Гарыцвет (адоніс) — ад павышанай нервовай узбудж.
Душыца — ад бяссонніцы, нерваў.
Жаруха? — ад запалення посіка і жоўці.
Гравілат — ад хваробы скуры.
Цыкорыя (мацаўнік) — ад сыпкі (сыпу) на скуры, вугроў…
Грыжнік — ад хваробы нырак і посіка.
Доннік — ад закупару венаў, боляў у посіку.
Душыца — ад хваробы нерваў.
Суніцы — ад пігментных плямаў.
Медуніца (смактуха) — ад хваробы посіка.
Мыльнік — ад лускавога лішаю.
Мята — ад непрыемнага паху з роту.
Авёс —
Расходнік — ад трасцы (малярыі).
Чарада — ад алергіі (скуры)
Чыстацел (цыліндра) — ад экзэмы.
Субота, 14 лістапада 1998 году.
6.10. Ужо грукае пад домам электрацягнік метро. Коратка. Як узнікае раптоўна,
так і раптоўна знікае. Нібы ўпала некалькі валуноў.
Малая дзяржава, а колькі фанатычнай самаўпэўненасці, маніякальнага гонару ў
кіраўніцтве. А ўсё ідзе ад шэрасці, хамства, неадукаванасці. І таму пачынаецца працэс
заканамернага вяртання ў сталінскую эпоху — бяспраўя, галечы і духоўнага ўціску.
Вяртанне туды, дзе мы раней не жылі, а існелі.
Нядзеля, 15 лістапада 1998 году.
У дзённікавых запісах Тодара Дастаеўскага (т.24, стар.113): “Усялякая
цывілізацыя пачынаецца з разбэшчанасці (распусты). Прага нажыцца. Зайздрасць і
ганарыстасць…”
У нас, у Беларусі, здаецца, усё ёсць — і распуста, і жаданне найболей мець, і
помслівай зайздрасці нямала, і хамскага, напышлівага гонару даволі, а ці пачнецца
цывілізацыя?
У каго, у якіх дзённіках пра тое прароцтва вычытаць?
Серада, 18 лістапада 1998 году.
16.30. Сёння, ідучы на тралейбусны прыпынак, нечакана пахіснуўся. Гэта я
заўважыў тады, калі мяне аднесла ўбок. Ногі нібы падагнуліся, і я ледзь устояў,
усведамляючы, што зараз упаду. У вачах пацямнела. Я паспрабаваў ступіць яшчэ адзін
крок, і мяне зноў, як п’янага, закружыла. Да сэрца падкраўся нават страх. І я стаяў
колькі хвілін, чуючы лёгкі шум у галаве, на тратуары насупраць гастраному пад
гадзіннікам. А потым ужо разам з натоўпам паволі рушыў на зялёнае святло святлафора
— што будзе, то будзе.
Падымаючыся з падземнага пераходу на паркавай магістралі, зноў учуў лёгкі шум
у галаве. А ў выдавецтве нібы забыўся пра яго: там галаву затлуміў клопат з выданнем
кніжкі.
Цяпер пішу, нібы абязвечаны ці, праўдзівей, аглушаны, гэтым здарэннем.
Пятніца, 20 лістапада 1998 году.
Сёння ўзгадваў нашыя варакомскія ўрочышчы, што зараслі маладым
трыццацігадовым хвойнікам, і тыя дарогі, што ён ужо назаўсёды ўкрыў… На голым
грудзе, заўсёды ветраным, што называўся Юрашчай (ад слова юр), таксама вышугаў
калматы грыбны лясок. Старое, даўняе ўсё адышло — дарогі, дрэвы…
На ўклейцы ўжо старажытнага “Нового мира” сярод подпісаў членаў рэдкалегіі,
супрацоўнікаў і аўтараў часопісу два подпісы ад беларусаў — Аркадзя Куляшова і
Васіля Быкава. Першы распісаўся па-беларуску — Ар. Куляшоў, другі па-расійску —
В. Быков.
Нібы дробязь, а шмат значыць: хто, дзе і як распісваецца. Хто помніць, што ён
беларус, а хто — не.
Субота, 21 лістапада 1998 году.
Памяць вярнула яшчэ ваенную зіму 43-га ці 44-га году, школу ў пабеленай хаце з
чорным гонтавым дахам, нашу пагарэлую вёску і амаль штодзённую дарогу ўздоўж
незамерзлай рэчачкі, незамерзлых сярод белага снегу крыніц, над якімі, як над гарачым
катлом, курылася ружовая пара, а на іхнім дне, нібы ў бочках ці кадушках,
расцягнуўшы лапкі, ляжалі сонныя жабы. Іх было шмат.
Нехта з нас спрабаваў, выламаўшы пруцік, яшчэ намагаўся хоць адну з іх дастаць і
выкінуць на снег.
Па гэтай дарозе ў школу іншы раз траплялася яшчэ адна жывая істота —
прыручаны, казалі, немцамі чорны грак. Ён сядзеў на высокім дашчатым плоце з трыма
калючымі драцінамі, што абкружаў ужо спалены партызанамі тартак, і хрыплавата,
галодна каркаў, просячы ў нас хлеба. У рукі дзюбаты чорна-ружовы грак не вельмі
даваўся — палахліва адлятаў. Падпіхаючы каго-небудзь [з] спрытнейшых, мы клалі
хлеб на слупок плоту.
Не меней, як прыручаны грак ці сонныя жабы на дне крыніцы, нас цікавілі і
старыя вуллі ў занядбаным, вымерзлым садку з гарбаю засыпанага снегам пажарышча.
Хату спаліў не помніцца хто — партызаны ці немцы, — гаспадар, калі застаўся жывы,
недзе пераехаў, пакінуўшы дзве старыя рассохлыя калоды з пчоламі. Яны, гэтыя
карычнева-цёмныя скурчаныя істоты, яшчэ варушыліся ў шарых, патрэсканых і
пахучых вуллях з выдранымі верхнікамі. Нехта ж, пэўна, выдзіраў воск.
Читать дальше