Маю першую паэтычную кніжку «День», якая ў цудоўных рускіх перакладах выйшла ў 1974 годзе ў Ленінградскім аддзяленні «Советского писателя». Падаравалі мне яе вядомыя паэты: Браніслаў Кежун, Уладзімір Тарапыгін, Леанід Хаўстаў, Сяргей Кашырын, Сямён Батвіннік, Павел Жур, Глеб Пагіраў, Анатоль Чапураў. Усё ленінградцы! Слынныя тады паэты. Да іх далучыліся толькі масквіч Аляксандр Нікалаеў ды Леанід Рашэтнікаў з Новасібірска.
Таму, зразумела, кнігі гэтых паэтаў з аўтографамі найперш упрыгожылі маю бібліятэку.
Шмат падарункаў у мяне ад Браніслава Кежуна, які многае зрабіў і многае пераклаў, каб кніга «День» з’явілася па-руску. На томіку паэзіі Браніслаў Кежун напісаў: «Янке Сипакову — чудесному поэту и другу. 11.IX.76 г.».
Браніслаў Кежун — не толькі тонкі і назіральны лірык, а яшчэ і выдатны гумарыст, жартаўнік. Вось яго пародыя на С. Кірсанава «Мояси и твояси»:
Однажды Тасе, немного боясь,
В любви объяснился Вася,
Он нежно сказал ёй: «Я — Твоясь,
А ты Мояся Свояся!
Под крышей одной с тобой поселясь,
Мы будем счастливы, Тася.
И будем няньчить Твоясь и Моясь,
И маленького Свояся».
Шмат перакладаў у маім ленінградскім «Дне» С. І. Кашырына. Сяргей Кашырын — ваенны лётчык. І цікавы паэт! Большасць яго вершаў прысвечана гэтай суровай і рамантычнай прафесіі. Нават у лірычных творах — ён лётчык: «Лечу!», «Не завидую птицам», «Звуковой барьер», «В облаках», «Мёртвая петля», «Над облаками», «Лечу со скоростью снаряда», «Мы налетались нынче вволю», «С небесами расстаться не требую»...
Сваю кнігу паэзіі Сяргей Іванавіч падпісаў мне і даслаў з Ленінграда: «Дорогому Ивану Сипакову с благодарностью за «Вече славянских баллад». 23.3.77 г. Ленинград».
У «Днях» у ягоных перакладах выйшлі самыя дарагія мне вершы: «Які чалавек вуглаваты», «Вячэрнія песні лесаўшчыка», «Малітва сталу», «Адзінец», «Зялёнае воблака», «Сярод ночы прачнуўся я», «Вара на муку пабегла» і іншыя. Ладнага паўтара дзясятка вершаў! Любімых маіх вершаў! Ды як яны перакладзены! Цудоўна!
У маіх архівах багатая перапіска з гэтым паэтам і лётчыкам. Аднак з самім Сяргеем Іванавічам, мы, хоць многа збіраліся, але так і не сустрэліся...
Уладзімір Тарапыгін адну са сваіх кніг падпісаў мне так: «Янку Сіпакову — на памяць пра сустрэчу ў Мінску. 20.5.75 г.»
Марыя Камісарава падпісала мне сваю кнігу «Лиза Чайкина», якая выйшла ў бібліятэцы «Огонёк»: «Янке Сипакову — на доброе внимание. 11.VI.68 г. г. Ленинград».
У гэтай жа аганькоўскай бібліятэцы выйшла і кніжка вершаў Л. Рашэтнікава «Сосновый бор зимой», якую Леанід Васільевіч прыслаў мне з надпісам: «Янке Сипакову, талантливому поэту и прозаику, — с чувством давней симпатии и лучшими пожеланиями — Леанид Решетников. 4.07.81». Вяцкі вясковы хлопец, які вайну прайшоў у якасці артылерыста, сувязіста, танкіста. Удзельнічаў у баях на Курскай дузе. Двойчы паранены. Узнагароджаны двума баявымі ордэнамі. Пасля вайны — карэспандэнт «Красной звезды» ў розных ваенных акругах і групах войскаў. А які паэт:
Качалась земля под ногами,
Моталась луна меж голов.
Да билось, пульсируя, пламя
На выходах черных стволов.
Верш называецца «Начная атака». Здорава! Нават у гэтай адной страфе якая шырыня і дакладнасць начнога — менавіта начнога! — бою.
З Леанідам Васільевічам я пазнаёміўся ў Ялце, у Доме творчасці. І ведаеце, неяк нечакана мы добра пасябравалі. Ідзём разам, прагульваемся, а ён і кажа: «А ці ведаеш, хто любіў той нумар, паказвае на мой балкон, у якім вы жывяце? Канстанцін Паўстоўскі! Ён кожнае лета менавіта ў ім тут і пісаў». І я ўжо тады па-іншаму пачаў прыглядацца да свайго нумара. Ці пераставіў ён што? Ці так і пісаў вось за гэтым сталом, на якім у мяне стаіць зараз ваза з вінаградам. І тады я ўспомніў, што Бунін захапляўся Паўстоўскім. Пра гэта мне гаварыў зноў жа мой усявед А. К. Бабарэка на сцежках Кактэбеля.
Мне было вельмі цікава хадзіць з ім. Леанід Васільевіч тады ўжо жыў у Новасібірску, але шмат ведаў маскоўскіх падзей. Ад яго я даведаўся пра тое, як Еўтушэнка звёў ад Уладзіміра Лугаўскога жонку, як той, ужо немалады, перажываў. Дарэчы, Лугаўскі памёр у Ялце і пахаваны ў Ялце — збоч сцежкі, якая паднімаецца на гару да Дома творчасці.
Я з задавальненнем перакладаў Рашэтнікава на беларускую мову:
Спадаў, напоўнены журбою,
Тужлівы гук на сум палёў.
То плыў высока нада мною
У вырай ключык жураўлёў.
Грудзьмі рассоўваючы сонны
Нябёсаў восеньскі блакіт,
За хмары ключ чапляўся звонам
Читать дальше