Праз два дзесяцігоддзі рысы вільнюскай "мамусі" я пабачыў у шынкарцы з караткевічаўскай драмы "Маці ўрагану".
Ці не апошні раз мы пабывалі разам з Караткевічам у Вільнюсе ў жніўні таго ж 1966 года. Рэжысёр Юрый Цвяткоў тады здымаў па яго сцэнарыю дакументальны фільм "Памяць" — пра помнікі архітэктуры. У Гудагай, дзе я тады адпачываў, уся кінагрупа прыехала "рафікам". Спачатку я павёз яе ў Варняны, паказаў ансамбль XVIII стагоддзя. Валодзю захапіла вежа, узведзеная невядома дзеля чаго на востраве пасярод ставоў. Яна здалася яму маленькім паўтарэннем Камянецкага стаўпа. І сцэнарыст запатрабаваў, каб вежу дадаткова ўвесці ў фільм, ганяў галінай буслоў, каб яны трапілі ў кадр і "прыўкрасілі" яго. Потым быў касцёл аўгустынаў у Міхалішках, упрыгожаны скульптурамі знакамітага італьянца Перці — таго самага, што абяссмерціў сабор святых Пятра і Паўла ў Вільнюсе. Уражаны Караткевіч, перафразаваўшы назву аповесці Івана Шамякіна, раз-пораз усклікаў:
— Ах, Міхалішкі, Міхалішкі!
Заехалі мы і да дубовага крыжа, што стаяў на старым гасцінцы ля былога маёнтачка Анелін. Мясцовая легенда (расказваў яе стары "баечнік" з Палушаў Грыва) сведчыла, што сюды, да сваёй Марыські, няшлюбнай дачкі сялянкі і паніча, прыязджаў "правадыр" паўстанцаў 1863 года. І крыж быў асвечаны ў яго прысутнасці. Паглядзеўшы на прыступкі, што засталіся ад анялінскага дома і ўжо нікуды не вялі, на старое гумно, высокія дрэвы над берагам Лошы ў густы шыпшыннік ("здзічэлыя ружы"), Караткевіч узважыў усе акалічнасці і прыйшоў да вываду:
— Ну, вядома, тут быў ён, Каліноўскі! Бо хто ж яшчэ? — і папрасіў Цвяткова дадаткова зняць крыж для фільма (не памятаю, ці засталіся гэтыя кадры ў стужцы).
Па дарозе з Аняліна ў Гудагай Валодзя стаў пераконваць мяне:
— Давай пра ўсё гэта напішам па аповесці. Паглядзім, што выйдзе.
— Але ж я не пішу прозу. Толькі навуковае, крытыку. Не атрымаецца!
— Атрымаецца! І ведаеш, чаму? Ты любіш разыгрываць людзей. Бывае, і не вельмі дасціпна… Памятаеш, як званіў Барадуліну ад імя польскага перакладчыка Антоняга Ольхі, як Рыгор бегаў па гасцініцах, шукаючы яго?! А ведаеш, чаму? Таму, што не зганяеш ахвоту, разыгрываючы сваіх герояў. Даказана гісторыяй…
— Не ведаю. Няма часу: планавая тэма, свае і чужыя "хвасты"…
— Кідай усю непатрэбшчыну і пішы! Зашыйся сюды. Кажу табе! Потым за локці сябе будзеш кусаць, што ўпусціў час.
— Як быццам ты яго мала марнуеш…
У той дзень мы нават крыху пасварыліся. Але Караткевіч усё ж угаварыў мяне паехаць разам у Вільнюс, паказаць усім будынкі, узведзеныя беларускімі дойлідамі. Хаця Цвяткоў рашуча пратэставаў, што на ўсё гэта не хопіць аніякага метражу, але сцэнарыст настойваў:
— Інакш кіну вас, і рабіце ўсё адны, калі вы такія разумненькія…
Па дарозе паглядзелі руіны Медніцкага замка ("не раўня нашым — дагледжаны"), заехалі ў Барэйкаўшчыну, дзе жыў Сыракомля, пашукалі Свіраны, у якіх нарадзіўся Багушэвіч. У Вільнюсе гасцініцы не аказалася (тут Цвяткоў вінаваціў Караткевіча), і мы, зноў пасварыўшыся, скіраваліся, хто куды. Цвяткоў з жонкай, аператаршай і шафёрам прыстроіўся да беларускай кінагрупы, што здымала "Усходні калідор". А мы аддаліся пад апеку Генадзю Кісялёву.
Назаўтра, калі ўсе сустрэліся каля гатычнага касцёла святой Ганны, узведзенага рукамі гервяцкіх мужыкоў (Напалеон нібыта хацеў перанесці гэтае цуда архітэктуры на далоні ў Парыж), гуморы ва ўсіх былі яшчэ дрэнныя, пералік узаемных крыўдаў узрастаў. Дастаткова было невялікай іскры, каб з яе ўзгарэлася полымя, і такая іскра знайшлася. Караткевіч спытаў у прысутных:
— А ведаеце, панове, чаму старыя муры так доўга стаяць?
— Не.
— Тады слухайце. Калі будавалі мінарэты ў Сярэдняй Азіі, то раствор замешвалі на крыві палонных. Секір башка і… А калі ўзводзілі Маскоўскі Крэмль, то дабаўлялі яечнага бялку. На ўсе ўладанні было накладзена нешта падобнае на харчовую развёрстку: казанцам — трыццаць тысяч яек, разанцам — дваццаць тысяч… І што вы сабе думаеце: разанцы прыслалі ўсе яйкі варанымі ўкрутую.
— Гэта каб зрабіць урэд царскаму ўраду, — знайшоў тлумачэнне Цвяткоў.
— Які там урэд — па дурасці! Разанцы ж …
Не ведаю, чаму Цвяткоў, родам з Пскоўшчыны, апошнія словы ўспрыняў як асабістую абразу. Калі б не ўмяшанне Кісялёва, які рашуча стаў мурам паміж канфліктуючымі бакамі, іх слоўная дуэль магла б перарасці ў бойку… Караткевіч канчаткова адмовіўся ехаць з кінагрупай на Гродзеншчыну ("ёсць сцэнар — то рабіце што хочаце") і прапанаваў мне з Кісялёвым тут жа пайсці да Зоські Верас:
Читать дальше