— Уперад!
Падумалася: вось-вось з палаткі выскачыць цэлае войска, кінецца ўперад, каб схапіць нас з Васілём. Схапіць, звязаць і прымусіць спяваць пра Яся і дзяўчыну.
Прайшла секунда, другая… З палаткі ніхто і носа не высунуў. Цішыня.
Мы з Васілём затаілі дыханне.
— Кругом! Назад! — гукнуў турыст.
— Васіль, кім гэты дзівак камандуе?
— Не ведаю.
— Не намі?
— Не ведаю.
Васіль, як і я, таксама, пэўна, падумаў, што турыст заўважыў нас і крычыць, камандуе, пацяшаючыся. Разумее, што ў нас душа ў пятках. Уцякаць, ці што?
— Васіль, уцякайма.
— На яліну! — аддаў новую каманду турыст. «Бач ты, — думаю, — хоча, каб на яліну лезлі. Не, не палезем. Прымусам не палезем. Калі б па сваёй волі, то канешне. Па сваёй волі…»
— Антон, — прашаптаў Васіль, — глянь на яліну. На яліну глянь! Мураш па ствале карабкаецца.
Так, па ствале лез мураш. Праўда, не той маленькі ўвішны муравейка, які штодзень працуе, кудысьці спяшаецца, а вялізны, нібы мыш. Калі б на свае вочы не бачыў, то не паверыў бы.
Мураш, спрытна перабіраючы лапкамі, хутка-хутка карабкаўся па ствале. Мы з Васілём быццам анямелі, моўчкі пазіралі на яго.
— Кругом! Назад! — скамандаваў турыст. Мураш паслухмяна, нібыта лялька ў тэатры, якую пацягнулі за нітку, павярнуўся і папоўз назад.
Вось дзіва! Гэты вялізны мураш слухаецца, як сабачка ў цырку, што ні загадаеш, выконвае. Няўжо ён дрэсіраваны? А калі турыст яго гіпнатызуе? Можа, гэты турыст гіпнатызёр? Глупства. Сапраўднае глупства. Хіба можна загіпнатызаваць мураша? Мураш не чалавек. Толькі чалавек паддаецца гіпнозу.
Мы з Васілём не адрываючыся глядзелі на незвычайнага мураша. Цяжка сказаць, пра што думаў Васіль. А я дык быў як пад сапраўдным гіпнозам. Анічога не цяміў.
— Уперад! — пачулася новая каманда.
Мураш як вокам згледзець пабег уперад, мільгануўшы, схаваўся ў траве. А праз некалькі секунд Васіль ускочыў, залямантаваў, замахаў рукамі:
— Во-ой!.. Во-ой!.. Ен казытаецца!
Я не ведаў, што мне рабіць: ці ўцякаць, ці Васіля ратаваць. Але ад каго? Ад чаго? Да нас кінуўся турыст.
— Назад! Сеанс закончаны!
Я заўважыў каля сваіх ног мураша, падобнага на мыш. Міжволі адступіўся назад.
— Ен, ён… — тыцнуў пальцам Васіль, паказваючы на мураша. — Ен мяне казытаў. Накінуўся на мяне.
Турыст узяў Васіля за руку.
— Не бойся. Ен не накінецца на цябе.
— Н-не н-накінецца?
— Не накінецца. Супакойся. Ен не жывы.
— Але ён мяне казытаў. Залез пад сарочку і лапкамі…
Залез пад сарочку… Васілю… І казытаў… А калі б пад маю сарочку залез і стаў мяне лапкамі казытаць? Напэўна, здранцвеў бы ад страху. Бр-р-р… Нават думаць пра такое не хочацца.
Турыст падняў мураша, паклаў на далонь.
— Бачыце? Ен нават не варушыцца. Гэта механізм.
— Механізм? — шмаргануў носам Васіль.
— Але. Я яго сам зрабіў. Ён называецца супер-міні-камп'ютэр «М-1». М — значыць мураш.
— Дык ён не кусаецца? — нарэшце падаў голас і я. Турыст усміхнуўся:
— Не. Толькі казычацца, калі на сваёй дарозе што-небудзь жывое сустрэне. Называйце яго Мурашом. Ен для мяне таксама як жывы.
— Прыдумалі, каб казытаўся, — з крыўдай прагаварыў Васіль. — Лепей хай раз укусіў бы. Я козытаў не пераношу.
— Выбачайце, — сказаў незнаёмы. — Не ведаў, што вы за кустом хаваецеся. Мне захацелася патрэніраваць Мураша. Гэта незвычайны камп'ютэр. Ен рэагуе на чалавечы голас. Паварочваецца направа, налева. Яшчэ такую каманду выконвае: «Стой. Не варушыся». Стане — з месца не скранеш.
— І паслухаецца любога, хто яму загадае? — не выцерпеў я.
— Паслухаецца. Але спярша трэба навучыць яго пазнаваць голас. Як гэта зрабіць? На спіне Мураша ёсць невялікая кнопка. Націскаеш на яе, падносіш Мураша да рота і кажаш што-небудзь. Каб Мураш голас запомніў. І ўсё. Камандуй. Калі ласка.
Я ўспомніў, як турыст спяваў «Касіў Ясь канюшыну». Выходзіць, не галасавыя звязкі ён развіваў, як казаў Васіль, а стараўся, каб Мураш яго голас запомніў.
— Не страшна? — пытаецца турыст.
— Не, — пасмялеў я. — А калі Мураш перастае… Калі перастае на голас рэагаваць?
— Калі скажаш усяго два словы: «Сеанс закончаны». Вось так, хлопцы. Як вас зваць?
— Антон, — кажу.
— Васіль, — ціха-ціха прамовіў мой сябар, нібы тату паведаміў, што двойку атрымаў.
Стала шкада яго. Усё-ткі дасталося яму ад Мураша. Нават голас змяніўся. Незнаёмы, відаць, таксама заўважыў гэта, бо сказаў:
— Можаце і вы Мурашом пакамандаваць. Націсніце на кнопку, не бойцеся.
Я памкнуўся наперад, а Васіль як замахае рукамі.
Читать дальше