Быццам заблудная, яна бяжыць на кліч.
…Тронная зала. У змроку, недзе далёка-далёка, пляма святла падае на трон, а на іх сціснулася маленькая постаць. Цень Агаты кінуўся да яго.
— Ты?
— Ма-а, — спалохана крычыць той, папярэджваючы аб чымсьці.
Агата павярнулася — непадалёк, распатланыя, потныя, стаяць з аголенымі мячамі ў руках змоўшчыкі. Паперадзе — гаспадар Іван. Ён глядзіць на маці і сына і цяжка дыхае.
І тады Агата выпрамілася:
— Мячы?! Тут?! На калені, быдла!!!
Разгубленасць на тварах. Нехта падаецца задам. Яна наступае на іх, страшная ў гневе.
— На калені!
І раптам за імі раздаецца каркаючы голас:
— Што ж вы баіцёся? Упярод! Ну!
Каля трона вырасла гаспадыня Аглая з кінжалам у руцэ. Прынц выпраміўся:
— Прэч! Карга!
Бліснуў кінжал. Закруцілася і з ровам стала падаць уніз аблічча Хрыста-Пантакратара ў купале.
Белыя вочы. Жорсткая ўсмешка. З ровам. Уніз. Змрок.
…Агата расплюшчвае вочы. Вакол стаяць змоўшчыкі. На прыступках, галавою ўніз, ляжыць прынц у залатой чузе.
З непрытомнасці ўзнікаюць словы гаспадара Івана.
— Ты яшчэ вернешся да мяне, — усміхаецца ён жорсткай і баязлівай усмешкай, — асвяціш каронай, каб не застацца без следу на зямлі. Гадзіну на роздум. Не згодзішся — вернемся, заб'ем.
Яны ўходзяць, падмятаючы чорнымі мантыямі падлогу: вялізныя чорныя пацукі.
Агата адна. Яна ў адчаі падпаўзае да сына і гладзіць залатую галаву.
— Заснуў.
Яна падымае яго на рукі, нясе залай. Хіляцца, адплываючы назад, калоны.
…Анфілада. Яна асцярожна нясе сына.
— Я памерла. Памерла.
Яна падыходзіць да стойла каровы.
— Карова-карова, ці не возьмеш ты сына?
Карова сапе, косячы на яе вокам. Ззяюць у цемры залатыя рогі.
— Разумееш, я памерла, а ён заснуў. І спіць. Як я яго абараню, мёртвая.
Голас яе гучыць па-дзіцячаму жаласна.
— Абарані яго.
Карова ўдарыла рогам у загарадзь.
— Так, я ж забрала ў цябе цяля.
Залатое цялятачка закалолі,
Шкурку на хмарку паклалі.
Хмарка плыве над ягняткам,
Зубраняткам і медзведзяняткам.
Хай зубранятку ўсё ліха,
Хай княжатка спіць ціха.
А-а-а…
Так, я ж забрала ў цябе цяля.
…Яна ідзе далей. У нішы сядіць вялізны пёс. Схіліў галаву. Глядзіць.
— Забяры. Як я зберагу, мёртвая.
Яна апускае прынца каля сабакі. Сабака ліжа мёртвую руку. Кладзе на грудзі хлопчыка вялізную галаву.
— Што ты, яму цяжка!
Яна хоча ўзяць сына. Але пёс так загыркаў, што Агата адхапіла рукі. Вялізная лабастая галава пса. У вачах туга. Седзячы неўздалёк, Агата гладзіць паветра рукамі, нячутна спявае:
Мой
Дом,
В нем живет добрый дух,
В нем живет добрый дух,
Духов злых отгоняя.
Коль
В дом
Забредет злобный дух,
Значит, он ослеп и глух
И о добром не знает.
Ах!
Но
Кто-то смотрит в окно,
Кто-то в тусклый очаг
Залетает с размаху.
Ах,
Как безумно темно!
Даже серьги в ушах
Тяжелеют от страха.
Дождь!
Налети, бурный дождь,
Дай мне молнию, дождь,
Я боюсь темноты.
. . . . . . . . . . . .
Цемра. Гулкія рэдкія крокі па камені. І тады Агата выпростваецца:
— Анёл смерці. Ідзі сюды. Вінаватая. Бяры.
Крокі. Крокі. Крокі.
__________
Цагляныя купалы. Гульбішча. На неверагоднай вышыні ўзносіцца яно над натоўпам. З гульбішча гаспадар Іван і гаспадыня Аглая (у латах) глядзяць на народ.
Гаспадар Іван падымае руку, і шум сціхае.
— Людзі! Каралева Агата ў прыпадку вар'яцтва закалола сны і кінулася на меч.
Маўчанне.
— Чаму вы не плачаце? — пытае Аглая. — Хіба вы не распіналіся кожны дзень у тым, што яна добрая гаспадыня?
Маўчанне. Потым адзін з рамеснікаў гавора ў цішыні:
— Можа, цяпер паны перастануць піць, а мужыкі пачнуць есці.
Гаспадар Іван з усмешкай пагарды глядзіць на народ. Гнеўна глядзіць на Івана Пётр-прадракальнік.
І раптам кідаецца на гульбішча.
— Гэта ты. Усё ты. Хай яна была дрэнню, але ўзняць руку на жанчыну?!
Іван, вызваліўшы руку з плашча, кладзе яе на эфес мяча.
- І ты думаеш аб прастоле, зруйнавальнік! Мы развалім вашы замкі, возьмем вашы палі… Царства справядлівасці градзе!
— А пекла? — вызверыўся Іван.
— Горш, чым тут, не будзе.
І тады Іван ударае прадракальніка мячом.
— А, — кажа той.
Натоўп завіраваў. Кінуўся па сходах на гульбішча.
— Бі яго! З раската сытых!
Целы гаспадара Івана і гаспадыні Аглаі цяжка пераваліліся цераз парэнчы. Паляцелі, усё змяншаючыся, уніз. Зніклі ў натоўпе, што самкнуўся над імі. Нехта прыцягнуў да дзвярэй церама бярэмя трэсак. Выбіў крэсівам іскры.
Читать дальше