(…)
Але ж калі я нарэшце, як Бальзак, нагаварыўшыся пра палітыку і лёс сьвету, вярнуся да больш сур’ёзных рэчаў — буду пісаць лёс Косьці Мазуркевіча. Апавяданьне, здаецца, прадуманае да канца. Але і яно акажацца страшным, як і папярэднія.
16.15. Сумны, прымерклы надвячорак. Адмахаліся над засьнежанымі дахамі чорныя гракі. Яны, прызвычаеныя рана рыхтавацца нанач, рванай стужкаю сплылі ў парк. На косым завулку прыгорбленыя людзі ў скураных куртках і даўгаполых чорных кажухах. Першыя калючыя агні ў цёмных вокнах. І прыгадаліся два малыя аконцы ў нізкай, скіданай з круглай маладнічыны, кекшуковай крайняй хатцы. Я ў дванаццаць гадзін ночы варочаўся з мястэчка, з вячэрняй школы, у вёску і быў асьвечаны цёплай радасьцю, калі бачыў скупое, яшчэ ад керасінавай лямпы, святло ў чыіх-небудзь вокнах. А калі вёска без адзінага агоньчыка апускалася ў сон, у мігатлівую чарнату ночы, мяне агортваў смутак і халодная вусьцішнасьць падкрадвалася да сэрца.
Што значыў адзін скупы агоньчык у суседняй хаце.
Агоньчык — знак жыцьця і бяды.
16.45. Два зялёныя вокі глядзяць з сярэбранага ветразя над стадыёнам. Спадцішка падкралася шарая гадзіна.
Ня ведаю, як каму, а мне збрыдзеў і агорк Дом літаратара. Гармідар, пустая гамана. Разумнага слова там не пачуеш. Правінцыялізм, глушэча, абыякавасьць, апатыя…
Б., як па чарах ведзьмара, перарабіўся ў другога Пазьняка. Засталося хіба яшчэ напісаць лісьліва-ўгодлівыя лісты да нелюдзя і здрадніка, як гэта вычварыў (учыніў) той жа Пазьняк. Сьмяхота. Як кажуць, цырк на дроце.
Чацьвер, 27 студзеня 2000 году.
7.30. Тэмп майго жыцьця даволі марудны: покуль згатаваў чай, пасьнедаў, наглытаўся ампулаў і таблетак, прайшло паўгадзіны. Рассыпаўшыся, за горад ужо ляцяць каўкі з гракамі. Нізка, над самымі белымі дахамі (учора вечарам іх пабяліў лёгкі сьняжок). Папяловае неба, белыя дахі, і цяжкія ў лёце гракі. То набіраюць вышыню, то стрымгалоў падаюць уніз. +1 °C.
Персанажы ў аповесьцях Б. скрабуцца, шалпочуцца, нешта грызуць, як пацукі, а чагосьці блізкага табе, чалавечага ў іх няма. Ты за іх не перажываеш, ты не адчуваеш іхняга духоўнага сьвету, нават ня ведаеш, хто яны і адкуль яны. Папраўдзе — пацукі. Бязродныя, бязьдзетныя істоты. Ты, для прыкладу, ведаеш, хто ён, хітранькі парсючок Швейк, ці худы, як бясьсьмертны Кашчэй, жартаўлівы Кола Бруньён, не кажучы пра Міхала-пакутніка з “Новай зямлі”, а лейтэнант Х. з аповесьцяў Б. наглуха засакрэчаны, пашпартных даных у яго няма. Нават медальёна з нумарам часьці, каб павесіць перад боем на шыю, аўтар яму ня выдаў.
Пятніца, 28 студзеня 2000 году.
Учора агідны і самазабойчы дзень — маё выступленьне ў Доме літаратара.
Цісьне сэрца. Трэба шукаць валакардзін. За акном ветраны, адлежны з косым сьняжком дзень. Нібы на прадвесьні.
Як пража ў варштаце, мігціць пруткае гальлё на раскалыханым сохарані (таполі).
Субота, 29 студзеня 2000 году.
Ноччу пісьмо Б. Наўрад ці адпраўлю. Увесь дзень чытаньне дакументаў вайны. Успаміны нашых салдатаў (БКА, Самаахова), ад якіх тое-сёе запісаў.
Да прозы не дайшоў — нездароўчасьць.
Велешаноўны В.Б.!
Я па характары адкрыты чалавек. І ня вельмі жыву па добрай парадзе Сямі мудрацоў: не скрапляю слова пячаткаю маўчаньня. Болей таго, бываю нястрыманы на язык.
І мой ліст, напэўна, прыгучыць дысанансам у хоры агульнай маскоўска[й] пахвальбы, што выпала на тваю долю ў апошнія дні. Мушу растлумачыць: у дні, калі пачаўся anschluЯ Беларусі. Не, ты не працягнуў руку Маскве. Масква працягнула табе. І я, грэшны, падумаў: а што азначае гэты жэст? Зноў у векавечныя абдымкі з гэтак называным старэйшым братам ці фальшывым, напаўазіяцкім славянінам. Трыумф Б. у імперскай Расеі, якая прыгнятае, трымаючы ў жалезных путах, дзесяткі народаў, якія імкнуцца да незалежнасьці, агнём і мячом спапяляе Ічкерыю, а ў ідэалогіі перайшла на адкрытую, непрыхаваную гебельсаўскую прапаганду. Інфармацыйныя “зацемкі” з баявых дзеяньняў на Каўказе слова ў слова адпавядаюць рапартам былых казацкіх сотнікаў, што палілі і катавалі бел. народ у Наваградчыне вясною 1944 году. Там былі адпавед[н]а і бандыты, і тыя ж чысткі вёсак. Лексікон сёньня той жа.
Я разумею, гордасьць — гэта адзінота. Ты шукаў сабе падмогі і грунту пад нагамі. Ведаю пра тваю нездароўчасьць, твой неспакой, тваю тугу і самотнасць. І баюся, каб мой ліст не стаўся прычынаю, што пагоршыла б тваё самапачуцьцё і не зрушыла твой стан раўнавагі.
Ты зрабіў для Бацькаўшчыны як мага больш ці найбольш за ўсіх нас. Веліч твае хвалы і славы сягае далёка.
Читать дальше