Але пакуль ты ўбачыш тое, што было пад зямлёй…
***
Паказальны працэс у пекле.
Калі пашэнціць знайсці адну са шматлікіх патрэбных расколін, спусціцца ёю пад зямлю і некаторы час паблытаць падземнымі пераходамі, то, рана ці позна, — ну, вядома, калі не памрэш з голаду ці смагі, — спынішся перад разьблёнымі дубовымі дзвярыма, на якіх вісіць сціплая, але досыць салідная, як у славутага з вялікай практыкай доктара, таблічка:
Прыёмная Яго Вялікасці Сатаны.
…Кабінет, падобны на кабінет доктара Фаўста. Дубовыя шафы, рэторты, кнігі, прыкутыя ланцугамі да стала (каб пазбегнуць спакусы). Сава. Спіць чорны кот. Картатэка. На шырокім, як поле, пісьмовым стале тэлефон, па якому зараз размаўляе гаспадар кабінета:
— Падстанцыя. Алё… Бяда з гэтымі тэлефонамі… Так, Люцыпар… Так, дэлегацыю майго марсіянскага калегі стрэну сам… Што новага?.. Так… Што-о??? Рагач з двухсотай секцыі? Чэрці б вас узялі! Што здарылася?
…У двухсотай секцыі ідзе здача дзяжурства. Скрогат Зубоўны, дзябёлы немалады д'ябал з несімпатычным абліччам, вядзе ўздоўж рада катлоў Рагача. Рагач яшчэ малады і для радавога чорта даволі самавіты і гожы.
— Бяры ключы, — кажа Скрогат. — Гэтая секцыя — твая. Тут сто грэшнікаў, усё больш драбяза. Самы буйны абрабаваў сіроцкі прыют.
Падводзіць Рагача да стала.
— Тут можаш сядзець, чытаць апавяданні Чапека і выбраныя папскія булы… Тут манометр. Сачы, каб не падаў ціск у катлах… Можаш па гэтаму шчыту прыбаўляць яго…
— А нашто?
— Пытанні будзеш задаваць у вячэрняй школе. І асабліва сачы за двума першымі катламі. Вось у гэтым сядзіць хлопец, які забіў гаспадара. Пад канец дзяжурства давядзі ціск пад ягоным катлом да трохсот атмасфер.
Скрогат пазяхнуў:
— А вось у гэтым сядзіць вялікі інквізітар Іспаніі, спаліў дзесяць тысяч чалавек. Гэтаму можаш зрабіць палёгку. Слаўны, адукаваны чалавек. Вельмі любіць катоў і дзяцей. І манахінь. За гэта і трапіў сюды.
Скрогат пайшоў. Рагач сеў з кнігай пад манометрам. Цішыня. Чуваць толькі бульканне вады ў катлах.
— Ну і што ж? — чуе ён голас з першага катла. — Што мне агонь?
Зацікаўлены Рагач падыходзіць да катла.
— Гэта ты забіў пана?
— Я. За нявесту.
— Балюча табе?
— Ёй было больш балюча, маёй дзяўчынцы… І радзіме маёй таксама… Ты думаеш, я шкадую аб гэтым кінжальным удары? Я ўдарыў, і абаім троху лягчэй. Я іх люблю.
— Што значыць любіць?
— Шкадаваць больш, чым сябе.
У катле гожае маладое аблічча з перакрыўленымі вуснамі.
— Дрэнна табе?
— Вельмі. Усё гарыць. Але з-за гэтага клекатання я не чую, што ў мяне на радзіме. Ці меней там слёз і стогнаў? Ці часцей гучыць смех?
— А табе што да гэтага?
— Я люблю іх.
Паўза.
— Паслухай, збаў на хвіліну агонь. Можа, я пачую. Я ніколі нікога не прасіў, але ў цябе мільгае часам дабро ў глыбіні вачэй.
— Што такое дабро?
— Гэта калі пакутуеш за ўсіх. Калі ласка. Толькі хвіліну. А потым няхай яшчэ мацней.
Рагач ідзе да шчыта і, падумаўшы, збаўляе ціск.
Прагна слухае чалавек.
— Плачуць, — кажа ён. — Але ў маёй весі трохі менш. А Надзея не плача. Бог злітаваўся, узяў у яе розум. Дзякуй Богу.
Ён апусціў веі.
— А цяпер прыбаў акню, добры д'ябал. Усё скончана. Мне лёгка.
Зараўло полымя ў топцы. Папаўзла ўгору стрэлка манометра.
Але ўжо з ляскам адчыніліся дзверцы. На парозе Скрогат і два вартаўнікі.
— Добранькія чыняцца справы, — кажа Скрогат. — Пекла такі дакоціца да ручкі, калі ўсе зоймуцца дабрачыннасцю. Нашы бедныя мамы перавароцяцца ў труне… Нашто ты збаўляў ціск?
— Мне было цікава, — наіўна кажа Рагач, — я думаў, ён не пачуе.
— Ты што ж, не ведаў, што ў мяне ёсць кантрольны манометр? Ты думаў за тое, куды падзенецца выхаваўчы эфект нашай установы, калі ўсе будуць сеяць цвёрдасць у душах, якія мы павінны выхоўваць.
І грэбліва паглядзеўшы на Рагача, кінуў вартаўнікам:
— Узяць яго.
__________
— Так, — крычыць у тэлефон Сатана, — так… судзіць. Гэтага патрабуе грамадскае сумленне. Езус-Марыя, даскакаліся… Алё, падстанцыя… Што, дэлегацыя прыбыла?.. Зараз сустрэну іх.
__________
Падзямеллямі пекла рушыць марсіянская дэлегацыя. Узначальвае яе д'ябал з наіўна-сентыментальнымі вачыма. У мове выразна адчуваецца швабскі акцэнт. Вядзе дэлегацыю Сатана. Зараз у яго бессаромныя манеры прафесіянальнага гіда.
— У вас на Марсе ёсць жанчыны? — пытае ён.
— Не, мы, марсіяне, размнажаемся пачкаваннем.
— Шкада, — са скрухай уздыхае Сатана. — Вы пазбаўленыя самай моцнай зброі. Гэта вы, на маю думку, прыдумалі дрэнна.
Читать дальше