__________
На плошчы шумяць два натоўпы: справа — дваране, злева — людзi цэхаў.
Кавалькада стае пасярэдзіне.
— Ціха, — кажа каралева.
Цішыня.
— Бачу я незадавальненне. Што з табой, мой добры народ? Ці я больш не маці табе? Ці жаночае сэрца стамілася любіць? Няхай выйдуць да мяне верхаводы.
Два старшыні і яшчэ некалькі чалавек аддзяляюцца ад натоўпу.
— Мы не хочам П'янды з Чапяліна і Падковы з Дубасечча. Не хочам Аглаі з Камянца.
- І толькі? — ласкава пытае яна. — Гэта лухта.
Яна, усміхаючыся, глядзіць на дваран. Іван натапырыўся. П'янда сарданічна ўсміхаецца.
— Ад іх мала карысці, - кажа яна. — Я звальняю іх. П'янду я перавяду ў кур'еры. Аглаю звольню. Іван пойдзе.
Іван успыхнуў.
— Ён жа сам не захоча рызыкаваць маёй і… сваёй галавой. Няхай з мірам едзе намеснікам у былое дэйноўскае княства. Яго разарылі, і гаспадару Івану хопіць работы па аднаўленню.
Смех у натоўпе.
— А цяпер разыходзьцеся. Даю вам мір і хлеб. Выбарных прашу да мяне. Вы ж верыце ім? Яны — ваша сэрца?
Народ адказвае захопленым крыкам. Узлятаюць шапкі.
__________
Міма чырвонага ганка палаца рухаецца доўгі абоз. Карэты, вазакі. Гружаныя дабром, котчыя вазкі з вінамі і зброяй, шатныя вазы, сакаліны воз, воз гепардаў. Наперадзе едзе вярхом гаспадар Іван.
— У ссылку едзе, — кажа ў натоўпе Ян Шыбень. — Цягнуў воўк авечак, пацягнулі і ваўка.
Пахмура паўзе доўгі абоз. На верхніх прыступках ганка стаіць каралева. Побач з ёй Рогач.
Гаспадар Іван спыніў каня каля гаспадыні Аглаі, што стаіць у дарожным уборы на першай прыступцы.
— Каралева, — даволі голасна, але так, каб не чуў натоўп, кажа ён, — нашто ты адсылаеш мяне?
— Я ж адсылаю цябе не на плаху, — назнарок гучна кажа Агата. — Ты працаваў ужо ў гэтым краі — папрацуй і цяпер. Вылаві разбойнікаў.
Ян Шыбень хмыкнуў у натоўпе:
— Гэта яшчэ хто каго лавіць будзе… з гэткім дабром.
— Ці не ты ўжо будзеш лавіць? — пытае Пётр-прадракальнік.
— А хоць бы і я. Хлопцам — залатую клетку, а мне самую птушку падай.
Іван усё яшчэ стаіць з непрыкрытай галавой.
— Язджай, — кажа каралева.
— Успомніла б хаця…
— Успомні і ты. Як пачаў з таго, што абразіў дарагога мне… Плаці.
Іван насунуў шапку.
— Дурань, — амаль не расціскаючы жоўтых вуснаў, кажа гаспадыня. — Здаешся? Едзеш?
— А што ж яшчэ? — ціха кажа ён.
— Спынiся ў сваiм доме за горадам. Захварэй. Я прыеду да цябе.
Іван апускае павекі на знак згоды. Скрануў каня.
Брынкліва едуць вазы. І, калі апошні ўжо мінуў ганак, — наводдаль паказаўся яшчэ адзін адсталы воз.
Воз набліжаецца. Коні з цяжкасцю цягнуць страшэнную паклажу. На возе гарой стаяць бюсты гаспадара Івана. Адухоўлена ўсміхаюцца, пазіраючы на натоўп.
— Гэта яшчэ што? — пытае Рогач.
— Паставіць там ва ўсіх прыказах, як мясцовы бажок, — кажа Агата. — Не новыя ж яму заказваць? Нічога, дэйновец сюды свае прывязе. Святое месца пустым не бывае.
Натоўп моўчкі глядзіць, як самотны бюст на вяршыні піраміды пагойдваецца, быццам аддаючы апошнія паклоны.
__________
Рогач і Агата ідуць падзямеллямі.
— Нашто ты вядзеш мяне? — кажа ён.
— Хадзем, ты будзеш задаволены.
__________
Зноў падзямелле, дзе катавалі Ольда. Каралева і Рогач уваходзяць у яго. Паўцемра. Агата звыкла адсоўвае заслонку ліхтара. Сноп святла падае на выбарных, што ляжаць на саломе. Яны страшэнна збітыя, вопратка падзёртая.
— Што гэта? — пытае Рогач.
— Палітыка, любы. Вучыся.
Першы старшыня падняў вочы.
— Чаму мы тут? Дзе слова караля? Слова — золата?
— Добрай ночы, — усміхаючыся, кажа Агата. — Прыйшла пагаманіць.
— Нашто нас зняволілі? Мучылі?
— Мучылі? — На твары яе такое здзіўленне, вочы такія нявінныя, што Рогач зніякавеў. — Змучаныя, бедныя мае. Што ж вы? Ці я не маці ваша? Ці жаночае сэрца развучылася любіць? Прыпадзіце да ног. Я ўсё зразумею.
Яна кажа гэта так, што нехта са зняволеных усхліпнуў:
— Маці! Цябе падманулі!
— Ты жанчына! Табе цяжка!
Каралева ўсё яшчэ іграе.
— Мужчыны, моцныя. Чаму ж вы не дапаможаце мне, падманутай?
— Агата, — з дакорам кажа Рогач.
Але яна ўжо выпрамілася.
— Вы толькі мучаеце жанчын сваім "каханнем". Але ў вас не хапіла мазгоў, нават курыных мазгоў, калі жанчына, я, ашукала вас. Вас водзяць за нос і ў палітыцы, разумных, бязмерна распусных, нахабных быкоў… І вы, недавумкі, не зразумелі, што я забіла двух зайцаў.
Яна страшная ў гэты момант. І раптам зноў усмешка:
Читать дальше