Наша прабыванне закончылася даволі камічна. Грошы неяк нечакана зніклі, а пазычаць не дазваляў гонар. І тады праз Мацявічуса Караткевіч дамовіўся, што нам дадуць мінут дваццаць у літаратурным тэлечасопісе. Ледзь не на апошні рубель паабедалі. Валодзя апрануў свой эфектны, блакітны з белым, світэр. Галантна цалаваў ручкі рэжысёркам і дыктарцы. Узнёсла гаварыў, як шукаў у Вільнюсе сляды Каліноўскага. Я ж расказваў пра дружбу нашых літаратур… Вярнуліся мы ў былыя людскія па вуліцы Рашытою, папілі чаю і ўлягліся спаць з ціхай надзеяй, што нашы фінансавыя справы заўтра палепшацца.
— Званіць у бухгалтэрыю будзеш ты, хоць паздароўкаешся па-літоўску.
Але "лабас рытас" нас не ўратавала. На маё пытанне, ці нельга было б атрымаць ганарар за ўчарашняе тэлевыступленне, у трубцы пачулася:
— А вы — савецкія грамадзяне?
— Безумоўна! — узрадаваўся я.
— Тады атрымаеце пераводы ў канцы месяца ва ўстаноўленым парадку. Адразу мы плацім толькі замежным грамадзянам…
Давялося паступіцца сваім гонарам і звярнуцца за субсідыяй да сваякоў.
У наступны свой прыезд у Вільнюс, у канцы лютага і пачатку сакавіка 1966 года, мы былі больш абачлівымі: загадзя дагаварыліся пра пакой у больш дэмакратычнай гасцініцы "Гінтарас", а потым перабраліся на кватэру да майго школьнага сябра Часлава Мекіна на вуліцы Дзуку ("у краіне Дзукіі", "у дзукаў", як паўтараў Валодзя).
У Літоўскім драмтэатры якраз паставілі гістарычную драму Вінцаса Крэве "Скіргайла". Яна выклікала вострыя спрэчкі: аўтар памёр у эміграцыі, доўгі час быў ледзь не пад забаронай, ды і на гістарычную праблематыку тады накладваласа табу… Таму Мацкявічусы рашылі звадзіць нас на гэтую пастаноўку. Білеты ім удалося здабыць з цяжкасцю, бо ўсе былі раскуплены загадзя. Аднак для "беларускага Сянкевіча і яго сяброў" усё ж знайшлася бронь. Караткевіч быў у захапленні ад маналогаў Скіргайлы пра тое, якім багам яму пакланяцца, ад "несіметрычнасці" драмы: крыжак аказваецца героем, а літовец — здраднікам. Разам з усімі Валодзя доўга апладзіраваў стоячы, а потым, у гардэробе, узрушана сказаў:
— Трэба перакласці для купалаўцаў! — Ды тут жа аціх: — Хто ў нас цяпер такое паставіць?!
На наступны дзень вядомая літоўская фалькларыстка Ванда Ёнаўна павезла нас у Каўнас. Валодзя быў не ў гуморы: напярэдадні, адыходзячы ў тэатр, жонка Мацкявічуса прыпудрыла яму рассечанае пры рэзкім тармажэнні аўтобуса брыво, і сёння ў невялікай ранцы пачалася злая інфекцыя. І таму на карціны Чурлёніса ў Каўнасе глядзеў ён неяк адным вокам, прымружана. Асабліва ўразіла Валодзю нарастанне змроку, беспрасветнасці ў цыкле "Хаўтуры". Ён доўга стаяў перад карцінамі, нешта шаптаў (пасля з усяго гэтага нарадзіўся верш "Чурлёніс"). Дужа шкадаваў, што лепшыя творы літоўскага генія знаходзяцца ў цёмным запасніку: пісаныя дрэннымі фарбамі, на святле яны хутка губляюць колер. Затым нам паказалі скульптуры Даўгвілене, прысвечаныя паўстанцам 1863 года (у тым ліку дзеду мастачкі). Кавалкі кары (здаецца, дубовай), наклееныя на нацягнутае палатно, стваралі незвычайны эфект.
— Якое адзінства формы і зместу! — захапляўся Караткевіч. — І кім зроблена: не прафесіяналам, а швачкай.
А яшчэ спадабаліся яму скульптуры Рымшы, асабліва праект помніка лётчыкам Дарусу і Гірэнасу, якія перад вайной пераляцелі Атлантык, але загінулі ў аварыі над прускім ці літоўскім лесам. Таму ўся скульптурная група нібы вырастала з лясной гушчэчы.
Паколькі музей вітража (музея чарцей тады, здаецца, яшчэ не было) аказаўся на рамонце, Караткевіч запрасіўся ехаць назад, аднак абачлівая Ванда Ёнаўна прымусіла, каб ён зайшоў у паліклініку і даўся зрабіць "самую маленькую ў свеце аперацыю". Хірургічнае ўмяшанне пайшло на карысць, і па дарозе назад Валодзя ўжо сыпаў анекдотамі і нават пахваліў (а з раніцы лаяў) сучасную архітэктуру Электрэнай.
У абодва прыезды Караткевіч любіў хадзіць у маленькую кавярню па вуліцы Татору (цяпер Палецкіса), дзе за буфетам стаяла ("пры ўсіх уладах") магутная жанчына родам з-пад Мсціслава. Калі яна злавалася, вока ў яе мружылася ў нервовым ціку. Казалі, што ў выпадку чаго яна не выклікала міліцыю, а сама хапала дэбашыра за шкірку і выкідвала за дзверы. Валодзю, які галантна цалаваў ёй ручкі і па-зямляцку называў "мамусяй", яна паважала і магла нават даць "на борг крупніку". У доўг, да зарплаты ці ганарару, бралі і іншыя — пісьменнікі, акцёры. Потым, па неасцярожнасці Караткевіча, кавярню прыкрылі: ён, захапіўшыся нейкім сюжэтам, расказаў пра норавы, якія там пануюць, аднаму высокапастаўленаму літоўцу, а той рашыў: хопіць!
Читать дальше