Зала поўная. У руках дам насавыя хусцінкі.
Сатана з дэлегацыяй непрыкметна паселі ў апошнім радзе, пад праекцыйнай будкай.
— Пракурор выступае, — шэпча Сатана на вуха марсіяніну.
У пракурора жэсты заўзятага прамоўцы, высакароднае абурэнне на твары.
— Парушаны самыя законы нашай дзяржаўнасці. Падзея, што адбылася сёння, адкрыла нам нечуваныя прорвы маральнага разлажэння, у якія скаціліся некаторыя, ці дазволена будзе сказаць, члены нашага грамадства. Мы не павінны забываць, што дабро не дрэме, што патуранне прывядзе нас на край пагібелі. Згаснуць нашы ачагі, загіне наша культура. Далоў рэнегатаў! Шалёнаму сабаку сякуць хвост па самую галаву!
Грыміць авацыя.
Раздаўлены ўласнай нізасцю, Рагач апускае галаву.
На лаве прысяжных чытае газету цэнзар з цэнзурнага камітэта Яго Вялікасці Сатаны. Адарваўся. Лянотна пахлопаў. Зноў утаропіўся ў лісты.
Устае д'ябал езуіцкага выгляду.
— Я адвакат, — кажа ён, — але калі я пачуў аб меры падзення гэтага няшчаснага — мне захацелася адмовіцца ад абароны.
Рагач уздыхае.
— Толькі ўсведамленне адказнасці прымушае мяне паспрабаваць.
Цэнзар шэпча на вуха суседу:
— Цікавага ў газеце мала. Нерон падпаліў Рым. Радыяцыя стала вышэй дапушчальнай… Як вы думаеце, ці паўторыць Японія дэмпінг сваіх цацак?
- Імператар — гэта галава, — адказвае сусед.
- І я хачу заклікаць да незласлівасці, - спявае адвакат. — Бо ён жа не чалавек, ён звычайны д'ябал, наш брат, такі самы, як мы з вамі. Цяжкія былі ўмовы ягонага дзяцінства. Бацька, які не піў, маці, якая не была ведзьмай. Адкуль яму было навучыцца нашай маралі?.. У яго падзенні вінаваты ён, але вінавата і грамадства, у якім ёсць непазбежны адыход у брак некаторых юных душ… Літасці! Перад вамі ваш брат!.. Ваша душа, ваш выраб, ваша падабенства!
У Рагача затрэсліся рукі. Той-сёй з прысяжных, не хаваючыся, выцірае вочы.
— Падсудны, ваша апошняе слова, — кажа суддзя.
Рагач устае. У яго кранаюча наіўныя жэсты, жэсты аблуднага дзіцяці.
— Я ўсвядоміў, - кажа ён, — і прашу дараваць мне. Хто ж ведаў, што на свеце ёсць дабро? Вучоны з цікаўнасці выдумаў чуму, я з цікаўнасці знізіў ціск. Не скажу, каб мне гэта было непрыемна… Наадварот… Нешта такое варушыцца ў душы.
— У вас не павінна быць душы, — перабівае пракурор.
— Пракурор, я пазбаўляю вас слова, — з пагрозай кажа суддзя.
— Не тэба яго пазбаўляць слова, — кажа Рагач, — у яго праца. І дзеці.
— А за гэта я вас пазбаўлю слова, — кажа суддзя. — Зноў за сваё?
— Добра, — уздахае Рагач, — не буду. Я разумею, я зрабіў не так, як хочуць усе. І я ўсвядомлена прыму кожнае пакаранне. Я трымаў сябе ганебна і амаральна, і апраўдвае мяне толькі маё няправільнае выхаванне. Я не абвінавачваю грамадскасць, я сам вінаваты. І кожнае пакаранне прыму як належнае.
Уздыхнуў.
— Хаця, хай мяне Бог шасне, не разумею, што я зрабіў. Але ж я проста дэфектыўны. Я параноік. А па тыпу сапраўдны доліхаморфны тып — як Кальвін…
Аднаго з прысяжных перасмыкнула.
— Як Саванарола, — кажа далей Рагач, — як Гогаль, Блок i Рабесп'ер. Мы ўсе хворыя. Сумленнем. Хаця я i не ведаю, што гэта такое.
Прымоўк. І раптам затарабаніў:
— Увогуле, я прызнаю. І аддаю сябе. Рабіце са мною, што вам тэба. Абяцаю ўсё ўспрыняць самакрытычна… Дзякуй за ўсё.
— Ён яшчэ не зусім прапашчы, — кажа Сатана.
— Суд ідзе на нараду, — кажа суддзя.
__________
— Што б вы зрабілі з ім? — пытае ў марсіяніна Сатана.
— Думмер керл, — кажа той, — ён яшчэ такі малады. Зрабіце для яго палёгку.
__________
— Устаць, суд ідзе!!!
Прысяжныя займаюць месцы.
Калоцячыся, як асінавы ліст, стаіць на месцы Рагач.
Суддзя разгортвае даўжэразны світак:
- Імем вялікай пякельнай імперыі асуджаны за амаральнасць і бытавое разлажэнне д'ябал Рагач з двухсотай секцыі. Склад прысяжный заявіў:
"Так, вінаваты, але заслугоўвае памяркоўнасці". Зыходзячы з гэтага, суд пастанавіў часова выгнаць Рагача на зямлю.
Агульны ўздых жаху.
— З тым, каб ён там выкупіў свае грахі і доўгім, упартым служэннем ідэям Яго Вялікасці заработаў права вярнуцца ў пекла, да яго цёплых катлоў.
— Я заслужу, — радасна кажа Рагач, — я так буду служыць Яго Вялікасці і пеклу, што мяне скора вярнуць.
__________
— Зараз яго будуць інструктаваць, — кажа Сатана. — Застанемся?
— Аб-бавязкова.
__________
Гасне святло. З праекцыйнай будкі цягнецца да экрана светлы конус. І на экране ўстаюць прыўкрасныя гарады, цяністыя гаі, стройныя вежы замкаў, сытыя вёскі.
Читать дальше