— Гаспадыня Гальшка з Оштарпа, — кажа Пётр.
— Якія нявінныя вочы.
— Яшчэ б… Святая кабыла.
Праходзіць магнат П'янда з Чапяліна. Падміргвае Рогачу:
— Хто позна прыходзіць — косткі знаходзіць… Прывітанне, Рогач… Твая думка аб нейтроннай бомбе?
Рогач плюнуў.
Старая жанчына праходзіць паўз Рогача. На вуснах яе непрыкметна пажадлівая ўсмешка. Праходзячы, яна ўпускае хусцінку. Рогач паціскае плячыма і адварочваецца. Адразу ж некалькі маладых прыдворных кідаюцца да хусцінкі і, завалодаўшы ёю, учацвярых падносяць жанчыне.
— Хто гэта? — пытае Рогач.
— Гаспадыня Аглая з Камянца. Вельмi ў сiле пры двары. Ты прыдбаў сабе другога небяспечнага ворага.
Рогач яўна ўз'юшаны.
— Зараз я прыдбаю сабе і трэцяга.
І ён рашуча накіроўваецца да гаспадара Івана.
— Ты штурхнуў мяне. Прасі прабачэння.
— Што-о?
Зала сціхла. Гледзячы на пагардлівы твар Івана, Рогач бязгучна шэпча нейкія словы.
Гаспадар Іван заносіць над ім руку. Твар яго чырванее, ён страшны. Іван хоча крыкнуць нешта, але нечакана з яго вуснаў вырываецца няўмела хрыплае, як у маладога пеўня:
— Пі-куррр! Кекерыке!
Ашаломлены гэтым, ён пакутліва намагаецца сказаць нешта. І тут палілося:
— Куд-куд-куды-ы! Бя-я! Ме-ке-ке! Бу-у! — Ён бучыць басам, як бугай, што толькі-толькі прачнуўся. — Гаў! Гаў! І-га-га!
Усё гэта так натуральна, што ўсе прыгаломшаны, а Іван болей за ўсіх. Ён хоча спыніцца, але не можа.
— Раніца ў вёсцы, — каменціруе Рогач.
— Уся худоба ў наяўнасці, - кажа Пётр. — Шчасліўцы! Гэта, мабыць, не ў нас.
- І-га-га! — лямантуе Іван.
Не ў змозе справіцца са сваімі рукамі, ён стукае кулаком сабе па лобе. Гук выходзіць як ад удару ў аконнае шкло.
— Гарпіна, сёння на лён, — басіць ён не сваім голасам.
У зале ўзарвалася цішыня. Ураганам выбухнуў агульны рогат.
— То-та ж, — кажа Рогач, — не звязвайся са мною, пашкадуеш.
Агата глядзіць на прыўкраснага ў гневе шкаляра. Яна ўсё яшчэ злуецца, але ў голасе застаўся толькі налёт помслівасці.
— Добра.
— Ён чарадзей! — лямантуе Іван, атрымаўшы нарэшце голас.
— Ён чарадзей, а ты блазен, — кажа яму каралева. — І дурань да таго ж.
І кажа Рогачу:
— Ты нядрэнна смяшыш людзей. Цяпер ты будзеш стаяць ля дзвярэй маёй апачывальні. Ідзі, атрымай зброю.
— Гэтай зброі яму не пазычаць, — кажа дзёрзка П'янда.
— Ён будзе стаяць не ў апачывальні, а ля яе дзвярэй, — злосна кажа Агата.
— Гэта нядрэнны спосаб пазнаёміць яго з тваёй дзяржавай.
— П'янда…
— У вас быў выпадак пераканацца, што я закляты, — добразычліва кажа П'янда.
— Але, сякера зламалася аб тваю шыю. Але я магу загадаць, каб яе насталілі лепей.
— Няхай ужо, — саступае ён.
І тут заўзятыя лісліўцы кідаюцца да Рогача, бяруць яго пад пах і пачынаюць шчабятаць нешта.
__________
Ля дзвярэй залы ватажка пажоў, схаваўшыся за спінамі прыдворных, гуляе ў косці. Сярод іх паж Ольда. Ён прайграе.
— Твой апошні шанс, — кажа яму паж-завадатар.
Ольда кінуў косці. Трыумфуючы, выпраміўся.
— Пятнаццаць. Лічы, што я выйграў.
— Пачакай, — супернік меча косці і знішчальна кажа: — Шаснаццаць.
— Не можа быць. Гэта ж раз у дзесяць гадоў.
— Можа быць… Здымай нагавіцы.
— Тут?!
— Але.
— Нядобра, хлопцы.
— Нядобра не аддаваць пройгрышу.
Ольда агледзеўся. І раптам разгублены выраз знікае з яго аблічча.
— Калі вы пакінеце мне порткі, я пакажу вам тое, чаго вы ніколі не бачылі.
— Што?
— Я адразу ж пайду і паляпаю каралеву па тым месцы, дзе спіна перастае звацца спінай.
— Брэшаш.
— Хай мяне пярун шасне на божае нараджэнне.
— Добра.
Морда ў Ольды хітрая. Ён уздыхае і ідзе да каралевы, абкружанай прыдворнымі.
— Чорт бы яго ўзяў, - кажа завадатар. — Бадай што яго ўкароцяць.
__________
Ольда падыходзіць да каралевы.
— Тысячы разоў прашу вашага прабачэння, бенісіма. Няварты ўзняць вачэй.
— Што такое? — пытае яна.
Ён нагінаецца да яе і шэпча:
— Вы забралі шлейфам пабелку са сцяны. Дазвольце дакрануцца.
І ён пяшчотна стрэсвае неіснуючую пабелку.
__________
Пажы ля дзвярэй не чуюць слоў, але бачаць, як Ольда паляпвае каралеву.
Завадатар у жаху заплюшчвае вочы.
— Укароцяць, — кажа ён.
__________
Каралева ўважліва глядзіць на Ольда. Зразумела яго па-свойму.
— Дзякуй, мілы… Можаш сесці ля маіх ног.
І яна бярэ яго за падбародак.
__________
Пажы бачаць гэта, бачаць, як Ольда, трыумфуючы, сядае ля ног каралевы.
Читать дальше