— Ён абразіў мяне, — кажа Аглая.
— Што ж, — усміхаецца П'янда. — Вы мысліце лагічна, не скатваючыся ў метафізіку. Я задаволены вамі. А каралева, здаецца, на самой справе стала іншай.
— Не паспее.
- І гэта праўда. Я дапамагу. Надта ўжо ты будзеш добра на яе месцы. Моц. Сіла. Тонкая дыпламатыя. Памятаеш, чым ты разбіў башку дэйноўскаму правадыру.
— Яшчэ б… Люлькай міру, — зарагатаў Падкова.
П'янда ўсміхаецца.
— Я дам табе тры цуды. Сам на тры дні застануся без іх, дык для друга ж не шкада. Першае — выслізнеш з хітрых сецяў Рогача. Другое — непрыкметна пранікнеш у палац. Трэцяе — на тваё меркаванне.
— Дзякуй.
— Трогай, — усміхаецца П'янда.
Колы загрукалі ўначы.
__________
Рогач кідаецца да апачывальні. Дае выспятка вазам, крышыць крэслы.
— Вы ўсе адвакаты сатаны! Вы горшыя за яго!
Сумная, бледная Агата глядзіць на яго.
— Рогач…
— Што?!
— Я зрабіла апошняе зло. Мне чамусьці не хочацца больш яго рабіць. Гэта ўсё ты…
Ён маўчыць.
— Няхай. Цяпер толькі я. Паглядзі на мяне. Хіба не тыя самыя рукі, вочы, валасы?
Рогач падае да яе ног як падсечаны. Плечы ягоныя калоцяцца.
— Яны ўсе ў крыві. Але куды я пайду? Я забіў нават яе. Куды мне трымаць шлях акрамя цябе і пекла?!
Яна пяшчотна прыўзняла за валасы яго галаву.
— У цябе нават не цякуць слёзы.
__________
Карэта каціць начным лесам. Дрэме ў ёй Дубраўка. На шчоках — сляды слёз.
І раптам коні сталі на дыбкі.
Бярвенні павалены ўпоперак дарогі. На бярвеннях чалавек з бязменам: Ян Шыбень.
— Стой, — кажа ён.
— Чаго табе, неабазначаны ў тэалогіі? — усміхаецца П'янда.
— Азірніся!
П'янда аглядаецца. Паўсюль, з кустоў, з дрэў, з-за буралому, тырчаць нацягнутыя сялянскія лукі.
— Я Ян Шыбень… Аддай тое, што вязеш.
— Гэта толькі дзеўка.
— Добрая дзеўка даражэйшая за золата. Аддай яе і зброю.
Маўчанне.
— Бі іх, — раптам лямантуе П'янда. — За каралеву! За святую троіцу!
Варта кінулася на сялян. Замільгалі мячы. Але ў адказ заспявалі апераныя стрэлы. Пачалі падаць людзі. Утрапёная калатня цягнулася нядоўга. Вось ужо адзін П'янда стаіць перад Шыбнем.
— Ну!
— Што ж, — паціскае плячыма магнат, — часам трэба ісці на кампрамісы.
— Пакінь вазок. Вяртайся. Скажы: мы ідзем.
— Чорт, — шэпча П'янда. — Цуд, цуд аддаў.
__________
У апачывальні Агата сядзіць на ложку. Глядзіць на Рогача, які заснуў у той самай паставе і ціха стогне ў сне.
Лёгкі стук у дзверы. Яна паварочваецца да дзвярэй:
— Цішэй. Хто там?
— Гэта я, П’янда. Яе адбілі, каралева. Яны ідуць.
Рогач трохі расплюшчвае вочы. І са здзіўленнем бачыць разгублены, упершыню жывы, упершыню чалавечы твар Агаты.
— Маўчы, — шэпча яна П’яндзе. — Раніцай.
Калі яна з трывогай паварочваецца назад — яна бачыць, што вочы Рогача заплюшчаны.
__________
Раніца. З замкавай брамы выходзіць Рогач у адзенні шкаляра, са старым клункам на плячы. Стаў. Падняў вочы да неба і глыбока ўздыхнуў.
Стары сівы брамнік набліжаецца да яго.
— А каралева?
— Каралева спіць.
— Куды ж вы?
– Іду шукаць душу.
Брамнік спалохана глядзіць на яго:
— Не хадзіце. У горадзе бунт. Ходзяць панскія шайкі і народ. Я… усе мы ў замку ведаем, што вы не вінаваты. Але яны ненавідзяць вас, не ведаючы. Не хадзіце, заб’юць.
— Няхай, — гаротна адказвае Рогач, — мне ўжо няма дарогі. Я пайду думаць. — Ён накіроўваецца да плошчы. Брамнік глядзіць яму ўслед.
__________
Рогач стаіць каля плошчы і глядзіць, як на ёй віруе народ.
— Біце! Ламайце іхнія дамы! — крычыць нехта.
Мільгаюць змардаваныя твары. Цэлы лес узнятых друкоў маячыць над галовамі. Людзі ў лахманах шпурляюць з акон посуд, кубкі, парчу.
— Не браць нічога, — вырастаючы над натоўпам, крычыць Пётр. — Не брыдзіць рукі! Палі!
Скураны лапаць наступае на парчу, топча яе ў гразь.
Старая хрысціцца, у слязах гледзячы на бунт.
У акне другога паверха з’яўляецца, нахіляючыся над натоўпам, бюст Рогача. Натоўп узвыў:
— Андронік! Здраднік! Знайсці яго! Забіць!
Павольна-павольна падае бюст, павольна разлятаюцца асколкі… Яшчэ бюст… Яшчэ… Статуя… Другая… Вуліцы ў белай крышанцы.
Рогач сумна ўсміхаецца. Пабрыў вуліцай.
__________
Анфілада змрочных залаў. Бяжыць па іх маленечкая фігурка Агаты.
— Андронік! Рогач!
Калоны сплятаюцца, як лес. Змрок ляжыць у капітэлях.
— Сын! Дзе ты?
— А-а, — адбіты рэхам, гучыць недзе голас.
Читать дальше