__________
Сякера рэзка ўпіваецца ў ствол сасны-волата.
— Тут, — кажа Рогач.
Глухая пушча. Бароды моху на дрэвах. Журчыць лясная рачулка.
Дубраўка азіраецца, трымаючы каня.
Ствалы тоўпяцца, падтрымлiваючы целамi даўнi ветрабой. Чырвоныя мухаморы стаяць у лясной вады.
Застукала па дрэве сякера. Падаюць сосны. Адна… Другая… Дзесятая…
…Дубраўка падае Рогачу коўш з бярозавікам. Той п'е, гледзячы цераз край на дзяўчыну, якая глядзіць на яго ва ўсе вочы.
— Табе хтось казаў, што ты прыгожая?
Дубраўка апусціла галаву.
…I вось ужо стаiць на палянцы прысадзiстая хата з надворнымi будоўлямi.
Рогач зноў сячэ лес.
…Сцягвае сосны ўбок.
…Дубраўка прынесла яму абед. Рогач сядзіць і есць. Яна, прысеўшы, глядзіць на яго.
— Ай, Дубраўка, — пахвальвае ён. — Добра. Шкада, халаднаватая капуста.
— Што ты. Назнарок у анучах несла. Як агонь.
— Гм… А мне здалося — ахалода.
— Ты б і агонь жывы, напэўна, глытаў.
— Агонь? — твар Рогача стаў задумлівы і асвяціўся ўсмешкай. — Я люблю агонь. Толькі яго ніколі не паляць проста так, для агню.
— Але. Я аднойчы бычыла, як палілі ерэтыкоў, - па-свойму зразумела яна.
- І ў вас?
— Ну так. Ты ж ад гэтага і ўцёк у лес?
Рогач апусціў веі.
— Я люблю агонь. Вельмі. Тут вельмі халодна, цёмна. Але я хачу, каб проста агонь, каб нікога на ім не паліць… І няхай тут халодна.
Ён паглядзеў на Дубраўку, усміхнуўся.
— Д'ябал з ім, няхай халодна… Разумееш, калі я знайшоў цябе там, у хаце, у мяне вось тут, злева, пачало калаціцца нешта.
…Быццам васьміногі, раскарачыліся ў ямах аголеныя пні. Вакол палаюць вогнішчы. І ў гэтым вогненным марыве Рогач выдзірае бервяном-падважнікам вялізны пень.
— Гэ-эх, гэх, — чувацць цяжкае дыханне.
Пень рыпіць, лезе з зямлі, раскарачваецца. Вылез, дрыжучы карэннямі, як жывы.
…Агонь. Цяжкае дыханне. Сотні пнёў, выкарчаваных з зямлі.
І вось ужо гарыць ляда: выпальваюць карчоўку пад пасеў. Палае вялізны клін высечанага.
І Рогач глядзіць на агонь такімі вачыма, што Дубраўка кажа яму:
— Я палохаюся, калі ты глядзіш у агонь.
— У агонь? Так, — ён паспрабаваў быў абняць яе, але яна адхілілася.
— Ты так добра працуеш. Калі б ты яшчэ быў добры.
— Да каго? Усё наваколле пустое.
__________
Доўгае лясное возера. Яны сядзяць на ягоным беразе. Рогач абняў Дубраўку за плечы.
— Вось я ўжо дастаў быкоў, узараў і засеяў. Пчолы завяліся ў борцях. У нас усё ёсць. А ты не дазваляеш і дакрануцца да сябе.
— Нельга невянчаным. Нельга, мілы.
Яна ўздыхнула:
— А павянчацца няма дзе. Папам тут няма чаго ўзяць.
Рогач крадкама чыніць крыж наадварот.
"Слава пеклу, — думае ён. — Іначай мяне б даканалі".
Сонца сядае ў возера. І раптам загучэў празрысты голас Дубраўкі:
Шыпшыннік і хатняя ружа
Калісьці разам раслі,
Кахалi друг друга, любiлi друг друга,
Без друга жыць не маглі.
Абняўшыся, ля агароджы
Стаялi ўсю ноч да зары,
І дзеткамі іх лічылі
Вішня і ясень стары.
Рогач перарваў песню, пацалаваўшы руку дзяўчыны.
— Не трэба, — просіць яна.
Барва дагарае на вадзе. Даляцеў аднекуль далёкі-далёкі звон.
— Кажуць, на дне глыбокіх азёр стаяць цэрквы, якія зніклі, - кажа Дубраўка. — Я б хацела пайсці ў адну такую… з табой. Там добра: не паміраюць з голаду, не забіваюць, не паляць.
Рэзкае, трохі жорсткае аблічча Рогача набліжаецца да яе аблічча.
— Я часам баюся цябе, — кажа яна. — Паслухай, гэта адтуль звон.
Рогач нахіляецца і цалуе яе.
— Што гэта? — неўразумела пытае яна, вызваліўшыся. — Сонца загарэлася? Радуга.
У яе кружыцца галава. І раптам слёзы пырснулі з яе вачэй. Разгублены Рогач абдымае яе, гладзіць косы.
— Ну, ну.
І, прыціснуўшы да сябе, кажа:
— Я зразумеў. Ты хочаш, каб я не ўхадзіў так хутка з тваёй падводнай царквы. Не сыходзіў з тваёй радугі. Так?
— Так.
— Добра. Сядзі ціха. Слухай звон.
__________
Раніца. Над нядаўняй лядою падае снег. Першыя сняжынкі. Яны яшчэ не паспелі засыпаць густую шчотку руні. Рогач стаіць каля поля, разглядае яго. Сеў на кукішкі, пяшчотна пагладзіў чырванаватую рунь.
— Кхе-кхе, — чуе ён за спіною.
Паварочваецца — на пні сядзіць дзядок-лесавічок. Успёрся на сучкаваты кій. Зялёныя, дрымучыя вочы з насмешкай глядзяць на Рогача.
— З хлебам будзем? — пытае ён.
— З хлебам.
І тады лесавічок сіпіць горлам, нахіліўшыся наперад:
— Як па-твойму, "Браняносец Пацёмкін" новае слова ў кіно ці не?
Читать дальше