за беларуса, бяспраўнага і зганьбаванага на сваёй жа Бацькаўшчыне, — не.
Нашы карэнні спадцішка і па-зладзейску падсякаюць, каб дрэва ўсохла.
Пятніца, 17 красавіка 1998 году.
16.45. Мужчына, абмоклы на вясновым дажджы, без шапкі, лысаваты, аброслы
барадою, вузкавокі, падобны да Салжаніцына, пакапаўшыся ў кантэйнерах з смеццем,
нясе пад пахаю свой скарб — каляровую торбу — і, накульгваючы, пакідае заліты
дажджавою вадою наш двор.
Вось табе і адзін дзень Івана Шухава ў акружанай спецназам сённяшняй
непрытульнай Беларусі.
<���…>
Нядзеля, 19 красавіка 1998 году.
Усё ж па-беларуску трэба пісаць растопленае волава, а не расплаўленае. Топкае
сала, але і топкі метал.
Перайкі каля рыжаватых, нагнутых абадамі стрымбулёў голага малінніку: ястраб
задраў сітаўку. Таму ўчора, перапуджаныя трагічным здарэннем, яны не садзіліся ў наш
гарод. Між імі існуе, маецца нейкая свая, чалавекам не спасцігнутая, інфармацыя.
І трэба ж: перагараваўшы зіму, прыляцела пташачка з выраю і згінула тады, калі
настала пара звіваць гняздо.
Аўторак, 21 красавіка 1998 году.
Дом літаратара, ці ўжо корпус управы аператыўнай управы. Настылы,
адключаны ад ацяплення. Рада. Ссутулены, з дрыготкімі рукамі Зуёнак, кучаравы,
нечым падобны да партрэтнага Валошына. Няголены па-гебрайску, з адутлаватым
тупым тварам Дудараў. Хваравіта-злосны, з сінімі тонкімі губамі Бураўкін.
Навуменка з праваленым ротам. Падобны да нейкага снежнага чалавека,
шыракаплечы і грузны Гніламёдаў. На зарослым, шчаціністым вялікім твары ані іскры
розуму…
Выбіралі на пасаду старшыні прахадзімца і чужынца з цягучым-нудным голасам
Някляева…
Куды ж ніжай можна апускацца?
Пятніца, 24 красавіка 1998 году.
Ад з’езду пісьменнікаў прыкры асадак на душы: залішне шмат было нервовага
крыку, як, дарэчы, і п’янага (Сыс).
Гутарка пра літаратуру ніяк не магла прасачыцца праз наш адчай і боль —
Гілевіч, хоць і паўтараўся, і быў, як заўсёды, аднастайны ў сваіх прамовах, але гаварыў
слушную праўду.
Мой заклік стварыць саюз прафесійных літаратараў прагучаў ці не дысанансам.
Дарэчы, Гілевіч не пацвердзіў, што пакідае шэрагі Саюзу, у якім заўладалі
здрайцы і звычайныя графаманы. А я спадзяваўся яго падтрымаць.
Шамякіны-савіцкія рассылалі па радах звароты да з’яднання са зграяю расійскіх
ультранацыяналістых (Бандарэнка, Бялоў), якія самапростам, без запрашэння
ўварваліся на беларускі з’езд з кіпамі сваіх газет і лістовак.
Сярод дня трывожная навіна — разгромленыя рэдакцыі беларускіх газет і
часопісаў: “ЛіМ”, “Беларусь”, “Полымя”.
Выблядак пачаў карыстацца метадамі гестапа. Спачатку ноч выламаных
дзвярэй, а за ёю — ноч павальных аблаў.
Субота, 25 красавіка 1998 году.
8.30. Надвячоркам — Міраслаў з не менш адчайным і роспачным запытаннем: як
жыць і працаваць далей? Заставацца тут ці выехаць — хоць бы ў Польшчу? Я параіць
нічога не мог. Аднак сказаў: калі ёсць прадчуванне немінучага арышту, то трэба
ўцякаць.
Папраўдзе — пачынаецца ноч кінжальных нажоў.
У Беларусі вынішчаецца нават сама назва “беларус”. Тут, як нідзе, звілі сабе
гняздо ўсе расійскія камуна-фашыстоўскія саюзы. Сюды збеглася гнанае з Прыбалтыкі
маскоўскае гэбэ і энкавэдэ, усе шпегі і охранные доносители.
14.30. Гутарка з Валодзем: нам усім трэба думаць пра эміграцыю. Сітуацыя
вымагае. Жыць у бяспраўнай краіне немагчыма. Міраслаў, збіўшыся з толку,
прапанаваў Лондан. Валодзя — Вільню, я — Беласток. У Англіі — Чэсік. Што рабіць?
А мой, зрэшты, архіў, асабліва — дзённікі? А тастамент: пахаваць, рассыпаць попел на
варакомскім полі.
Чарнобыльскі шлях. Бел-чырвона-белыя сцягі над бясконцаю калонаю
маніфестантаў, што цячэ ў асветленай цясніне гарадской вуліцы. Дзеці з лампадкамі.
Расцяжныя жалобныя гукі звона. Ускрыкі: “Не-за-ле-жнасць! Не-за-ле-жнасць!” Інвалід
у калясцы.
П’яны з сівымі вусамі з тратуару ім наперакор: “Да здравствует СССР!”
Хлопчык гадоў сямі з пабітым тварам адпіхае п’янага дзеда.
Аўторак, 19 мая 1998 году.
9.10. Учора: выдавецтва, гутарка з дырэктарам, з новым рэдактарам (Шупенька).
Але ці выйдзе нарэшце кніжка, яшчэ невядома.
14.30. Гутарка з Валодзем перад кнігарняю “Падпісныя выданні” на праспекце.
У іх з Міраславам дрэнныя справы: ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць Камдрук не
выдае.
Потым сустрэча з Міраславам каля ліфта — ён прыходзіў забіраць свае
Читать дальше