__________
Ранняя вясна. Снег растаяў. Ліловымі кашлатымі снамі ўкрыўся ўвесь спад перад лясной хатай.
Ляніва замыкаў на лужку гарбаты бык.
Рогач, седзячы на прызбе, пляце драўляную барану. Дубраўка лётае ад ракі да хаты з вёдрамі вады.
— Мыць, скрэбці, чысціць! — радасна крычыць яна.
Рогач паглядзеў на босыя ногі, што топчуць траву, усміхнуўся, пакруціў галавою.
— Вясна, — крычыць Дубраўка. — Дзякуй Богу, не трэба агню…
Рогач спахмурнеў… А з хаты далятае голас Дубраўкі. Яна спявае:
Кахалі, любілі, стаялі,
I так яно йшло i йшло,
Пакуль не паслаў за падаткам
Кароль гайдукоў на сяло.
"Карову — за вокны ў хаце,
Сто злотых — ад бараны", —
Падружку шчасліваму нашаму
З пагардай сказалі яны.
Рогач пляце, слухае. І раптам у песню ўварваўся тупат капытоў.
…Здзіўленне ў вачах Рогача.
…Ад узлесся рухаюцца да хаты чатыры коннікі. Пярэдні — у чорным сукне, астатнія — у кальчугах і з мячамі.
…Застыла ў акне Дубраўка.
— Зборшчыкі, - ціха кажа яна. — Ох, Андрэй!
Пад'ехаўшы да самай хаты, коннікі спыняюцца.
- Імем каралевы, — выгукае пярэдні. — Божы і зямны падатак!
- Іх няма ў плане, — кажа адзін з кальчужных.
— Значыць, за зямлю, — кажа пярэдні. — За лес. За ваду.
— За святло нябёс плаціць не трэба? — пытае Рогач.
— Тут тры акны, — кажа зборшчык. — Значыць, каня і двух быкоў… Тут комін — значыць, два залатых за дым.
— Гаспадар зборшчык, — кажа Рогач, — не прымушайце мяне рабiць цуды. Я iх тры месяцы не рабiў.
Зборшчык рагатнуў:
— Узяўся плаціць падатак — абавязаны тварыць цуды. Іначай як чарадзействам не ўправішся.
Адзін з кальчужных торкнуў Рогача дрэўкам дзіды.
— Ну!
— Што я вам, раджу?
— Родзіш, — кажа зборшчык. — Не расплацішся — забяром дзяцей, калі ёсць.
— Гэта што ж, як у песні аб шыпшынніку?
Не жыць ім ля роднай хаты,
Не чуць ім мужыцкіх слоў:
Расці ім ля гордых палацаў,
Уцехаю быць для паноў.
— Тая песня забаронена ўказам каралевы, — кажа зборшчык.
— А што яшчэ не забаронена?
— Плаціць.
Рогач, ускіпеўшы, адрывае ад загарадзі жэрдку:
— Дык Госпадзі благаславі!
Жэрдка акрэсліла круг у паветры. Коннікі схапіліся за мячы.
— Андрэй! — чуцен адчайдушны лямант Дубраўкі.
Але пайшла ўжо калатня. Мільгае жэрдка. Іржуць і ўстаюць свячой коні. Упаў і ўторкнуўся ў зямлю меч. Пакаціўся па зямлі коннік. Размятаўшы і аглушыўшы ўсіх, Рогач выбіў з сядла зборшчыка. Занёс жэрдку.
— Сцеражыся, мужык, — хрыпіць той. — Не гняві каралевы. Мы — пярэднія. Цівун з гайдукамі — за намі.
— Блаславі, Божа!
Рогач апусціў жэрдку, узняў зноў.
— Памятай аб пякельных катлах, — хрыпіць акрываўлены зборшчык, губляючы прытомнасць.
Рогач устаў і захістаўся, быццам яго ўдарылі ў сэрца. Плыве перад яго вачыма твар зборшчыка, твар лесавічка, рунь, засыпаная снегам, зноў лесавічок, які бязгучна кажа нейкія словы і зларадна ўсміхаецца.
Дубраўка падбягае да Рогача, з жахам глядзіць на нерухомага зборшчыка, на злоснае, зусім незнаёмае аблічча мужа.
— Катлы, — кажа ён, усміхаючыся жорсткай і халоднай усмешкай.
З пушчы далятае далёкі гук рога.
— Яны, — Дубраўка ў страшэннай трывозе прыціскаецца да Рогача. — Ён жа казаў.
— Катлы, — кажа Рогач.
— Апрытомней! — амаль крычыць яна. — Бяжы!
Рогач глядзіць на яе халоднымі, бяспамятнымі вачыма.
— Катлы.
— Уцякай жа, уцякай.
На імгненне пробліск мяккасці і дабрыні мільгнуў у ягоных вачах.
— Бяжым, — кажа ён.
На ўзлессе вывальваецца атрад коннікаў.
— Бяжы, я не паспею. Бяжы, мужанёк, — голас яе здзічэў.
Твар Рогача зноў халодны.
Коннікі прыпускаюць да хаты рыссю.
І тады Рогач, акінуўшы Дубраўку чужым позіркам, чуйдух бяжыць да лесу.
Яна зрабіла за ім крок, другі, упала на калені, пацягнулася за ім і звалілася ніц.
__________
Бяжыць лесам Рогач. Твар дзікі. Галіны хвошчуць яму ў вочы…Выбег з лесу. Стаў. На вачах павуцінне. Здымае яго пальцамі… Пайшоў дарогай… Адышоў даволі далёка і зноў спыніўся. Некалькі тактаў народнай "Балады аб шыпшынніку" ціха прагучалі ў яго вушах.
Твар Рогача такі, быццам ён імкнецца нешта ўспомніць.
— Вясна… І зноў вясна… А што было між імі? Раней — пекла, гэта вясна… А што пасля яго?.. Чыесьці добрыя вочы… Чые? Нехта прасіў пайсці… Куды пайсці?.. Да каралевы, вядома… Але дзе я мог бачыць яе і хто быў тады са мной?.. Я стаяў на кургане і трымаў зайца… Для каго?.. Прасіла ўцякаць… Повад… Для чаго повад?.. Для чаго?
Читать дальше