— Падумаць толькі: жывая легенда, з самім Багдановічам сустракалася, а мы не выбралі часу, каб засведчыць ёй павагу.
Але знайсці ў панарскім лесе "беларускую хатку" Зоські Верас, пабудаваную яшчэ да вайны яе мужам, аказалася не так праста. Сышлі з аўтобуса на праспекце Чырвонай Арміі, перайшлі чыгунку — і адразу апынуліся ў лясным гушчары. Сцежкі вялі ў розных кірунках. Мы выбралі адну, другую, трэцюю — нічога не выйшла. Пазмрачнелыя, зноў выбраліся на праспект і рашылі ("з гора") наведаць сяброў Генадзя Кісялёва. Караткевіч у гэтай сям'і быў добра вядомы. Нас гасцінна сустрэлі. Пачалося чытанне вершаў. А там — і застолле. І тут нечакана ў дзверы зазванілі. На парозе з'явіўся хлапчук і радасна абвясціў:
— А ўслед за мной і мама ідзе!
— ? — прачытаў я на твары Валодзі.
— І папа!
— ?!
— І дзядуля!
— !!
Запасы ж для пачастунку былі абмежаваны нашымі сціплымі магчымасцямі…
А вундэркінд тым часам сунуў кожнаму з нас сваю руку і казаў:
— Здрастуй, старына!
— Здароў, калі так, — у голасе Валодзі не было энтузіязму.
Неўзабаве сапраўды з'явілася сям'я рээмігранта з Ізраіля, вядомага вільнюскага інжынера Л. Паехаўшы на зямлю "абяцаную", ён ажаніўся там, у кібуцы, з камсамолкай і прывёз яе на зямлю бацькоў.
Новыя госці дружна накінуліся на ўсё тое, што стаяла на стале. Бачачы такое спусташэнне, Валодзя ўсё змрачнеў і змрачнеў. Нарэшце прамовіў да Л.:
— Ведаеце, міленькі, хутка па майму сцэнарыю павінен здымацца фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Там апрача Хрыста будуць дзейнічаць і апосталы… Дык вось, ролю аднаго з іх я мог бы прапанаваць вам!
— Цікава, якую ж?
— Ролю Іуды!
Усе мы чакалі, што прапанова скончыцца аплявухай. Але Л., не зразумеўшы абставін і падтэксту, прарэагаваў надзіва спакойна:
— А вы ведаеце, я змог бы! Тады… Тады паедземце ўсе да мяне!
Валодзя змяніў гнеў на літасць. І мы, цудам уціснуўшыся ў таксі, паехалі да Л. на Антакальніс. І пад каву з меднага егіпецкага кафейніка пачалася дужа цікавая гаворка пра традыцыі розных народаў, агульнасць чалавечай культуры.
— Зямля і так маленькая, а мы будзем раз'ядаць яе сваімі сваркамі, — Валодзя яўна паціхамірнеў. — Трэба знаходзіць тое, што яднае людзей, а не наадварот. Бо ў кожным народзе ёсць і благое, і добрае. У нас, беларусаў, — згубная, так бы мовіць, флегматычнасць. Ведаеце анекдатычную гісторыю? У мужыка разам з ураджаем згарэла гумно. Ляснуў увесь гадавы запас неабмалочанага збожжа. Як сям'ю пракарміць — аднаму пану богу вядома. І тут да мужыка прыходзіць такое ма-аленькае суцяшэнне: "Але ж затое колькі мышэй ляснула!" Беларусы ўсе ў гэтым анекдоце… Ну, а ў вас — празмерная, так бы мовіць, дзелавітасць, гешэфтнасць. Аднак жа гэта не перашкаджае нам разам сядзець ды піць каву. У вас тут, у Вільні, дзівосная агульнасць. Учора выпадкам на вуліцы чуў фразу: пачаў чалавек па-літоўску, увярнуў польскае, беларускае і яўрэйскае слоўцы, а скончыў па-руску.
У той вечар Караткевіч здзівіў усіх нас здольнасцю адчуваць сэнс зусім незразумелай мовы. Паміж сабой гаспадары гаварылі па-арамейску. Аднак па інтанацыі, жэстах, міміцы твараў Валодзя ўгадваў, што было сказана. З цікавасцю разглядаў кнігі, надрукаваныя нязвычнымі літарамі — на ідыш. Як аўтара сцэнарыя фільма, у якім можна сыграць ролю Іуды, Караткевіча паклалі на раскладушцы. А мяне, як менш перспектыўнага госця, — на падлозе, побач з ім. Дзесьці ў шэсць гадзін раніцы перад намі паўстаў вундэркінд і пачаў цягаць нас за "вухі":
— Эй ты, старына, уставай, мне ў дзіцячы садзік пара!
Выйшлі мы на вуліцу, да тралейбуснага прыпынку, каб ехаць на вакзал. І тут я спытаў:
— Ну як, будзеш болей прапаноўваць ролі ў сваіх фільмах?
— Дальбог, не буду. І шкадую, што з Цвятковым пасварыўся. Здольны ён хлопец. І па-беларуску пачынае гаварыць.
Караткевіч нейкі час вагаўся: вяртацца яму ў Мінск ці даганяць Цвяткова ў Гродне. Але потым рашыў, што абыдуцца там і без яго, бо асноўная частка матэрыялу ўжо адзнята. Ды сцэнарыст і не абавязаны ўвесь час ездзіць з рэжысёрам… Дарэчы, фільм "Памяць" неўзабаве выйшаў на экраны і здзівіў гледачоў: аказваецца, і ў Беларусі ёсць многа вартага дбайнай аховы — замкі і храмы, палацы і ансамблі жылых дамоў, ветракі і лямусы, корчмы і паштовыя станцыі. У часы, калі мінуўшчына перадавалася анафеме, калі ў Віцебску ўзарвалі Благавешчанне, у Магілёве — ратушу, а ў Гродне — касцёл, пабудаваны яшчэ пры Вітаўце, усё гэта ўспрымалася як смелае, ледзь не крамольнае.
Читать дальше