— Бог мой… Ці то каралеўскі банкет, ці то загарадзь для свіней… Пойдзем адсюль, — ціха кажа яна Івану.
Сустракаецца позіркам з вачыма Ольда. Кажа яму:
— Збегай, прынясі мне амбру… Я забыла яе… Здаецца, у пакоі гаспадыні Аглаі.
Ольда, уздыхнуўшы, ідзе да дзвярэй.
— Ольда, — спыняе яго Рогач.
— Што такое? Пусці мяне хутчэй.
— Ты легкаверны…
Каля іх спыняецца П'янда.
— Рогач, — кажа ён, — памятай аб катлах… Ты яшчэ не пачаў.
Ён глядзіць у вочы Рогача страшнымі вачыма. І той апускае веі.
— Добра, — кажа ён.
— Пачні сёння ж.
— Добра, — здаецца Рогач. — Iдзi, Ольда, iдзi.
Той уходзіць.
— Каго шкадуеш? — кажа П'янда. — Яны не вартыя нават слоў. Усе.
— Што ж рабіць?
— Вучу злу.
- Іх наву-учыш, — кажа Рогач.
— Тым больш.
— Добра.
Каралева і гаспадар Іван ідуць да выхаду. У цішыні, што наступіла, заспявала музыка. Едка-пяшчотны матыў вычварна чаргуецца з удалым і роспачна-адчайным.
Снежны шрот насыпаецца ў комін.
Дзе жыццё?.. Дзе жыццё?
Напевы скрыпкі цыганскай,
Пекла страсці ўначы.
Кахайце жанчын сялянскіх,
Цалуйце вольных дзяўчын.
Хай свет гэты, злосны, панылы,
У першы буран зімой
Загіне ў халоднай магіле,
Пакінуўшы ложак мой.
Праходзячы праз Рогача, каралева з усмешкай кажа яму:
— За мной.
Рогач пакорліва ідзе следам.
І раптам, калі яны выйшлі, гучыць крык. Постаць Пятра-прадракальніка ўзнялася над оргіяй.
— У брыдоце пагразлі… Пусту быць табе, Вавілон. Пакіньце дамы! Пакіньце распусту! Нагія выходзьце на стагны прасіць у простых сэрцам даравання! Званітую вас з вуснаў сваіх.
Вельмі п'яны чалавек плача, хістаючы галавой:
— Наш грэх! Пагразлі мы ў брыдоце! Пагразлі.
__________
Рогач стаіць ля дзвярэй апачывальні. Спахмурнеў, убачыўшы Ольда, што падбягае з флаконам:
— Дзе яна? Яна знікла кудысь. Тут?
— Не, яе тут няма.
— Пусці.
— Не магу. А раптам ты прынясеш атруту.
— Ёй?! Што ты кажаш?
Ён у адчаі глядзіць на Рогача.
— Яе нідзе няма. Што рабіць?!
— Нашто адчайвацца, — кажа Рогач. — Ты знойдзеш яе яшчэ калі-небудзь.
Ольда раптам закусіў губу:
— Гаспадар таксама знік… Пусці мяне… Пусці!!!
Ён у ярасці б'е флакон аб каменні, кідаецца на вартавога. Рогач бярэ яго за руку, сціскае і кажа ўладна:
— Пакінь! Хто мае ўладу над сэрцам? Тваё гарыць толькі таму, што яно маладое і кахае. Але гэта жахліва, калі такі, як ты, прылепіцца сэрцам да такой, як яна.
Ольда вызваляе руку і ўдарае Рогача па шчацэ.
— Не смей! — крычыць ён адчаянна. — Не смей!
Рогач сціснуў яму рукі.
— Я не пушчу цябе, — чаканіць ён. — Не пушчу для цябе ж самога. Ідзі.
Ён штурхнуў Ольда да выхаду.
— Добра, — кажа той, надумаўшы нешта. — Але я не дарую табе.
Ён уходзіць і непрыкметна хаваецца пад цяжкую штору. Вусны ягоныя дрыжаць. Ён намацвае рукою кінжал ля пояса.
…А перад Рогачам з'яўляецца на сцяне твар П'янды. Вусны магната варухнуліся:
— Гэта ўжо лепей.
— Мне брыдка.
— Нічога. Варта толькі пачаць. І потым, ты дрэнна ведаеш нават школьную логіку. Пачым ведаць, магчыма, ён сродак божага промыслу? Заб'е Агату або заколецца на яе вачах, змякчыўшы яе сэрца. Га? Усё суета сует і марнасць, і што варты нейкі адзін чалавек перад грамадскасцю?
— Мне брыдка. Халодна тут.
— Будзе халодна ўсё жыццё… І прытым, калі ты не выправішся, — табе давядзецца развітацца з навуковай кар'ерай. Мы не можам дапусціць, каб навуку рухаў наперад д'ябал з тваім светапоглядам.
Усміхнуўся:
— А для цябе падшукалі ўжо нават тэму дысертацыі. Цудоўная тэма: "Велічыня аптымальнага абсалютнага ціску ў катлаагрэгаце для прапарвання грэшнікаў".
— Але, — прыгнечана кажа Рогач. — Мне страшна тут. Я скараюся непазбежнаму.
П'янда знікае, пачуўшы рып дзвярэй. З пакоя выходзяць Агата і Іван. Яна смяецца…
…Адчайныя вочы Ольда за шторай.
Адкінуўшы яе, ён кідаецца на гаспадара Івана з аголеным кінжалам:
— Апаганшчык! Нягоднік!
Рогач паспявае перахапіць яго руку.
— Пусці, - крычыць Ольда. — Пусці, д'ябал!
— Кінь кінжал, — голас Агаты страшны. — Пры мне агаліць зброю?
Рукі Ольда дрыжаць. Ён бязвольна выпускае кінжал з рукі.
Падае кінжал.
У каралевы пацёпваецца мускул над пераноссем. Паядынак вачэй паміж ёй і Ольда. Ольда апускае вочы. І тады каралева кідае яму:
— Шчанюк! Вазьмі яго, Рогач, аддай варце.
Рогач глядзіць на яе, на Ольда. Хацеў быў кінуць зброю. Але тут позірк яго падае на зласлівыя вочы гаспадара Івана, і ён вырашае.
Читать дальше