— Антон, — перапыніў мае разважанні Васіль. — Уперадзе штосьці свеціцца.
Я прыгледзеўся. Уперадзе, угары, няйначай як на дрэве, мігцеў агеньчык.
— Відаць, палатка блізка. Піліп Макаравіч грэецца, — выказаў здагадку Васіль.
Я ўсміхнуўся:
— На дрэве грэецца? На дрэве агонь разлажыў?
Васіль не паспеў адказаць. Воддаль працягла грымнула, па небе вогненнаю стужкаю прабегла бліскавіца.
Няўжо навальніца пачнецца? Толькі гэтага нам не хапала.
— Васіль, грыміць. Чуеш?
— Далёка грыміць. Пакуль да нашай вёскі хмара прыплыве, нам дзесяты сон прысніцца. Крышачку засталося ісці.
Чым бліжэй падыходзілі, тым ярчэй свяціўся агеньчык. Ужо блізка зусім. Мінулі куст лазняку, сталі.
Сон ці не сон? Па ўсёй палянцы мігцяць агеньчыкі. Свецяцца, гараць без трэску, без полымя.
— Што гэта? — парушыў маўчанне Васіль.
— Што гэта? — вырвалася, як рэхам, і ў мяне.
Падобнага дзіва ніколі ў жыцці не назіраў. Безліч агеньчыкаў на палянцы, а адзін (яго, відаць, першым заўважылі) на яліне свеціцца. Вось дык ілюмінацыя!
— Мабыць, светлякі,— прамовіў Васіль.
Хм, светлякі. Вядома, страчаюцца ў лесе светлякі. Але ж хіба яны гараць так ярка? Дый вунь колькі іх. Няўжо Піліп Макаравіч з усяго лесу светлякі зносіў, нібы вуголле? Штосьці тут не так.
— Светлякі гэта ці не светлякі? — прагаварыў Васіль. — Антон, ты як думаеш?
Я пачухаў за вухам. Складаная задачка. З многімі невядомымі. Такую нялёгка рашыць.
— Чаго маўчыш? Язык адняло? — не стрымаўся Васіль.
— Гэта не светлякі.
— Відаць, не, — сказаў Васіль. — Спярша падумалася, што светлякі. Што ж гэта такое?
— А калі Піліпа Макаравіча паклікаць? — прапанаваў я. — Ен вылезе з палаткі і ўсё растлумачыць.
Васіль схапіў мяне за плячо. Ен, пэўна, падумаў, што я ў гэтую ж секунду з хуткасцю спрынтэра рвануся да палаткі.
— Не кліч! Не трэба клікаць! Не веру я гэтаму турысту. Ен праўды не скажа. У яго, мабыць, і Мураш не камп'ютэр, а жывы, сапраўдны. Вунь як мяне казытаў. Усімі лапкамі адразу. Турыст нас за нос водзіць. Самі пра ўсё даведаемся. Разгадаем ягоны сакрэт. Самі! Антон, не кліч.
— Дык што, па-твойму, свеціцца?
— Воўчыя вочы свецяцца.
Мне адразу стала смешна, а пасля, прызнаюся, дрыжыкамі праняло. Воўчыя вочы… Воўчыя…
— Васіль, — моцна прагаварыў я, стараючыся адагнаць страх, — вочы воўчыя…
— Не вочы воўчыя, а воўчыя вочы, — паправіў мяне Васіль.
— Воўчыя вочы, — кажу, — не свецяцца, а зыркаюць.
— А ты бачыў? Ведаеш, што зыркаюць?
І праўда, не бачыў. Ні разу ваўка ў цемры не бачыў. Толькі днём, у заапарку. Што ж сказаць Васілю?
— Васіль, калі б тут столькі ваўкоў сабралася, то яны з'елі б не толькі Піліпа Макаравіча, але і ягоную палатку. На нас таксама так доўга не глядзелі б. Накінуліся б і…
— Гэтыя ваўкі дрэсіраваныя, вучоныя, — не даў мне закончыць Васіль. — Іх турыст выдрэсіраваў. Загадаў, каб стаялі. Яны яго слухаюцца.
— Загадаў, як Мурашу? — скумекаў я.
— Але, як Мурашу. Павер мне.
Я і верыў, і не верыў. Бывае ж такое: адначасова і верыш, і не верыш. Канешне, Піліп Макаравіч на многае здатны. Нездарма Мураш і направа паварочваецца, і налева, слухаецца, што залатая рыбка. Але ж хіба можна загадаць не аднаму ваўку, а цэлай зграі, каб стаяла і ні з месца? Хіба магчыма, каб ваўкі вартавалі яго, як сабакі? Дый мы побач. А яны стаяць, нібы авечкі. Сабака і той не вытрываў бы, азваўся б.
— Васіль, на яліне таксама воўк? На яліну яго Піліп Макаравіч закінуў?
— Ен на ўсё здатны, — упэўнена прагаварыў Васіль.
— Але ж у таго ваўка адно вока свеціцца. Хіба другое заплюшчыў? Ці Піліп Макаравіч выбіў яго ваўку, бо воўк не хацеў на яліну лезці?
— Не смейся, — сказаў Васіль. — Тут нейкі сакрэт. Адразу не разгадаеш.
«Вух-вух», — вухнуў непадалёку гром.
— Трэба дамоў ісці,— сказаў Васіль. — Заўтра прыйдзем. Мы ўсё роўна даведаемся, што гэта за турыст. Разгадаем ягоны сакрэт.
Асцярожна, азіраючыся па баках, мы палезлі ў мокрыя ад расы кусты.
Назаўтра з самага ранку сустрэўся я з Васілём.
— Ну, як? — пытаецца ён.
— Што — як? — не зразумеў я яго.
— Бацька не аддзяжыў? Ты ж ноччу дамоў вярнуўся.
— А-а-а, вось ты пра што. Не, — кажу. — Тата толькі буркнуў. А мама дык узрадавалася. Сам разумееш. Вось-вось навальніца пачнецца, а мяне ўсё няма.
— І мае ўзрадаваліся, — пахваліўся Васіль. — Пашанцавала нам. Калі б не навальніца, то невядома, што было б.
— Васіль, ты не здагадаўся, што так у лесе свяцілася?
Читать дальше