Ці бываў болей Караткевіч у Вільнюсе — не памятаю (здаецца, ездзіў туды яшчэ ў 1967 годзе). Але заўсёды з вялікім сентыментам успамінаў гэты горад, з нязменнай павагай ставіўся да самабытнай літоўскай культуры, ахвотна пісаў артыкулы і даваў інтэрв'ю для літоўскага друку (ці не апошняе было для часопіса "Културос барай").
Сваю абазнанасць з гіторыяй літоўскай літаратуры ён бліскуча прадэманстраваў у час сустрэч з Онай Главацкене (Прыс), дачкой літоўскай пісьменніцы Марыі Ластаўскене (пад псеўданімам Лаздзіну Пяледа яна выступала разам са сваёй сястрой Софіяй) і беларускага гісторыка Вацлава Ластоўскага. У сярэдзіне шасцідзесятых гадоў мы з Валодзем некалькі разоў пабывалі на яе мінскай кватэры (у доме па Ленінскім праспекце, — дзе некалі месціўся магазін "Антыквар"). Она Вацлаваўна, нягледзячы на свае гады, была вельмі жвавая і прывабная. Казала, што яе дзед (наколькі я зразумеў, па мацярынскай лініі) быў польскі паэт, паказвала яго п'есу пра паўстанне 1863 года (ці не гэта прывяло сюды ў першы раз Валодзю?). У Савецкім Саюзе яна з часоў першай сусветнай вайны — у адрозненне ад малодшай сястры, якая жыла ў Каўнасе (яна ж "пусціла па свету жмудскую бібліятэку" бацькі, якога бацькам не лічыла).
Она Главацкене ўспамінала нам, хоць і цьмяна помнячы пра "нашаніўскую" пару, калі ў Вільні, па вуліцы Завальнай, на кватэры Ластоўскіх бывалі Янка Купала, Людас Гіра, мастак Жмуйдзінавічус. Звычайна ў сутарэнні, дзе месціўся склад беларускай кнігарні, пілі гарбату за абаранкамі, елі селядцы з бульбай, абрэзкі таннай каўбасы. Дзецям куплялі цукеркі. Па словах Оны Вацлаваўны, Янка Купала і яе бацька дужа паважалі эрудыта Івана Луцкевіча, хоць і папракалі яго за тое, што ён прадаў музейную жырандолю, каб фінансава падтрымаць "Нашу ніву".
Она Главацкене ў снежні 1940 года ўдзельнічала ва ўрачыстатцях, прысвечаных 35-годдзю творчай працы ЯнкіКупалы. З савецкага ўжо Вільнюса ў Мінск тады прыехалі Пятрас Цвірка і Антанас Венцлава. Першы быў вельмі вясёлы і непасрэдны, нейкую высокую госцю называў "мандалінай балалаеўнай", чым выклікаў незадавальненне скаванага ("штыўнага") Венцлавы. Беларускія і літоўскія пісьменнікі дамовіліся тады ўзнаўляць кантакты, аслабленыя ў часы, калі ў Літве панавала буржуазная ўлада, і спачатку ўсё ішло добра: за год Купала двойчы пабываў у Вільнюсе і Каўнасе. Аднак з яго смерцю абарваліся многія жывыя ніткі. І нікому асабліва не баліць, жалілася гаспадыня, каб іх снаваць нанава.
— Вашы творы, Уладзімір Сямёнавіч, мне вельмі падабаюцца, — сказала Она Вацлаваўна на развітанне ў другі ці трэці наш прыход. — Абяцаю што-небудзь перакласці на літоўскую мову. Ну хаця б "Каласы…", якія, чула я, вы заканчваеце.
Аднак Она Главацкене пачала хварэць, праз пару гадоў памерла, так і не здзейсніўшы многія свае задумы (у тым ліку і напісаць успаміны — "у піку Мядзёлцы"). Засталіся ад яе некалькі перакладаў з літоўскай на беларускую мову, зробленых у сааўтарстве, ды добрая памяць.
Але пара вярнуцца да рамана "Каласы пад сярпом тваім". Закончыўшы першую яго кнігу, Уладзімір Караткевіч аднёс яе ў "Полымя", дзе, насцярожаныя герцовічаўскімі адмоўнымі ацэнкамі папярэдніх яго твораў, не дужа спяшаліся друкаваць. Між тым аўтар чытаў урыўкі з рамана сябрам — у аспіранцкім пакоі Арсена Ліса, на кватэрах у супрацоўніц Інстытута літаратуры Валянціны Гапавай і Ірыны Крэнь. Патрыятычныя маналогі і дыялогі Алеся Загорскага, галоўнага героя, узбуджалі слухачоў, спараджалі розныя асацыяцыі з сучаснасцю. Нехта прапанаваў зрабіць копіі і пусціць іх па руках, але Караткевіч быў супраць усялякай "нелегальшчыны":
— Вялікую і святую справу трэба рабіць з адкрытым забралам.
Нарэшце ў другім — шостым нумарах часопіса "Полымя" за 1965 год раман пабачыў свет. На "сінкліце" сяброў (рэй вёў Рыгор Барадулін) было вырашана, што я зноў напішу рэцэнзію — толькі як мага дыпламатычней, са спасылкамі на гісторыкаў ("каб выбіць падрыхтаваныя козыры ў Герцовіча і іжэ з ім"). На гэты раз свой водгук я даў пачытаць Караткевічу, і ён, выкрасліўшы некалькі гучных эпітэтаў, блаславіў опус у друк. Рэцэнзія з'явілася даволі хутка, 6 жніўня таго ж года, у газеце "Літаратура і мастацтва" пад назвай "Праўда мастацкая і праўда гісторыі":
"Стагоддзе аддзяляе нас ад гераічнага і шматпакутнага паўстання 1863 г., калі лепшыя сыны беларускай зямлі ўзняліся на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае разняволенне супраць царскага самаўладства і прыгонніцтва. Сто год у народзе жыве памяць аб палымяным дэмакраце Кастусі Каліноўскім і яго баявых паплечніках. Іх подзвігі неаднойчы натхнялі нашых паэтаў, кампазітараў, мастакоў. Аднак за стагоддзе так і не была створана шырокая мастацкая панарама падзей 1863 г. Вось чаму беларускі чытач з такой нецярплівасцю чакаў, калі ж урэшце "Полымя" выканае свае абяцанні і пачне друкаваць раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім", прысвечаны легендарнаму паўстанню. Якой будзе яна, сустрэча з народным трыбунам Кастусём? Ці ўдасца аўтару паказаць усю веліч, складанасць, супярэчлівасць і трагізм паўстання? Урэшце, ці будзе мастацкая праўда ў рамане адпавядаць праўдзе гістарычнай?
Читать дальше