемамі, расчараванні ўсё ж такі не прымусілі яго адмовіцца ад зямлі».
Сёння «Дудуткі» — сваеасаблівы, элітны музей пад адкрытым небам, куды возяць, які з гонарам паказваюць гасцям Беларусі. Чаму ж менавіта тут, на пцічанскіх берагах, у ваколіцах старажытных Дудзіч узнік гэты музей?
Читать дальше