А Копыскае і Аршанскае гарадзішчы ў розныя гады даследавалі такія слынныя археолагі, як А. Ляўданскі, Г. Штыхаў, Л. Міхайлоўскі, Л. Побаль, Э. Загарульскі, В. Ляўко.
«У адной з легенд аб старажытнай Оршы распавядаецца, што продкі аршанцаў, крывічы, былі незвычайна дужымі і высокімі. Такімі высокімі, што сучасныя людзі ім да калена не даставалі б. Найглыбейшыя рэкі ім таксама былі толькі па калена. Таўшчэзную калоду яны круцілі лёгка, як палку, былі мацнейшыя за мядзведзя, і ніхто не мог іх перамагчы. Менавіта з-за сваёй сілы і непераможнасці пачалі аршанцы пагражаць самому Богу.»
Гэтае наіўнае, але з вялікай гордасцю да сваіх землякоў прамоўленае слова, я вычытаў у альбоме «Орша і Аршанскі раён»: вось мы, маўляў, якія — самому Богу пагражалі.
А пачынаецца альбом з мініяцюры Радзівілаўскага летапісу «Захоп Усяслава Чарадзея з сынамі — «на Ръши у Смолиньска». Менавіта першае ўпамінанне пра Оршу ў «Аповесці мінулых часоў» звязана з гэтай падзеяй: 3 сакавіка 1067 года адбылася вядомая бітва на Нямізе, — «галовы сцелюць снапамі» — паміж войскам полоцкага князя Усяслава Чарадзея і войскам трох братоў — кіеўскіх князёў Яраславічаў. Усяслаў пацярпеў паражэнне і падчас перагавораў каля Оршы вераломна быў захоплены з сынам і зняволены ў Кіеве. Праўда, праз нейкі час ён быў вызвалены з цямніцы народам і тут жа абраны на Кіеўскі прастол і сем месяцаў княжыў у Кіеўскім княстве, а пасля усё ж вярнуўся ў Полацк.
Вітаўт пабудаваў Аршанскі замак.
Канцлер ВКЛ Леў Сапега набыў у самым цэнтры Оршы ўчастак зямлі і пабудаваў на ім першы ў горадзе каталіцкі касцёл. За будаўніцтвам Калегіума пільна сачыў папа Павел V, а рэзідэнцыя езуітаў у Оршы па загадзе генерала ордэна ў 1616 годзе была пераабсталявана ў калегіум.
З 1842 года, калі Ордэн езуітаў па загадзе імператара Аляксандра I быў адменены на тэрыторыі Расійскай імперыі, памяшканне пераабсталявалі і ў ім — сто пяцьдзясят гадоў! — была турма.
Цяпер калегіум адрамантавалі. Ён стаў упрыгожаннем Оршы. У ім размешчана дзіцячая бібліятэка імя У. Караткевіча, мастацкая галерэя Віктара Грамыкі, Дом рамёстваў і аддзел культуры Аршанскага райвыканкама.
Орша памаладзела. Асабліва, калі адкрылі пагляду галоўнае хараство Оршы — Дняпро.
Які прыгожы ў альбоме «Орша» панарамны фотаздымак майго роднага горада! Як цікава яго разглядаць зверху, калі ўвачавідкі здаецца, што ты крылаты і ляціш над найпрыгожэйшым для цябе горадам, пазнаючы знаёмыя табе мясціны: і той самы калегіум, і справа той жа яшчэ не магутны, але паўнаводны ўжо і ў нас спакойны Дняпро, і злева Аршыцу, якая таксама спакойна ўліваецца ў яго, і Прыдняпроўскі парк, у якім стаіць лірычны помнік яму, майму шаноўнаму земляку — Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу.
Вельмі сур’ёзнае даследаванне гісторыі Оршы і Аршаншчыны ў кнізе аршанскага гісторыка Ігара Яршова «Вежы над Дняпром». Кніга прэтэндуе на аб’ёмнае адлюстраванне таго, што адбывалася тут раней. Яна дае шырокі спектр, роскід думак, меркаванняў, поглядаў розных людзей. Аўтар спрачаецца, абураецца, шукае ісціну між гэтых думак.
Аршанскія майстры, таксама копыскія, куцеінскія, запрошаныя, а то і паланёныя царом, земляком Аляксеем Міхайлавічам — разбяры па дрэве, ганчары, ювеліры, збройнікі, друкары, мастакі, будаўнікі — упрыгожвалі Маскву. Яны зрабілі Збройнаю палату, прывезлі ў Маскву новы спосаб разьбы па дрэве, стварылі царскі палац у Каломенскім, які назвалі восьмым цудам свету, поўным трыумфам драўлянай архітэктуры, «цацачкай, толькі што вынятай са шкатулачкі».
«Самай каларытнай у доўгім спісе стваральнікаў «восьмага цуду свету», — піша Ігар Яршоў, — была фігура Арсенія — разьбяра, вялікага і тонкага знаўцы арнаментаў. Да прыезду ў Маскву Арсеній быў манахам Куцеінскага манастыра. Іканастас Куцеінскага жаночага манастыра, які рэзаў Арсеній, вельмі ўразіў рускага цара Аляксея Міхайлавіча і маскоўскага патрыярха Нікана ў час наведвання імі Оршы».
Гэтае грунтоўнае, клапатліва сабранае і навукова абгрунтаванае даследаванне нашай Аршаншчыны Ігар Яршоў падпісаў мне:
«Івану Данілавічу Сіпакову! Знакамітаму беларускаму пісьменніку і сыну Аршаншчыны! З удзячнасцю за памяць аб Бацькаўшчыне і шчырымі пажаданнямі творчых поспехаў, дабра, шчасця і моцнага здароўя. Зубрэвічы, 27.06.98 г.».
А на кнізе «Вёрсты пройдзеных дарог», напісанай у суаўтарстве з Валянцінай Сідняковай, тагачасным намеснікам старшыні Аршанскага райвыканкама, Ігар Анатольевіч і ўвогуле расшчодрыўся: «Івану Данілавічу Сіпакову — Беларускаму літаратурнаму «зубру» з аршанскіх Зубрэвіч! Па-зямляцку шчыра, жадаючы далейшых творчых поспехаў на карысць нашай нацыянальнай літаратуры, мовы і гісторыі. Дабра, шчасця і здароўя! На добры ўспамін ад землякоў. Орша, 12.03.04».
Читать дальше