Але ў апусцелай сумнай хаце мяўкаў толькі каток — гадзінніка на сцяне не было.
Зазірнуўшы на кухню, я ўбачыў у выбітай ніжняй шыбе кніжку, якую прыставілі заміж
шкла. Я стаў каленьмі на лаву і выцягнуў бруднаваты польскі лемантар — ён аказаўся
першай кніжкаю ў нашай хаце. Ці не з яго запомніўся верш Марыі Канапніцкай: “Ешчэ
снежак прушы, ешчэ хлодны ранак”.
Запомніўся і той сакавіцкі ранак з лёгкім замаразкам, з шорсткай намараззю на
саламяных стрэхах і на шарай пясчанай вуліцы, атуленай бэзам і абкладзенай абапал
замшэлымі валунамі.
З стрыечнымі братамі (двума з чатырох) я ўбачыўся толькі праз трыццаць чатыры
гады.
Ні з цёткай Настасяй, што памерла ўжо ў Сілезіі (Польшчы вярнулі нямецкія
землі, якія засяляліся палякамі, а разам і беларусамі з Сібіры, Казахстану і Заходняй
Беларусі), ні з стрыечнай сястрою, маёй равесніцай, ні з дзядзькам Янкам, ні з
старэйшымі яго сынамі я ўжо не спаткаўся… Франак загінуў у прадмесці Варшавы
Празе, дзе ішлі зімою 45-га ўпартыя баі, Уладак, прайшоўшы не менш страшнае пекла
— Монтэ-Касіна, застаўся… Можа, яшчэ судзіць доля ўбачыцца з ім.
Нядзеля, 16 жніўня 1998 году.
Як трэба стрымліваць сябе ад гутаркі, асабліва ў транспарце — аўтобусе ці
электрацягніку, — бо наўкруга цябе столькі дуроты — беларускай і наезджай
расійскай.
Бо каму патрэбна твая праведнасць. Быдлу? Як нізка мы ўсе апусціліся. Дарэчы,
гэта і ставіла за мэту расійская імперыя: растаптаць усё нацыянальна свядомае.
А я сказаў усяго адну фразу:
— Я не магу глядзець Беларускае тэлебачанне. Уключыш тэлевізар, а там — альбо
вусы, альбо камбайн.
— А без вусоў не пражывеш! — абярнуўся тлусты лысаваты мужчына.
— Ну чаму? Я вось, напрыклад, не нашу і жыву.
Пятніца, 21 жніўня 1998 году.
Нездароўчасць — болем і звонам напоўненая галава.
У хваробах сваіх я вінаваты сам — цягнуся да чаркі. А трэба пакінуць піць, як
пакінуў курыць. Не куру ўжо роўна дваццаць гадоў.
Зрабіцца вегетарыянцам для мяне было б лішнім, а ўстрымацца ад гарэлкі я мус.
Бо іншы раз напіваюся да страты прытомнасці. Як гэта здарылася летась ці пазалетась,
калі я ўпаў на стэлаж. Але самы найгоршы — кілішак для здароўя, які рэкамендуюць
нават дактары.
Адкаснуцца трэба ад усялякіх кілішкаў і чарак.
Віна і піва я не ўжываю, калі не лічыць паездку ў Малдову, дзе піў кабернэ.
22.00. Гадзіну назад мы з Міраславам вярнуліся з яўрэйскага пограбу на пляцы
Волі. Праседзелі доўга, чакаючы — я — курынае філе, ён — нешта бразільскае
(валовіну з фасоляй). А ў нас за спіною дзеразаваліся, свісталі, рагаталі і галёкалі
тоўстыя, як парсюкі на пудоў дванаццаць, няголеныя і нямытыя маладыя свінабоі.
Няма ў Мінску зацішнага кутка. Наўкруга брыда, рэспуст і лукашэнкі.
Аўторак, 25 жніўня 1998 году.
Украінскае “грае ў футбол” адпавядае і нашаму варакомскаму “граць у мячыка”.
Пятніца, 28 жніўня 1998 году.
Гудзе (як) свіння.
Кабыла паліцца.
Авечка міркітуе.
Карова бегаецца (ажно плынь цячэ).
Сучка палюе.
Кошка марцуе.
Трусіха…
Зайчыха
Ваўчыха
Новая хата пахла жывіцаю (смалою)
Жыжа (жыжка) — вогнішча, агонь.
Кабета, чыстая, акуратная, з ружовымі палатнянымі торбачкамі, сівавалосая;
напалову рас., напалову бел. гутарка:
— Муж памёр. Засталася з дваіма дзецьмі. І выгадавала. Не хопіць грошай — у
выхадныя раблю. А ў Расіі — гультаі. Усё быллём зарасло. Лянуюцца нават агарод
пасадзіць.
Наша варакомскае слоўца, якое ўжываў нябожчык бацька, — “збыт усяго” —
знайшоў у славенскім (славацкім) слоўніку — zbytok (zbytkovy) — звышак, лішак.
Тут жа ўспомнілася і вытворнае ад яго — “збыткуе” (дарма, лішне траціць).
Аўторак, 1 верасня 1998 году.
9.30. 1. Івана (Яся) Міхайлава Адамчыка з вёскі Аханяны сын Іосіф (Язэп), 1902
нараджэння, у 1953 годзе браў метрыку (ці не выпіска з Дзятлаўскага архіву ЗАГС).
9.30. 2. Віктар Захар’еў Адамчык. Дачка яго Агаф’я радзілася ў 1891 годзе. Ці не
Вітук Адамчык, што даводзіўся (прыходзіўся) майму дзеду Тодару дзядзькам. Як і
Міхал (Міхалка) Адамчык.
Яны абое, Віктук і Міхалка, былі роднымі братамі Янку Адамчыку, які прыйшоў у
прымы на Аблажэяў участак (Іосіф Аблажэй, Варакомшчына), і Алесю (Аляксандру,
1838–1919), якога Янка паклікаў з Аханянаў на багатую варакомскую гаспадарку сабе
ў помач.
На ўчастку Адамчыкаў у Аханянах (суседняя вёска за 3 км ад Варакомшчыны)
стаіць ужо хата нейкага Бадзюка.
Читать дальше