Адкалупвалі яго і мы і падбіралі калючыя шчоткі пустых сотаў.
Як сённяшнія бамжы, мы абягалі нямецкія сметнікі. Бліскучай фольгаю ад
чакалядаў і прыгожымі пустымі пачкамі ад цыгарэтаў нас прывабліваў той, што быў за
дашчатым туалетам пры хлявушках рабой ад зялёных па белай сцяне мазкоў гасцініцы
з кулямётам на адзіным ганку другога паверху.
Мы, дзеці, у вайну былі не менш галодныя і недагледжаныя, кінутыя на самапас,
як гэтыя пакурчаныя ад холаду пчолы.
Не менш цікаваю была і вялікая, гарбатая, з апушчаным хвастом, чорна-рабая
пава, якую насатая гаспадыня іншы раз, асабліва ў адлежныя, цяплейшыя дні
выпускала з белага атынкаванага хлеўчыку.
Панядзелак, 23 лістапада 1998 году.
Першы раз чую, але ўспрымаю як сваё, нашае слова “выніклі” заміж “знікалі”
(Ваўкавыск). “Хрушчы выніклі — пазнікалі ўжо”.
І ўсё ж заміж “сіпаты” трэба пісаць “хрыпаты”.
Ахрып.
Хто-та — нашае. Заміж хтось ці хтосьці.
Худзізна.
Конь худы, дык хоць куды: пастаў хоць дзе — ніхто не ўкрадзе.
Хупаць на акрэплыя рукі. Варакомшчына.
Не ведаў: горшая зямля аўсом засявалася, лепшая — жытам і ячменем.
Хцівы — сквапны.
Серада, 25 лістапада 1998 году.
Свякрова не матуля, дзіця не прытуля.
У расійскіх дыялектах і жаргонах, нават у лагернай песні “Товарищ Сталин, вы
большой учёный”, сустракаецца слова “евонный”, але ж рускія моваведы не ўносяць
гэты займеннік у фонд літаратурнай мовы, а ў нас два дыялектныя слоўцы “ейны” і
“ягоны”, як блізны на палатне ў дрэннай ткачыхі, застракацелі ў публіцыстыцы і прозе
маладзейшых літаратараў.
Як і паланізм — напрыканцы. Толькі ж як спяваць вядомую беларускую песню
“Шумяць вербы [ў] канцы грэблі”.
Пятніца, 27 лістапада 1998 году.
У “Народную волю”, што туліцца ў падвале, занёс (учора) 15 старонак з “Чорнага
адбітка”. Газета, як відаць па апошніх нумарах, прачытаных мною, даволі
непісьменная. Ажно каюся, што заманулася надрукавацца на яе старонках.
Здароўе ўжо растрачана. Самапачуццё найгоршае. Ноччу — болі, калаццё ў
правым боку. Не павярнуцца — кружыцца, як у п’янага, галава. Гараць калені.
Шкодзіць гарэлка, у якую ўжо добра ўцягнуўся альбо, як казала нябожчыца маці,
уружыўся.
Збіраемся з Нінаю ў санаторыю — Міраслаў купіў дзве пуцёўкі. У аўторак, калі
АВІР верне пашпарты, бо яны там, едзем у Брэст, а адтуль — у Жабінку: санаторыя
“Буг” поруч з гэтым мястэчкам.
Не ведаю, якія могуць быць лекі і харчы пры сённяшняй разрусе, высокіх цэнах і
нястачы тавараў. Расія ўцягнула Беларусь у эканамічную прорву. Каб купіць сабе і мне
бялізну, Ніна аб’ездзіла ўвесь Мінск. І прадаюць не больш як па дзве пары, нават трусы
і майкі.
Марную час — перачытваю вершы Танка, ацяжэлыя ўжо, як сырыя калоды, ад яго
ўзнагарод, званняў і бясконцых афіцыйных паездак за рубеж. Некалі звонкія, як
узнёслая сасна, цяпер яны глухія, папраўдзе, нібы адсырэлыя пні.
Падкупленыя, прынаджаныя ўладамі, яны абодва з Панчанкам нечакана аглухлі і
ахрыплі, страціўшы і велічную адвагу паэтаў, і чалавечую прыязнь і шчырасць, ураз
ператварыўшыся ў ссутуленых баязліўцаў.
Паэту, мусіць, патрэбна турма не толькі на пачатку дарогі, але і ў канцы яе. Ад
сытага жыцця жырэе сэрца.
15.05. Недзе ў дзённікавых запісах, напэўна, гэта ёсць, але перапішу з лістка, які
знайшоў у архіўных паперах. Было два га[ды на]зад: кастрычнік, восень. Я варочаўся з
Наваельні ў Мінск. Сеў на спадарожны дзятлаўскі аўтобус, у якім аказаўся Грышан,
былы настаўнік з раготнянскай школы. Ён, расхрабраны ад чаркі, з пахвальбою
расказваў, як яшчэ школьнікам — ці не ў Баранавічах? — са сваім сябрам у клубе
парэзаў партрэт генералісімуса, праўдзівей, выразаў усе ордэны, а сябра крамсаў
Леніна. Іх не злавілі. Хоць усіх вучняў класу выганялі босымі на мароз. Але хто зрабіў
такое, усё ж не даведаліся.
Расказаў ён і пра нашага агульнага знаёмага Сяргея Лазовіка. Бок, сярэдзіна ў яго
балела. Памёр чатыры гады назад ад цырозу печані (1992). 40 % пенсіі палучаў. Жонка
(бухгалтар) таксама піла. Ёсць дачка. Быў інспектарам (Дзятлава), потым працаваў у
школе-інтэрнаце, нарэшце — у васьмігадовай школе ў Жыбартах.
І нарэшце пачалася доўгая да нудоты п’янаватая гутарка пра сябра, што пахіліўся
па бензапілу і зарэзаўся.
Дарога была запамінальная, праз бярозавую замець, міма зялёнай руні, чорных
згалелых садкоў са светлымі яблыкамі.
Читать дальше